"Суддзя спыняла любую спробу абароны". У Баранавічах асудзілі праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка Дапоўнена
У суддзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 16 красавіка пачаўся суд над праваабаронцам "Вясны" і юрыстам Прафсаюза РЭП Аляксандрам Вайцешыкам. Яго абвінавачвалі ў "дробным хуліганстве" (арт. 17.1 КаАП) за тое, што спрабаваў трапіць на пасяджэнне агракамбіната "Сноў" у Нясвіжы і нібыта штурхнуў дружынніка.
Нагадаем, што Аляксандра Вайцешыка затрымалі ў Нясвіжы 22 лютага, калі ён спрабаваў прайсці на сход агракамбіната "Сноў" у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на сходзе вырашалі пытанне аб яго выключэнні з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружыннікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залу, не захацелі прапусціць Вайцешыка ўнутр. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы, а пасля гэтага яму стала дрэнна, і ён апынуўся на некалькі дзён у шпіталі.
Пасля выпіскі нясвіжскія міліцыянты склалі на яго пратакол за "дробнае хуліганства" - за тое, што ён нібыта штурхаў дружынніка і перашкаджаў грамадзянам праходзіць у залу на сход.
Цягам палутара месяцаў справу перанакіроўвалі з аднаго суда ў іншы. Напрыканцы сакавіка яна была вернутая ў РАУС Нясвіжскага раёна на дапрацоўку і пасля дапрацоўкі вярнулася ў Баранавіцкі суд.
Суд упарта не хоча судзіць праваабаронцу Вайцешыка. Чакаюць выхаду тэрмінаў?
У першы дзень судовае пасяджэнне цягнулася з 11 ранку да 6 вечара. Па словах Вайцешыка, палову дня суддзя апытвала "пацярпелага" дружынніка Мацкевіча, а пасля абеду было апытанне сведкаў-міліцыянтаў і юрыста агракамбінату "Сноў", якое праходзіла праз відэаканферэнцыю ў Skype. І ўсе яны казалі нібыта завучаныя фразы пра тое, што ён вінаваты.
Суддзя Юльяна Шчэрба напрацягу дня вынесла тры заўвагі Аляксандру Вайцешыку, бо той быў не згодзен з тым, што суддзя здымала яго пытанні.
"Суддзя адмовілася апытваць сведкаў з майго боку, якія таксама прысутнічалі на месцы інцыдэнту. У тым ліку адмовілася апытваць Вячаслава Сырыцу. Акрамя таго, яна не захацела далучаць да матэрыялаў справы статут Прафсаюза РЭП і маю даверанасць, згодна з якой я быў накіраваны на пасяджэнне агракамбінату. Суддзя ніякай увагі не надала відэа, якое было знята ў той дзень і на якім бачна, што ніякае "дробнае хуліганства" я не здзяйсняў. Увогуле, яна спыняла любыя мае спробы абараняцца".
17 красавіка суддзя Шчэрба вынесла рашэнне: прызнаць Вайцешыка вінаватым і аштрафаваць на 10 базавых велічынь (270 рублёў).
"Суддзя, па сутнасці, на стала ўнікаць у матэрыялы справы і разбірацца ў працэсуальных парушэннях Нясвіжскага РАУС, які вёў адміністрацыйны працэс, і вынесла рашэнне, грунтуючыся на паказаннях сведкаў-міліцыянтаў", - кажа праваабаронца.
Варта адзначыць, што яшчэ да абвяшчэння даты пасяджэння Аляксандр Вайцешык накіраваў заяву ў пракуратуру Нясвіжскага раёна, у якой апісаў усе парушэнні, дапушчаныя Нясвіжскім РАУС падчас падрыхтоўкі яго справы. І нечакана для яго пракурор Аляксандр Алісевіч пагадзіўся з яго довадамі. Пракуратура правяла праверку і па яе выніках вынесла прадстаўленне начальніку Нясвіжскага РАУС, у якім таксама ёсць пытанне аб прыцягненні вінаватых міліцыянтаў да адказнасці.
Адміністрацыйная справа Вайцешыка: пракуратура лічыць, што Нясвіжскі РАУС парушыў закон
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96