viasna on patreon

Суд упарта не хоча судзіць праваабаронцу Вайцешыка. Чакаюць выхаду тэрмінаў?

2020 2020-04-02T12:40:26+0300 2020-04-02T12:49:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vaiteshik2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Вайцешык

Аляксандр Вайцешык

Праваабаронца Аляксандр Вайцешык, якога мусяць судзіць за тое, што спрабаваў трапіць на пасяджэнне агракамбінату “Сноў”, ніяк не можа дамагчыся празрыстасці па сваё адміністрацыйнай справе. Ужо месяц яна перакідваецца ад аднаго суда да іншага, і праваабаронца мяркуе, што суды і міліцыя хочуць, каб тэрміны яе разгляду выйшлі.

У чым сутнасць справы?

22 лютага Аляксандр Вайцешык быў затрыманы ў Нясвіжы, калі прыйшоў на сход агракамбіната “Сноў” у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната пенсіянера Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на гэтым сходзе вырашалі пытанне выключэння яго з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружынікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залу, не захацелі прапусціць Вайцешыка ўнутр, хоць той і меў пры сабе даверанасць. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы.

Па дарозе ў міліцыю Вайцешыку стала кепска і яго даставілі ў шпіталь. Праз некалькі дзён, калі ён выйшаў адтуль, несвіжскія міліцыянты склалі на яго пратакол за “дробнае хуліганства”. Яго вінавацяць у тым, што ён штурхаў дружынніка і замінаў грамадзянам праходзіць у залу на сход.

“Вандроўка” справы паміж рознымі ведамствамі

Праваабаронца хадайнічаў аб тым, каб адміністрацыйная справа разглядалася не Нясвіжскім раённым судом, а Баранавіцкім – па месцы яго жыхарства і большасці сведкаў. Яго просьбу задаволілі і накіравалі справу ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Аднак Баранавіцкі суд накіраваў яе назад у Нясвіжскі раённы суд – па месцы здзяйснення правапарушэння.

Аляксандр Вайцешык абскардзіў гэтае рашэнне ў абласным судзе, бо законам прадугледжана, каб справа разглядалася па месцы жыхарства асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. У выніку аблсуд зноў накіраваў справу ў Баранавіцкі суд. Але і ў другі раз гэты пасяджэнне не адбылося. 27 сакавіка суддзя Юльяна Шчэрба прыняла рашэнне вярнуць справу Вайцешыка начальніку нясвіжская міліцыі для ліквідацыі недахопаў.

Такім чынам, адміністрацыйная справа “вандруе” паміж рознымі ведамствамі ўжо напрацягу месяца. І меней, чым праз тры тыдні выходзяць тэрміны яе разгляду.

Праваабаронца мяркуе, што суд і міліцыя наўмысна адцягваюць разгляд справы, каб выйшлі тэрміны, бо разумеюць, што ў яго дзеяннях няма складу правапарушэння. Вайцешык мае відэа моманту канфлікту, якое пацвярджае яго словы.

“Я планую ў судзе даказаць сваю невінаватасць, а затым паспрабаваць прыцягнуць да адказансці міліцыянтаў за незаконнае затрыманне. Але ж калі справа скончыцца ў сувязі з выхадам тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання (па нерэабілітуючых падставах), то міліцыянтам гэта ўсё сыдзе з рук”, – адзначае Аляксандр Вайцешык. 


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства