У Нясвіжы на выходных затрымалі праваабаронцу "Вясны" Дапоўнена
Сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” і юрыст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык на выходных быў затрыманы міліцыяй Нясвіжскага РАУС за спробу прайсці на сход у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната “Сноў” пенсіянера Вячаслава Сырыцы. Пра гэта паведаміла "Радыё Рацыя".
На гэтым сходзе вырашалі пытанне пазбаўлення Сырыцы звання ганаровага работніка агракамбіната і выключэнне з агракамбіната, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша:
"Паколькі Сырыца з’яўляецца сябрам незалежнага прафсаюза, ён хацеў правесці з сабою на гэты сход давераную асобу – юрыста прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка".
Аляксандр Вайцешык абсалютна карэктна даказваў, што мае права прысутнічаць на сходзе і паказваў даверанасць. Але і дружыннікі, і міліцыя сцяной сталі ў дзвярах залы, кажа прысутны пры гэтым актывіст Мікалай Чарнавус:
"Дружыннік сказаў, што ён штурхаў яго, цялесных пашкоджанняў няма, маўляў, прарываўся Вайцешык у залу, дзе ідзе пасяджэнне. Насамрэч паседжання яшчэ не было".
Праваабаронцу завезлі ў Нясвіжскі РАУС, але там ІЧУ было на рамонце. Тады міліцыянты хацелі адвесці Аляксандра Вайцешыка ў Слуцкі ІЧУ – за 80 кіламетраў. Але ў гэты момант праваабаронцу стала кепска, яму выклікалі хуткую і шпіталізавалі пад канвоем у шэсць чалавек. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Нясвіжскай бальніцы. На 26 лютага Аляксандра Вайцешыка выклікаюць у РАУС для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП ("Дробнае хуліганства").
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96