На праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка склалі пратакол за дробнае хуліганства
На праваабаронцу “Вясны” і юрыста Прафсаюза РЭП з Баранавічаў склалі пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Яго абвінавачваюць у тым, што ён спрабаваў трапіць у актавую залу акгракамбіната “Сноў” у Нясвіжы без “запрашальнага мандата”. Акрамя таго, ён нібыта штурхаў дружынніка, які стаяў каля дзвярэй, і замінаў грамадзянам праходзіць у залу на сход.
Дата судовага пасяджэння пакуль не прызначана.
Нагадаем, што ў суботу 22 лютага Аляксандр Вайцешык быў затрыманы ў Нясвіжы, калі прыйшоў на сход агракамбіната “Сноў” у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната пенсіянера Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на гэтым сходзе вырашалі пытанне выключэння яго з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружынікі і міліцыя не захацелі прапусціць Вайцешыка ў залу, хоць той і меў пры сабе даверанасць. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы.
Аляксандра Вайцешыка павезлі ў Нясвіжскі РАУС, але аказалася, што ізалятар часовага ўтрымання там на рамонце. Тады міліцыянты хацелі адвесці затрыманага ў Слуцкі ІЧУ – за 80 кіламетраў. Але ў гэты момант праваабаронцу стала кепска, яму выклікалі хуткую і шпіталізавалі пад канвоем у шэсць чалавек. Са шпіталя Вайцешыка выпісалі 25 лютага. Пасля гэтага ён наведаў міліцыю, дзе яго апыталі наконт інцыдэнту.
У Нясвіжы на выходных затрымалі праваабаронцу "Вясны"
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96