viasna on patreon

Затрыманні, вобшукі, агляд дома праваабаронцы. Хроніка пераследу 17 снежня Дапоўнена

2020 2020-12-17T21:05:00+0300 2020-12-18T12:14:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silaviki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 снежня "Вясна" працягвае фіксаваць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, выклікі ў міліцыю, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Маладзечне сёння ўначы быў затрыманы 19-гадовы Аляксей Крэнць. Супрацоўнікі міліцыі забралі з дому яго і кампутар. Пазней стала вядома, што хлопцу інкрымінуюць артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Гэтай жа ноччу ў Ляхавічах быў затрыманы Арцём Дземід, яго даставілі ў мясцовае РАУС.

Таксама ў Маладзечне супрацоўнікі міліцыі правялі агляд дома праваабаронцы "Вясны" Аляксандра Капуцкага. Ён быў звязаны з затрыманнем праваабаронцы 10 снежня пры раздачы на вуліцы горада Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на Аляксандра Капуцкага тады не складалі, забралі 35 асобнікаў Дэкларацыі і адпусцілі. Цяпер у пастанове на агляд пазначана:

"Ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што ў жыллі ці іншым законным валоданні Капуцкага можа быць выяўлена незаконна вырабленая друкаваная прадукцыя, іншыя прадметы і дакументы, за захоўванне і распаўсюд якіх прадугледжана адміністрацыйная адказнасць".

Санкцыю на агляд дома праваабаронцы даў пракурор В. Дубоўскі. У выніку агляду нічога незаконнага выяўлена не было, нічога не забралі.

Як паведамляе "Радыё Свабода", сябраў Каардынацыйнай рады выклікаюць на допыт у якасці сведак па справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу. Паводле прэсавай службы Каардынацыйнай рады, на 17 снежня выклікалі сябра асноўнага складу рады Міхаіла Кірылюка, на 18 снежня — Паўла Белавуса.

Па інфармацыі "Белсата", у Бабруйску па стане на 19:00 праходзіць ператрус у мясцовага актывіста Эдуарда Грынявецкага. Яго і бабруйскага блогера Уладзіміра Усера абвінавачваюць у пагрозах супрацоўнікам міліцыі. Інцыдэнт нібыта адбыўся яшчэ ў чэрвені падчас судоў над затрыманымі на акцыі салідарнасці пасля арышту Віктара Бабарыкі. Сёння цягам дня крымінальны вышук прыязджаў да некалькіх бабруйчан, якія таксама тады прысутнічалі на судах, і апытваў іх пра Грынявецкага і Усера.

Сёння ў 14:00 каля свайго дома ў Полацку быў затрыманы старшыня КРК Свабоднага прафсаюза Беларускага Віктар Стукаў. Падставай стаў нібыта няправільны пераход вуліцы. Праз 3 гадзіны ў міліцыі сказалі, што яго не адпусцяць.

Віктар з'яўляецца таксама старшынёй першаснай арганізацыі работнікаў ААТ «Полацк-Шкловалакно» СПБ. Пяршоўка ў апошні год падвяргаецца масіраванаму пераследу з боку адміністрацыі прадпрыемства і мясцовага райвыканкама. Дырэктар прадпрыемства пазбавіў першасную арганізацыю арандаванага памяшкання. Полацкі міжраённы аддзел прымусовага выканання наклаў арышт на рахунак прафсаюза на буйную суму. 13 кастрычніка выканкам незаконна пазбавіў пяршоўку рэгістрацыі. Таму ў прафсаюзе лічаць, што і сёняшняе затрыманне Віктара Стукава з'яўляецца чарговым фактам пераследу ўсёй арганізацыі.

Палітычны пераслед у Беларусі 15 і 16 снежня

15 і 16 снежня "Вясна" працягвае фіксаваць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, выклікі ў міліцыю, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства