Затрыманні пятага лістапада ў Беларусі Дапоўнена
У чацвер пятага лістапада на Маршы людзей з інваліднасцю адбыліся затрыманні. Праваабаронцы "Вясны" кожны дзень збіраюць факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску па палітычных матывах.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У кветкавай краме каля ГУМу ў Мінску, дзе праходзіў Марш, была затрыманая журналістка Наста Захарэвіч. Раней яна правяла за кратамі сем дзён. Прычына цяперашняга затрымання невядомая.
«Стаяла проста каля праспекту, АМАПаўцы кінуліся за ёй. Яна ў кветкавую краму. Там яе і затрымалі», — кажа сведка "Радыё Свабода".
У 16:00 на Маршы на Кастрычніцкай плошчы былі затрыманыя тры дзяўчыны, якія суправаджалі ўдзельнікаў. Сілавікі пасадзілі іх у бус. Іх прозвішчы высвятляюцца.
Таксама па інфармацыі БАЖ на Маршы быў затрыманы Ілля Дабратвор, які працаваў там у якасці журналіста. Цяпер яго тэлефон недасяжны.
"Вясне" паведамілі, што днём у Мінску знік участковы педыятр Дзмітрый Палій.
Увечары дачка актывісткі Ніны Багінскай паведаміла "Вясне", што ў кватэру, дзе жыве Ніна, уварваўся АМАП.
Як даведалася "Радыё Свабода", каля 19-й гадзіны ў кватэру Ніны Багінскай уварваліся людзі без апазнавальных знакаў і заявілі, што павінны правесьці там следчы экспэрымэнт і што справа ьвязаная з унучкай Багінскай, якая жыве разам з ёю. Суседзі расказалі, што Багінская выклікала на невядомых людзей міліцыю. Неўзабаве пасля міліцыі ў кватэру падняліся каля 10 людзей у чорным. Адзін з міліцыянтаў заявіў, што Багінская ўдарыла яго табурэткай. Па словах суседзяў, у пад’ездзе чуваць сварку ў кватэры Багінскай. Неўзабаве туды мае прыехаць дачка Ніны.
Да дому актывісткі сталі падыходзіць неабыякавыя людзі. Паведамляецца, што АМАП затрымаў каля 10 чалавек у двары каля яе дома. Каля 21.00 вобшук у кватэры Ніны Багінскай скончаны. Нічога з кватэры не забралі. Вобшук праходзіў у межах крымінальнай справы, па якой праходзіць унучка Ніны.
Увечары стала вядома пра затрыманне вакаліста гурта "Мутнаевока" Яўгена Змушкі. Ён затрыманы пасля канцэрту ў дварах на вуліцы Райніса. Паведамляецца, што таксама затрымалі хлопца і дзяўчыну, якія праводзілі яго.
Таксама ўвечары былі затрыманы Чэрнік Анастасія і Аляксандр, Кацько Максім, Арцішэўскі Максім, Ровіна Кацярына, Чыкава Кацярына, Чхарцішвілі Кацярына (валанцёрка "Вясны"), Пілатовіч Ілля, Кулікоў Юрый (затрыманы ў Валер'янава), Басенка Дзмітрый, Вербановіч Людзміла, Дзямідчык Анастасія.
Паведамляецца, што пятага лістапала ў Салігорску быў затрыманы Іван Андрушойць.
Таксама адбыліся затрыманні ў Гродне. Сярод затрыманых - Юрый Турко і Ігар Чудзілоўскі.
Інфармацыя дапаўняецца і дапаўняецца.