viasna on patreon

Валанцёра "Вясны" падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў

2020 2020-09-01T14:35:59+0300 2020-09-01T14:36:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/garbuz_829.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На валанцёра Валанцёрскай службы "Вясны" Паўла Гарбуза распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі). Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 9-12 жніўня ў Мінску. На дадзены момант Павел затрыманы і знаходзіцца ў статусе падазраванага ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Павел і Марына Гарбуз з дачкой. Фота: spring96.org
Павел і Марына Гарбуз з дачкой. Фота: spring96.org

Павел валанцёрыў у "Вясне", дапамагаючы пацярпелым падчас рэпрэсій і мірных акцыях пратэсту. Ён перадаваў перадачы палітвязням, у апошні час дапамагаў добраахвотніцкаму лагера на Акрэсціна і Жодзіна.

Як валанцёры перадаюць перадачы палітвязням на "Валадарку". Рэпартаж

Мы паглядзелі, як валанцёры Валанцёрскай службы "Вясны" перадаюць перадачы палітвязням на "Валадарку". Чаму важна падтрымліваць палітвязняў перадачамі, як валанцёры выбіраюць прадукты, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца — чытайце ў нашым рэпартажы.

Паўла затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК у панядзелак, 31 жніўня, каля 12 гадзін каля яго дома, калі ён выносіў смецце.

"Паша пайшоў выкідваць смецце. Пасля гэтага павінен быў ехаць на офіс БАЖ дапамагаць як валанцёр.

Я затрымалася дома, бо апранала дачку, і мы дамовіліся, што сустрэнемся з ім каля пад'езда. Адразу яшчэ хацелі схадзіць на пошту, каб адправіць лісты рабятам [заўв. – палітзняволеным].

Паша пайшоў, і амаль адразу мы выйшлі, але ўжо нікога не было. Я падумала, што, напэўна, ён сустрэў кагосьці і вырашыў пад'ехаць да офіса. 

Мы з дачкой схадзілі на пошту, потым зайшлі ў фотадрук, дзе раздрукавалі фота пабояў, якія былі зробленыя на Акрэсціна, і надпіс «не забудзем, не даруем". Дарэчы, падчас ператрусу ў мяне забралі", – распавядае яго жонка Паўла Марына.

Са слоў Марыны, каля 13:20, калі яна вярнулася дадому, да іх прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа з ператрусам:

"Мы прыйшлі і я пачала распранаць малышку. Калі патэлефанавалі ў дзверы, праз вочка я ўбачыла там мужчыну. Я сказала, каб ён пачакаў адну хвіліну, бо заплакала дачка. Але ў гэты час падбег сямігадовы сын і пачаў адчыняць дзверы. І замест аднаго мужчыны з'явілася ўжо шэсць. Усе былі ў масках.

Двое паказалі нейкія чырвоныя пасведчанні. Сказалі, што яны з ГУБАЗіКа і мой муж затрыманы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю беспарадкаў з 9 па 12 жніўня. Сказалі, што цяпер ён дае паказанні ў Следчым камітэце, а ў іх пастанова на ператрус кватэры".

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа таксама паведамілі Марыне, што яе мужа затрымалі каля смеццевых бакаў. Пры ператрусе прысутнічалі дзве панятыя – выпадковыя дзяўчыны, якія выйшлі з крамы.

"Мне адразу прапанавалі аддаць добраахвотна ўсё, што муж выкарыстаў для арганізацыі масавых беспарадкаў: колючае, рэжучае і г. д., але ў нас нічога такога не было і няма".

Падчас ператрусу ў кватэры Паўла канфіскавалі ўсю тэхніку: два ноўтбукі, планшэт, старыя тэлефоны, усе флэшкі, знешні жорсткі дыск. Акрамя таго, забралі налепкі з Пагоняй, белую стужку, усе лісты палітвязняў: Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Казлова «Шэрага ката», Дзмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Фурманава.

"Таксама забралі пнеўматычны пісталет, ён у нас захоўваецца каля сямі гадоў. Муж раней працаваў дальнабойнікам, ён заўсёды ляжаў у машыне, але ні разу не выкарыстоўваўся. У нас усе дакументы ёсць на яго.

У канцы мне далі сфатаграфаваць вопіс таго, што забралі і сказалі нікуды гэта не даваць, ні ў якую «Вясну».

Вопіс канфіскаваных рэчаў
Вопіс канфіскаваных рэчаў

У цэлым, паводзілі сябе ветліва, спрабавалі гуляцца з дачкой, корчылі мордачкі ёй часам. Але, фраза "Да хуткай сустрэчы, Марына Мікалаеўна" пакінула дваякае пачуццё. Няўжо і за мной прыйдуць?"

Па словах Марыны, Павел цяпер трымаецца, моцны духам, але трохі разгублены, бо гэта яго першая сустрэча за жыццё з міліцыяй. Затрымлівалі яго "тварам у зямлю", таму ў яго ёсць раны на твары і руках. Павел цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Папярэдне, ён затрыманы на 72 гадзіны.

Валанцёр: Трэба ўстаць з канапы і нешта зрабіць

«Новы Час» пагаварыў з сям’ёй, якая з маленькім дзіцём на руках дапамагае валанцёрам збіраць перадачкі ў СІЗА палітвязням, піша ім лісты і дапамагае родным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства