viasna on patreon

Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі вызваліць журналістку і праваабаронцу Марыну Кастылянчанка

2020 2020-11-04T13:33:20+0300 2020-11-04T15:02:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marynka_903.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders заклікала ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць незалежную журналістку і праваабаронцу "Вясны" Марыну Кастылянчанка, а таксама зняць усе абвінавачванні, выдвінутыя ў дачыненні да яе і затрыманага ў судзе валанцёра "Вясны" Аляксандра Паплаўскага, паколькі яны выкліканыя выключна іх законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю. 

Марына Кастылянчанка – незалежная журналістка і праваабаронца Праваабарончага цэнтра "Вясна". Яна збірае інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, падчас пратэстаў пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, і працуе над публікацыямі для сайта ПЦ "Вясна".

2 лістапада 2020 года праваабаронцу Марыну Кастылянчанка асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства і непадпарадкаванне службовай асобе. Трыма днямі раней праваабаронцу затрымалі ў кавярні разам з сямю іншымі людзьмі.

30 кастрычніка 2020 года Марыну Кастылянчанка затрымалі разам з сямю іншымі людзьмі ў кафэ ў Мінску. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), якія былі ў грамадзянскай вопратцы і масках. Раней у той жа дзень Марына Кастылянчанка разам з семярымі іншымі людзьмі паехала да Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна сустракаць іх сябра Аляксандра Бялова, які быў вызвалены пасля 15 сутак адміністрацыйнага зняволення. Падчас судовага паседжання, якое прайшло 2 лістапада, некаторыя з затрыманых распавялі, як супрацоўнікі ГУБАЗіК ужылі гвалт і слёзатачывы газ падчас затрымання.

Валанцёр ПЦ "Вясна" Аляксандр Паплаўскі быў затрыманы падчас таго, як ён праводзіў маніторынг судовых працэсаў па справах затрыманых. На яго быў складзены пратакол аб дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП) за адмову пакінуць залу судовага паседжання па распараджэнні суддзі падчас перапынку ў судовым пасяджэнні. Аляксандр Паплаўскі быў затрыманы да разгляду справы судом і правёў выходныя пад вартай у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама. 2 лістапада суд Маскоўскага раёна Мінска перанёс разгляд яго справы на 17 лістапада, і Аляксандр Паплаўскі быў вызвалены.

На сябраў ПЦ "Вясна" з пачатку траўня 2020 года аказваўся ціск, многія рэгіянальныя прадстаўнікі арганізацыі былі адвольна затрыманыя і падвергнутыя судоваму пераследу, у тым ліку адміністрацыйным арыштам. Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная адміністрацыйным арыштам Марыны Кастылянчанка і затрыманнем Аляксандра Папалаўскага. Гэтыя падзеі рушылі ўслед за цэлым шэрагам выпадкаў выкарыстання рэпрэсій і судовага пераследу ў дачыненні да праваабаронцаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, уключаючы справу праваабаронцы і каардынатаркі ПЦ «Вясна» Марфы Рабковай і экаабаронцаў Ірыны Сухій і Марыны Дубінай. Front Line Defenders выказвае занепакоенасць тым, што гэтыя дзеянні могуць аказаць стрымальны эфект на прасоўванне і абарону правоў чалавека ў Беларусі, а таксама могуць неспрыяльна ўздзейнічаць на стварэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім праваабаронцы могуць выконваць сваю працу.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  1. Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння неадкладнага і безумоўнага вызвалення Марыны Кастылянчанка і прадастаўлення ёй гарантый фізічнай і псіхалагічнай бяспекі і недатыкальнасці;
  2. Неадкладна зняць усе абвінавачванні, выдвінутыя ў дачыненні да Марыны Кастылянчанка і Аляксандра Паплаўскага, паколькі яны выкліканыя выключна іх законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю;
  3. Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Арганізацыя Front Line Defenders была заснаваная ў Дубліне ў 2001 годзе з мэтай абароны праваабаронцаў — людзей, якія знаходзяцца ў небяспецы, займаюцца негвалтоўнай дзейнасцю па абароне ўсіх правоў, абвешчаных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Праца Front Line Defenders накіравана на задавальненне патрэбаў у абароне, пазначаных самімі праваабаронцамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства