Праваабаронцу "Вясны" Алеся Дзергачова пратрымалі за кратамі 72 гадзіны
Затрыманага смаргонскага праваабаронцу Алеся Дзергачова пратрымалі 72 гадзіны за кратамі ізалятара. Яго выпусцілі ўвечары 17 лістапада.
Па інфармацыі "Гарадзенскай вясны", на Алеся Дзергачова складзены пратакол за знаходжанне ў горадзе Смаргонь 8 лістапада сярод людзей з паветранымі шарыкамі. Пратакол паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП.
Начальнік смаргонскага ізалятара паведаміў Дзергачову, што яго справу не разглядалі ў панядзелак, таму што ведаюць, што ён заўсёды патрабуе весці адмінпрацэс на беларускай мове, а суд да гэтага не падрыхтаваны. Алесь Дзергачоў адзначае, што звычайна яго справы перадаюцца суддзю Дзмітрыю Дамараду, які адзіны ў Смаргоні можа весці працэс па-беларуску. Але гэты суддзя, відаць, быў заняты.
Цяпер Алесь Дзергачоў чакае позвы ў суд.