Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2017
Высновы:
- на працягу жніўня ўлады ў цэлым працягвалі палітыку рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі;
- 2 жніўня супрацоўнікамі ДФР былі праведзены ператрусы ў памяшканнях незалежнага прафсаюза РЭП у г. Менску і Беларускага незалежнага прафсаюза ў г. Салігорску. У якасці падазраваных па крымінальнай справе, распачатай па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), былі затрыманыя лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік. Пазней Г. Фядыніч быў вызвалены, а І. Комлік узяты пад варту. 10 і 11 жніўня абодвум было прад'яўленае афіцыйнае абвінавачванне;
- прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый выступілі з заявамі аб неадкладным спыненні ціску на незалежныя прафсаюзы і зняцці ўсіх абвінавачванняў з іх лідараў. І. Комлік быў прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ў якасці палітвязня з патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення;
- у месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца М. Жамчужны і Дз. Паліенка, раней прызнаныя ў якасці палітвязняў беларускімі праваабарончым арганізацыямі. 22 жніўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай аб прызнанні Дз. Паліенкі вязнем сумлення і патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення;
- крымінальная справа, распачатая вясной гэтага года ў дачыненні да шаснаццаці грамадзянаў па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармаваньня), таксама не спыненая, і па ёй вядуцца следчыя мерапрыемствы;
- на працягу месяца назіраліся выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку і ў выглядзе арыштаў, у сувязі з рэалізацыяй імі гарантаваных правоў на мірныя сходы і выказванне меркаванняў;
- таксама пачасціліся выпадкі ціску на незалежных журналістаў у сувязі з ажыццяўленнем імі сваёй прафесійнай дзейнасці;
- хваля пазачарговых пераатэстацый, распачатая Міністэрствам юстыцыі ў дачыненні да шэрагу адвакатаў, таксама выклікае асаблівую занепакоенасць беларускай праваабарончай супольнасці.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
2 жніўня ў памяшканні менскага офіса незалежнага прафсаюза РЭП і ў цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў г. Салігорску прайшлі ператрусы, якія былі праведзены Дэпартаментам фінансавых расследаванняў у адпаведнасці з санкцыяй пракурора ў межах распачатай крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
У якасці падазраваных органамі ДФР былі затрыманыя лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік. У гэты ж дзень Генадзь Фядыніч быў вызвалены, а Ігар Комлік застаўся пад вартай.
10 жніўня супраць Ігара Комліка была распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. І. Комлік быў пераведзены ў СІЗА № 1 у г. Менску. 11 жніўня аналагічнае абвінавачанне было прад'яўленае Г. Фядынічу і супраць яго абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
3 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем і звязваюць пераслед прафсаюзных лідараў з іх актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыі.
Затрыманне лідараў незалежных беларускіх прафсаюзаў выклікала істотны міжнародны рэзананс. У падтрымку прафсаюзных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Гэтак жа, з заявай выступіла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), якая таксама заклікала беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафсаюзных арганізацый за іх мірную дзейнасць. З заявай з патрабаваннем зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча выступіла вядомая шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders.
У месцах пазбаўлення волі таксама працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, якія былі прызнаныя палітычнымі вязнямі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі.
22 жніўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай аб прызнанні Дзмітрыя Паліенкі вязнем сумлення і запатрабавла яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
Між тым, ПЦ "Вясна" стала вядома пра ціск у дачыненні палітвязняў М. Жамчужнага і Д. Паліенкі ў месцах пазбаўлення волі.
Крымінальная справа, распачатая вясной гэтага года ў дачыненні да шаснаццаці грамадзянаў па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармаваньня) таксама не спыненая, і па ёй вядуцца следчыя мерапрыемствы.
Ціск на праваабаронцаў
Юрысту Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксею Лойку Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта адмовіў у распачынанні крымінальнай справы па факце ягонага збіцця падчас налёту на офіс арганізацыі 25 сакавіка гэтага года.
З адказу Следчага камітэта, атрыманага А. Лойкам, вынікае, што напад АМАПу на офіс ПЦ "Вясна" і наступныя затрымання ўсіх праваабаронцаў, якія знаходзіліся там 25 сакавіка гэтага года, было цалкам ініцыяванае органамі КДБ і праходзіла па асабістым указанні кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкама.
Варта нагадаць, што ў выніку затрыманняў АМАПам прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый на офісе ПЦ "Вясна" было сарванае правядзенне грамадскага назірання за мірнай дэманстрацыяй пратэсту 25 сакавіка 2017 года ў г. Менску.
Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў
Рэалізацыя права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў па-ранейшаму выклікае рэпрэсіі з боку ўладаў.
1 жніўня суд Першамайскага раёна г. Менска разгледзеў справу Леаніда Кулакова за ўдзел у пікеце, які адбыўся 7 ліпеня. За ўдзел у гэтым жа пікеце яшчэ 27 ліпеня была асуджаная Вольга Нікалайчык. Абаіх актывістаў пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (690 рублёў).
2 жніўня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да непаўналетняй М. У выніку, камісія па справах непаўналетніх вынесла ёй папярэджанне. Узначальваў камісію намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч. Пасяджэнню камісіі папярэднічаў ціск на непаўнагадовую і пагрозы з боку супрацоўніка Маскоўскага РУУС г. Менска Андрэя Менца, у выніку чаго пагоршыўся стан здароўя М.
Суд Цэнтральнага раёна г. Менска вынес пастанову аб пакаранні адміністрацыйным арыштам каардынатара БХД па Менскай вобласці Паўла Пракаповіча. Пракаповіча абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту, якая адбылася 7 ліпеня ў Менску. У той дзень каля паўтара дзесятка актывістаў апазіцыі вышлі на Кастрычніцкую плошчу на акцыю супраць сумесных з Расіяй вучэнняў «Захад-2017» і ваеннага саюза з РФ, а таксама ў падтрымку беларусаў, якія пацярпелі па палітычных матывах. Суддзя Цэнтральнага раёна Іван Касцян вынес пастанову аб пакаранні актывіста арыштам на 10 сутак па артыкуле 23.34 КаАП.
Леаніда Кулакова і Вольгу Нікалайчык суд таксама пакараў арыштам за ўдзел у акцыі салідарнасці з фігурантамі крымінальнай «справы патрыётаў».
4 жніўня ў 10.00 суд Ленінскага раёна г. Менска разгледзеў адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на працягу года) у дачыненні да Марыны Адамовіч. Суд не ўлічыў довадаў актывісткі і падвергнуў яе штрафу ў 40 базавых велічынь.
9 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Менска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 3 ліпеня. Суддзя вынесла пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак; выконваць пастанову неадкладна міліцыя не стала.
Тады ж стала вядома, што яшчэ 5 ліпеня суддзя Наталля Драчова з суда Савецкага раёна г. Менска асудзіла Мікалая Статкевіча да штрафу ў 50 базавых велічынь за паўторны ўдзел у мітынгу на Вайсковых могілках (ч. 3 арт. 23.34 КаАП), які праходзіў 8 траўня.
Апазіцыйны палітык быў арыштаваны апоўдні 26 жніўня і дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама. Яго жонцы Марыне Адамовіч не ўдалося дакладна высветліць падставы для арышту. Меркавалася, што палітыка затрымалі для адбыцьця 15-сутачнага арышту па пастанове ад 9 жніўня. Аднак аказалася, што ён быў арыштаваны на пяць сутак за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе 30 сакавіка. Пастанова аб адміністрацыйным арышце была вынесена 15 траўня і ўступіла ў сілу 23 траўня. Пры гэтым, Мікалаю Статкевічу ніхто не паведамляў ні аб пачатку адміністрацыйнага працэсу, ні пра пастанову суда. Пастанова абскарджана.
28 жніўня ў Менску быў затрыманы актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. Такім чынам, пачалі выконвацца пастановы, вынесеныя ў канцы ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна ў дачыненні да грамадскіх актывістаў, якія 22 чэрвеня выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы каб выказаць салідарнасць з фігурантамі справы «Белага легіёну». Удзельнікаў пікету тады не затрымлівалі, аднак міліцыянты здымалі іх на відэа.
7 жніўня ў судзе Заводскага раёна разгледзелі справы Дзмітрыя Навуменкі і Івана Лісаўца, якія былі затрыманыя 5 жніўня пасля канцэрта "Крамбамбулі" за тое, што падчас канцэрту разгарнулі бел-чырвона белы сцяг, рэалізаваўшы свабоду выказвання меркаванняў. На падставе ілжывых паказанняў супрацоўнікаў МУС іх за дробнае хуліганства ("у нецвярозым стане лаяўся матам, чапляўся да грамадзян, на заўвагі не рэагаваў») суддзя, палічыўшы віну даказанай, падвергла штрафу ў 10 базавых велічынь кожнага.
Разам з тым, немагчыма правесці мірныя сходы па правілах, устаноўленых дзяржавай. Так, сябры прафсаюза РЭП з Магілёва Аляксей Яўгенаў і Аляксандр Хамратаў збіраліся 24 жніўня правесці пікеты салідарнасці з калегамі, якіх улады абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Для правядзення пікетаў яны выбралі два месцы: на дазволеным для масавых мерапрыемстваў былым стадыёне «Хімік», другое — у цэнтры Магілёва недалёка ад гарвыканкама. Як заявіў Аляксей Яўгенаў, правесці пікеты па законе няма магчымасці. Для правядзення пікету на былым стадыёне спатрэбіліся дамовы на абслугоўванне з камунальнымі службамі і “хуткай”, якія тыя не пагадзіліся заключаць без згоды выканкама. Што тычыцца акцыі ў цэнтры горада, то ўлады ў чарговы раз спаслаліся на тое, што ў абласным цэнтры ёсць толькі адно дазволенае месца для масавых мерапрыемстваў.
Калінкавіцкія ўлады адмовілі актывісту прафсаюза РЭП Дзянісу Рабянку ў правядзенні пікету ў цэнтры горада. Ён хацеў выказаць салідарнасць з Генадзем Фядынічам і палітвязнем Ігарам Комлікам, якія трапілі пад крымінальны пераслед.
Жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне
Пракуратура разгледзела зварот жыхара Фаніпаля Сяргея Ткачэнкі, у якім ён хадайнічаў аб адмене пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нанясення яму цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі РАУС пры затрыманні 9 траўня 2017 года. Пракурор Дзяржынскага раёна Эдуард Свентухоўскі прыйшоў да высновы, што папярэдняя праверка была праведзеная няпоўна, у сувязі з чым ён адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а матэрыялы праверкі з пісьмовымі ўказаннямі накіраваў начальніку Дзяржынскага раённага аддзела Следчага камітэта для арганізацыі дадатковай праверкі.
Чарговую скаргу ў пракуратуру на пастанову следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы накіраваў з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" менскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада. Больш за год цягнецца разбіральніцтва па яго незаконнаму зьбіццю пры жорсткім затрыманні, якое адбылося ў яго кватэры раніцай 4 жніўня 2016 года.
Жанна і Ірына Пцічкіны так і не атрымалі грошай, прысуджаных ім у пакрыццё матэрыяльнай і маральнай шкоды, выкліканай гібеллю ў СІЗА іх сына і брата Ігара Пцічкіна. Спачатку МУС палічыла, што, па-першае, сума завышаная, па-другое, яе павінна аплачваць Міністэрства фінансаў і, зыходзячы з гэтага, міліцэйскае ведамства звярнулася з касацыйнай скаргай у Менскі гарадскі суд. Касацыйную скаргу Менгарсуд разгледзеў 25 траўня, пакінуўшы рашэнне суда першай інстанцыі практычна без зменаў. Судовае рашэнне ўступіла ў сілу 25 траўня, аднак да гэтага часу маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампенсацыі. МУС спасылалася на незразумелае ім вызначэнне крыніцы выплаты грошай. 22 жніўня рашэнне суда Заводскага раёна г. Менска суддзёй было растлумачана такім чынам, што ў Пцічкіных з'явілася надзея на атрыманне кампенсацыі шкоды.
Ціск на журналістаў
У жніўні адзначаная новая хваля рэпрэсій у дачыненні да незалежных журналістаў.
24 жніўня Лідскі раённы суд аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (420 рублёў) журналіста тэлеканала «Белсат» Станіслава Івашкевіча; пра гэта паведаміла служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Падставай для адміністратыўнага пераследу стаў зроблены журналістам сюжэт.
25 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Менска разглядаліся справы па арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) у дачыненні да Алеся Сіліча, Марыі Арцыбашавай, Сяргея Кавалёва і Кацярыны Андрэевай — беларускіх журналістаў, чые матэрыялы з'яўляюцца на тэлеканале «Белсат». Іх абвінавачвалі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ і працы без акрэдытацыі. У выніку, суддзя Касцян прыняў рашэнне пакараць Сяргея Кавалёва і Кацярыну Андрэеву штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1 150 рублёў) кожны. Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча суд пакараў штрафам у памеры 35 базавых велічынь (805 рублёў) кожнага.