Civil Rights Defenders: Беларусь мусіць зняць абвінавачванні з Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча
Шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders глыбока занепакоеная нядаўнімі дзеяннямі беларускіх уладаў і асуджае пераслед двух праваабаронцаў — старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.
Civil Rights Defenders заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Ігара Комліка і зняць усе абвінавачванні супраць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча.
2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрусы ў офісах і дамах некалькіх лідараў прафсаюза РЭП. Былі канфіскаваныя фінансавыя дакументы і камп'ютары.
Падчас ператрусу былі затрыманыя Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, і, паводле афіцыйнай інфармацыі, прадстаўленай Камітэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, супраць іх была распачатая крымінальная справа. Абодва абвінавачваюцца па артыкуле 243, частцы 2, КК РБ за ўхіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры, і ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Генадзь Фядыніч быў вызвалены ў той жа дзень пасля допыту, у той час як Ігар Комлік застаецца пад вартай. Паводле беларускіх праваабарончых арганізацый, улады запалохваюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці за іх удзел у акцыях пратэсту супраць Дэкрэта № 3 “Аб прадухiленнi сацыяльнага ўтрыманства”. Вядома, што РЭП сабраў больш за 45 000 подпісаў супраць Дэкрэта і аказваў людзям юрыдычную дапамогу.
Civil Rights Defenders нагадваюць пра справу старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, які быў асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці непасрэдна ў выніку яго законнай дзейнасці ў абарону правоў чалавека ў Беларусі. У 2013 годзе Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях прыйшла да высновы, што яго затрыманне было адвольным і што Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.
“Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай шэрагу міжнародных канвенцый па правах чалавека, але на практыцы выключна рэдка выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці па-ранейшаму сутыкаюцца з абмежаваннем сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў. Рэжым працягвае душыць крытычныя галасы ў краіне шляхам пераследу, запалохванняў і затрыманняў. Гэта непрымальна. Беларусь павінна неадкладна вызваліць Ігара Комліка і зняць усе абвінавачванні, вылучаныя супраць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча”, — кажа праграмная дырэктарка Civil Rights Defenders па рэгіёне Еўразіі Яана Кураш.
Civil Rights Defenders тэрмінова заклікаюць урад Беларусі:
- Неадкладна і безумоўна вызваліць Ігара Комліка;
- Зняць усе абвінавачванні, выстаўленыя супраць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча;
- Выконваць усе свае міжнародныя абавязальніцтвы і гарантаваць іх права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі ў адпаведнасці з артыкуламі 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.