Дзмітры Серада: За год ніхто так і не панёс адказнасці за жорсткасць пры затрыманні
Чарговую скаргу ў пракуратуру на пастанову следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы накіраваў з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" мінскі ўрач-педыятр Дзмітрый Серада. Больш за год цягнецца разбіральніцтва па яго незаконным збіцці пры жорсткім затрыманні, якое адбылося ў яго кватэры раніцай 4 жніўня 2016 года.
У скарзе Дзмітрый Серада паўторна настойвае на ўзбуджэнні крымінальнай справы і правядзенні апазнання ім вядомых следству асобаў, што праводзілі затрыманне.
“Следчаму А. Супічэнка трэба больш падрабязна праверыць тлумачэнні неназваных у пастанове супрацоўнікаў АМАПу, якія, відавочна асцерагаючыся крымінальнай адказнасці, схавалі ад яго факт прымянення ў дачыненні да мяне фізічнай сілы, а фактычна – збіцця ў маёй кватэры і па дарозе ў РУУС.
Заключэнне судова-медыцынскай экспертызы, якой ўстаноўлена нанясенне мне цялесных пашкоджанняў, абвяргае пазіцыю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў адносна механізму прычынення мне такіх пашкоджанняў. Калі гэта незразумела следчаму, то ён мае права прызначыць дадатковую экспертызу і паставіць на яе вырашэнне пытанні адносна магчымасці прычынення мне цялесных пашкоджанняў пры абставінах, указаных супрацоўнікамі АУС”, - падкрэслівае Дзмітрый Серада.
Для таго, каб гэта прынесла максімальную карысць у мэтах устанаўлення абставінаў зробленага, заяўнік сцвярджае, што варта распачаць крымінальную справу і ў межах яе расследавання вырабіць следчыя дзеянні - следчы эксперымент і праверку паказанняў на месцы, падчас якіх ўстанавіць і зафіксаваць пазіцыю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і яго адносна падрабязнасцяў затрымання.
Дзмітрый Серада адзначае, што следчы не даў паўнавартасную адзнаку і таму факту, што яго доўгі час пасля затрымання трымалі ў дзяжурнай частцы РУУС, у той час як ёсць законнае ўказанне на тое, што месцам утрымання падазраванага павінен быў стаць ізалятар часовага ўтрымання, дзе яго пры паступленні агледзеў бы медык і аказалі яму медыцынскую дапамогу, дзе ён меў бы магчымасць у больш-менш прымальных умовах спаць, атрымліваць ежу, адпраўляць натуральныя патрэбы. Замест гэтага, следчы сабраў вялізныя тлумачэнні супрацоўнікаў міліцыі, якія ў парушэнне закона трымалі Сераду ў РУУС, медыка, які адмовіў яму ў медыцынскай дапамогзе, і прыйшоў да высновы аб тым, што ён быў, практычна, рады апынуцца ў РУУС і ахвотна прымаў звязаныя з гэтым пакуты.
“Следчы спаслаўся на нормы закона, якія дазваляюць прычыняць цялесныя пашкоджанні асобам, якія ўчынілі злачынства, пры іх затрыманні. Я не здзяйсняў злачынства, таму такога роду спасылкі абражаюць мяне, з аднаго боку, а з другога - закладваюць першапачаткова няправільны вектар у правядзенні праверкі і ацэнцы атрыманых доказаў”, - піша ўрач-педыятр у сваёй скарзе.
Ён лічыць, што выснова пра адсутнасць падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы зроблена, з аднаго боку - заўчасна, без выяўлення шэрагу абставінаў, з другога боку - незаконна, паколькі ў аснову вывадаў пра правамерны характар дзеянняў супрацоўнікаў АУС пакладзеныя іх уласныя тлумачэнні, якія абвяргаюцца аб'ектыўнымі доказамі. Больш за тое, следчым не ўстаноўлена і не ацэнена матэрыяльная шкода, якая была нанесена маёмасці Дзмітрыя Серады: выбітыя шыбы ў балконных дзвярах, пашкоджанне замка на ўваходнай дзвяры і інш.
“У выніку, па сканчэнні года з моманту майго збіцця ва ўласнай кватэры і ў аўтамабілі міліцыі ні адна службовая асоба не панесла адказнасці за бязмежную задзірлівую жорсткасць, жаданне скарыстацца маім уразлівым станам, а Следчы камітэт прыдумляе ўсё новыя спосабы адвесці праверку ў бок ад прыняцця адзінага правільнага рашэнні ў дадзенай сітуацыі - распачынання крымінальнай справы, яе расследавання і пакарання вінаватых асобаў”, - кажа Дзмітрый Серада.
І просіць пракуратуру пастанову следчага А. Супічэнка адмяніць і распачаць крымінальную справу.
Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».
Двойчы на свае скаргі заяўнік атрымоўваў адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне. На пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла - ніхто з супрацоўнікаў АМАПу не быў прыцягнуты да адказнасці.