За мітынг 3 ліпеня Мікалая Статкевіча асудзілі да 15 сутак арышту

2017 2017-08-14T11:02:27+0300 2017-08-14T11:33:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, яшчэ 9 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 3 ліпеня.

Суддзя Юлія Кавяка разглядзела справу ў адсутнасць абвінавачанага, пастанову суду Мікалай Статкевіч атрымаў па пошце.

Віна палітыка па рашэнні суду пацвярджаецца паказаннямі сведкаў-міліцыянтаў Казлова А. і Рыжанкова М., пісьмовымі матэрыяламі справы і заключаецца ў тым, што ён прыняў актыўны ўдзел у мітынгу ў складзе групы грамадзян без дазволу Мінгарвыканкама 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, з мэтай публічнага абмеркавання адмены ваенных вучэнняў “Захад-2017” і вызвалення палітзняволеных.

Суддзя вынесла пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак, які будзе адлічвацца ад моманту затрымання. Пакуль што палітык знаходзіцца на свабодзе. 

Акрамя таго, толькі зараз стала вядома, што яшчэ 5 ліпеня суддзя Наталля Драчова суду Савецкага раённа г. Мінска асудзіла Мікалая Статкевіча за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на "Ваенных могілках" (ч. 3 арт. 23.34 КаАП), што праходзіў 8 траўня, да штрафу ў 50 базавых велічынь

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства