Пяты год Беларусь займае апошняе месца ў Індэксе забароны катаванняў для постсавецкіх краін
Рабочая група па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць", у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з сямі краін рэгіёну АБСЕ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія і Украіна), прадставіла штогадовыя вынікі вымярэння Індэкса забароны катаванняў у гэтых краінах. У спісе Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы ўжо пяты год.
Што такое Індэкс забароны катаванняў?
Індэкс забароны катаванняў — гэта ўнікальны інструмент ацэнкі паўнаты рэалізацыі забароны катаванняў, распрацаваны Рабочай групай у 2020 годзе. Пілотны замер прайшоў у васьмі краінах рэгіёну АБСЕ, грунтуючыся на даныя 2019 года. Індэкс лічыўся па кожнай краіне і ўтрымліваў ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, якія забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантый, якія працуюць на прэвенцыю катаванняў, якія працуюць у краіне механізмаў і сродкаў прэвенцыі катаванняў, ступені прыняцця дзяржавай міжнародных абавязацельстваў у галіне забароны катаванняў.
Па выніках пілотнага вымярэння Рабочая група правяла серыю абмеркаванняў з мэтай удакладнення параметраў індэкса і забеспячэння больш комплекснага падыходу ў ацэнцы сітуацыі ў краіне. У выніку, у метадалогію Індэкса былі ўнесены шэраг змяненняў — удакладнены і дададзеныя паказчыкі, збалансаваны крытэрыі, якія адлюстроўваюць як нарматыўнае рэгуляванне, так і правапрымяняльную практыку. Акрамя таго, дададзены новы раздзел з ацэнкамі эфектыўнасці расследавання праз апытанні экспертаў у гэтай сферы (адвакатаў, пракурораў, суддзяў, следчых, праваабаронцаў).
Якая сітуацыя ў Беларусі?
Беларусь у Індэксе традыцыйна заняла апошняе месца, набраўшы ў 2023 годзе -93,83 бала. За 2023 год лідарам у выкананні забароны катаванняў стала Арменія, набраўшы 131,53 бала. Адмоўнымі лідарамі працягваюць заставацца Беларусь і Расія.
"На дынаміку Індэкса забароны катаванняў у Беларусі асноўны ўплыў аказала ўдакладненне параметраў Індэкса пасля пілотнага вымярэння ў 2019 годзе, а далей пагаршэнне ў 2021 годзе паказчыкаў, якія ацэньваюць узровень крыміналізацыі катаванняў у заканадаўстве Беларусі і ступень уплыву на прэвенцыю катаванняў відэаназірання ў месцах прымусовага ўтрымання. Апошнія два гады Індэкс Беларусі практычна нязменна нізкі", — адзначаюць эксперты.
Члены рабочай групы з наступных краін і арганізацыі ўнеслі свой уклад у падрыхтоўку індэкса:
- Асацыяцыя прома-ЛЕКС, Малдова
- Голас свабоды, Кыргызстан
- Абарона правоў без межаў, Арменія
- Каманда супраць катаванняў, Расія
- Міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванню законнасці, Казахстан
- Грамадскае Аб'яднанне "Бір Дуйно Кыргызстан", Кыргызстан
- Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларусь
- Га" Кадзір-касіет", Казахстан
- FREE RIGHTS, Украіна
- Фонд "Грамадскі вердыкт", Расія