viasna on patreon

Стаў вядомы прысуд, вынесены лідарцы прафсаюза "Нафтан" Вользе Брыцікавай

2024 2024-06-28T12:37:25+0300 2024-06-28T13:14:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brycikava-volga-3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Брыцікава

Вольга Брыцікава

Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку, палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Актывістку абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Суд пачаўся 11 сакавіка, справу вяла суддзя Галіна Бондал, вядомая сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым. Яна прызнала актывістку вінаватай і асудзіла да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вольга Брыцікава была затрыманая ў першай палове жніўня 2023 года. Напачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што яе абвінавачваюць у "закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі". Разам з Вольгай быў затрыманы і палітзняволены Аляксандр Кухаронак, адзін з першых работнікаў «Нафтану», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве.

Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольненая праз сваю прафсаюзную дзейнасць і адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Раней яе неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар. 

11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынством суддзі Уладзіміра Чаравача разгледзела апеляцыйную скаргу Вольгі і пакінула яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.

Сёння стала вядома, што Брыцікаву МУС унёс у "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Вольгу Брыцікаву накіравалі для адбыцця пакарання ў жаночую ПК № 4 г. Гомеля.

Падтрымайце палітзняволеную: вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035, ПК № 4. Вольга Ігараўна Брыцікава.

 

Разгром актывістаў незалежных прафсаюзаў і "Рабочага руху": спланаваная акцыя ўладаў

Па звестках праваабаронцаў "Вясны", агулам ад красавіка 2022 да жніўня 2023 года было затрымана больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюзаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства