viasna on patreon

Справа незалежных прафсаюзаў і "Рабочага руху": на волі – Васіль Бераснеў і новы суд над Вольгай Брыцікавай Дапоўнена

2024 2024-08-23T10:00:00+0300 2024-10-03T10:05:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nezalezny-prafsajuz.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сцяг Беларускага незалежнага прафсаюза на мітынгу. Фота з сацыяльных сетак.

Сцяг Беларускага незалежнага прафсаюза на мітынгу. Фота з сацыяльных сетак.

У перыяд з 19 па 21 красавіка 2022 года ў Беларусі былі затрыманыя больш за 20 прадстаўнікоў і актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Пад пераслед у адначассе патрапілі кіраўніцтва і супрацоўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), лідары і актывісты прафсаюзаў СПМ (Свабодны прафсаюз металістаў), СПБ (Свабодны прафсаюз Беларускі), РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці) і некаторыя іншыя рабочыя актывісты. Большасць з іх была асуджаная, а некаторыя паспелі адбыць пакаранне. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам спланаванага ўладамі разгрому ўсіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Па звестках праваабаронцаў "Вясны", агулам ад красавіка 2022 да жніўня 2023 года было затрымана больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюза.

Па стане на 21 жніўня за кратамі застаецца 16 абаронцаў правоў працоўных, большасць з якіх беларускай праваабарончай супольнасцю былі  прызнаныя палітвязнямі. Частка з іх адбывае "хатнюю хімію".

Крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў і актывістаў застаецца для грамадства таямніцай

Па стане на 29 красавіка 2022 года практычна нічога невядома ні пра статус большасці затрыманых, ні пра сутнасць прад’яўленых ім абвінавачванняў.

Нагадаем пра найбольш рэзанансныя крымінальныя справы супраць незалежных прафсаюзаў і актывістаў, якія адстойвалі правы працоўных.

Справа Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў

У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня 2022 г. быў вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361).

Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч –  два гады пазбаўлення волі (31 кастрычніка 2023 г. Сяргей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін), а Ірына Бут-Гусаім — год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі (на пачатку траўня 2023 года Ірына выйшла на волю, адбыўшы пакаранне).

У чэрвені 2024 года на 112-й Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе палітзняволены Аляксандр Ярашук быў абраны ў Адміністрацыйную раду МАП.

Рашэннем Вярхоўнага суда дзейнасць БКДП была спыненая нібыта ў сувязі з фактамі парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі.

Вынесены прысуд кіраўнікам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў

Усе абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай з 19 красавіка 2022 года. Судовы працэс вяла суддзя Валянціна Зянкевіч.

Справа прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці

Літаральна праз 10 дзён пасля суда над кіраўніцтвам БКДП у Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня 2023 быў вынесены прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Генадзя Фядыніча, былога кіраўніка РЭП, асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Васіля Бераснева – да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Вячаслаў Арэшка асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) “экстрэмісцкім фармаваннем”.

21 жніўня стала вядома стала вядома пра вызваленне 74-гадовага старшыні прафсаюза РЭП Васіля Бераснева, асуджанага да дзевяці гадоў калоніі. Вядома, што падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сітуацыя была настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мела сэнсу, патрэбна была перасадка ныркі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, нягледзячы на ціск за кратамі, сур'ёзныя праблемы са здароўем і выхад па памілаванні, Васіль так і не прызнаў сваёй віны.

У Мінску вынесеныя суровыя прысуды актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў

Вынясенне прысуду чакалася яшчэ 27 снежня, аднак суддзя Анастасія Папко нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца.

Асобна судзілі берасцейскую актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк. Яна была затрыманая крыху раней за астатніх –  25 сакавіка 2022 г. А ўжо 18 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прысудзіў ёй пазбаўленне волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму паводле абвінавачвання ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Згодна з інфармацыяй, якую даслаў адзін са зняволеных з-за кратаў, Міхнюк абвінавачвалі на падставе матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП.

Яшчэ адзін суд над былым намеснікам старшыні прафсаюза РЭП Міхаілам Громавым адбыўся у судзе Першамайскага раёна Мінска 25 лістапада. Громава таксама затрымалі 19 красавіка 2022 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі") тэрмінам на два з паловай гады.

Напрацягу двух апошніх гадоў праз крымінальны пераслед прайшлі асобныя актывісты прафсаюзных суполак на вялікіх прадпрыемствах Беларусі: аб’яднаннях "Гродна Азот", “Нафтан”, “Беларуськалій” і іншых.

Напрыклад, справа Андрэя Ханевіча.

Ён працаваў апаратчыкам у цэху "Карбамід-3" на прадпрыемстве "Гродна Азот". Андрэя затрымалі 16 лістапада 2022 года, а  16 лістапада суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш прызнаў Андрэя Ханевіча вінаватым паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

hanievich1100.jpg
Андрэй Ханевіч. Фота "Беларускі Незалежны прафсаюз"

У гэты час быў асуджаны старшыня незалежнага прафсаюза на "Беларуськаліі" Аляксандр Мішук. Ён быў затрыманы 25 траўня 2022 года пасля ператрусу на пацоўным месцы. У выніку Аляксандра абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), а 15 лістапада суддзя Мінскага абласнога суда Вікторыя Паляшчук прызнала Аляксандра вінаватым і асудзіла яго на два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

На тры з паловай гады калоніі  быў асуджаны прафсаюзны актывіст Аляксандр Кандрацюк. Яго затрымалі 5 верасня 2022 года паводле арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Пасля гэтага яго абвінавацілі таксама паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.

Мінскі гарадскі суд 17 траўня 2023 года прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць пазбаўленнем волі тэрмінам на тры з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Такіх крымінальных спраў на працягу 2022 было шмат.

Справа “Рабочага Руху”

У ходзе спецаперацыі ў перыяд з 18 па 26 верасня 2021 года ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя актывісты, якія адстойвалі на сваіх прадпрыемствах правы працоўных, спрабавалі арганізавацца для актывізацыі забастовачнага руху, выступалі за санкцыі. Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".

Аляксандр Капшуль. Фота: gp.by
Аляксандр Капшуль у судзе.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху". Дзесяць палітзняволеных – Сяргей ШэлестУладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна АблабАляксандр ГашнікаўСяргей ДзюбаІгар МінцВалянцін Цераневіч, Сяргей ШамецькаАляксандр Капшуль — асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" і "стварэнні экстремісцкага фармавання і ўдзеле ў ім", а таксама па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні па справе не прызналі віны. Пад вартай палітвязні ўтрымліваюцца каля года і пяць месяцаў.

18 кастрычніка 2021 года  "Рабочы Рух" быў першым на Беларусі прызнаны "экстрэмісцкім" фармаваннем.

Выйшлі на волю актывістка "Рабочага Руху" Святлана Саковіч.

Праваабаронцам стала вядома, што ў ліпені Аляксандра Гашнікава і Аляксандра Капшуля перавялі на турэмны рэжым

Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"

Усе палітвязні па справе не прызналі віны. Працэс больш за тры месяцы вёў суддзя Аляксандр Піскуноў.

Палітзняволенага фігуранта справы «Рабочага Руху» хочуць перавесці на турэмны рэжым

9 кастрычніка ў судзе горада Наваполацка будзе разглядацца справа «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зменаў умоваў утрымання» ў дачыненні да Валянціна Цераневіча. Працэс будзе ўзначальваць суддзя Алла Гаціх, якая толькі ў ліпені была прызначана суддзёй указам Лукашэнкі.

Валянцін Цераневіч — памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно», які ўваходзіць у склад «Гродна Азота», намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза «Гродна Азота». Быў затрыманы 20 верасня 2021 году.

У лютым 2023 году суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Валянціна вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 12 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пераслед актывістаў незалежных прафсаюзаў працягваецца і дагэтуль

У жніўні 2023 года ў Наваполацку былі затрыманыя палітзняволеныя Вольга Брыцікава і Аляксандр Кухаронак.

Вольга Брыцікава  — лідарка незалежнага прафсаюза "Нафтана". Была затрыманая 11 жніўня 2023 года. Вольгу Брыцікаву абвінавачваюць паводле ч. 1 арт 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь).

Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку, палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Актывістку абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Суд пачаўся 11 сакавіка, справу вяла суддзя Галіна Бондал, вядомая сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым. Яна прызнала актывістку вінаватай і асудзіла да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня 2024 года ў закрытым рэжыме распачаўся другі суд над Вольгай Брыцікавай, якую ў красавіку асудзілі да трох гадоў калоніі.

Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.

Палітзняволеную абвінавачваюць паводле трох артыкулаў:

  • 361 ч. 3 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • 130 ч. 1 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
  • 361-4 ч. 1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Вядома, што Вользе дадалі яшчэ тры гады калоніі

Аляксандр Кухаронак  — адзін з працаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ "Нафтан". Сыйшоў у стачку ў 2020 годзе. Дата суда над ім яшчэ не прызначаная.

Прафсаюзных актывістаў уключаюць ў "тэрарыстычны спіс"

29 кастрычніка 2023 года ў спіс “Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” ўнеслі сябра Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) - Аляксандра Кандрацюка, а раней у тэрарыстычны спіс уключылі віцэ-старшыню Беларускага Незалежнага прафсаюза і кіраўніка першаснай арганізацыі БНП на ААТ «Беларуськалій» Аляксандра Мішука і старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на ААТ «МАЗ» Арцёма Жарнака.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства