"Кэгэбісты выкарысталі АМАП у сваіх мэтах і ўцягнулі міліцыю ў гэтую брудную справу"
Юрысту Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксею Лойку Следчы камітэт Першамайскага раёна г. Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яго збіцця падчас уварвання ў офіс арганізацыі сёлета 25 сакавіка.
У ходзе правядзення дадатковай праверкі старэйшым следчым Рабцавым А., апытаныя супрацоўнікі АМАП ГУУС, якія бралі непасрэдны ўдзел у затрыманні Аляксея Лойкі, далі падобныя паказанні. Яны патлумачылі, што да іх паступіла інфармацыя ад супрацоўнікаў КДБ, што па адрасе размяшчэння офіса ПЦ "Вясна" знаходзяцца радыкальна настроеныя грамадзяне, якія плануюць прыняць удзел у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, з мэтай учынення гвалту над грамадзянамі, здзяйснення пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці і аказання ўзброеннага супраціву прадстаўнікам улады. Па ўказанні кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкаму, 25 сакавіка ў колькасці каля 20 супрацоўнікаў АМАП, дзесяць з якіх мелі апазнавальныя знакі ў выглядзе надпісу АМАП на грудзях і спіне, выбылі па ўказаным адрасе.
“Каля 12.55 камандзір групы АМАП пазваніла ў дзверы кватэры, пасля чаго дзверы адчыніліся. На парозе стаяў малады хлопец, як потым высветлілася Аляксей Лойка, якому супрацоўнік АМАП паказаў службовае пасведчанне, а таксама гучна праінфармаваў «міліцыя, не рухацца». Аднак, дадзенае патрабаванне А. Лойка праігнараваў і паспрабаваў рэзка зачыніць ўваходныя дзверы, але яго дзеянні былі прыпыненыя супрацоўнікамі, пасля чаго бліжэйшы да дзвярэй супрацоўнік увайшоў у кватэру. Аднак пры ўваходзе А. Лойка стаў хапаць яго за форменнае абмундзіраванне і выштурхоўваць у напрамку выхаду з кватэры, у сувязі з чым для стрымання яго супрацьпраўных дзеянняў была прымененая фізічная сіла ў выглядзе загіну рукі за спіну шляхам прымянення прыёму ў выглядзе вызвалення ад захопу адзення на грудзях і падножкі, г.зн. Лойка пасля ўсіх прыёмаў ляжаў на падлозе, а яго рука была загнутая за спіну”, - адзначаецца ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Падкрэсліваецца, што, акрамя прымянення вышэйзгаданых прыёмаў барацьбы, якая-небудзь іншая фізічная сіла да юрыста "Вясны" не ўжывалася, а дзеянні прысутных у кватэры асобаў кантраляваліся галасавымі камандамі супрацоўнікаў АМАП.
Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначае:
“25 сакавіка на нашым офісе, як высвятляецца з гэтага дакумента, па ўказанні КГБ АМАПам было затрымана 58 чалавек: назіральнікаў з розных беларускіх праваабарончых арганізацыяў, якія збіраліся назіраць за масавай акцыяй у Мінску, і замежных журналістаў. Па-першае, ілгуць супрацоўнікі АМАПу, якія сведчаць, што яны прадстаўляліся, калі Аляксей Лойка адчыніў дзверы. Насамрэч, адпачатку гэта было гвалтоўнае ўварванне ў офіс супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія пасля збіцця Аляксея Лойкі спецыяльнымі прыёмамі павалілі на падлогу офіса асабіста мяне ды іншых назіральнікаў, што знаходзіліся ў адным з пакояў офісу. Толькі потым у гэты пакой увайшлі АМАПаўцы ў масках і форме.
Па-другае, мяне абурае роля супрацоўнікаў КГБ у гэтым нападзе на праваабаронцаў. Як вынікае з дакумента, яны далі загадзя ілжывую інфармацыю супрацоўнікам міліцыі, што і выклікала такія гвалтоўныя дзеянні з боку міліцыі. Ці гэта адбылося з прычыны поўнай некампетэнтнасці кэгэбістаў, якія не могуць адрозніць мірных назіральнікаў ад патэнцыйных парушальнікаў закону, гатовых здзяйсняць нават “узброены супраціў прадстаўнікам улады”, ці гэта яны зрабілі наўмысна, з поўным цынізмам, каб правучыць і напалохаць праваабаронцаў, а заадное падставіць супрацоўнікаў міліцыі. Я мяркую ўсё ж другое – кэгэбісты выкарысталі АМАП у сваіх мэтах і ўцягнулі міліцыю у гэтую брудную справу”.
Што тычыцца цялесных пашкоджанняў, нанесеных Аляксею Лойку супрацоўнікамі АМАП пры затрыманні, то дадаткова праведзеная судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што ўдары, сінякі мяккіх тканін галавы, драпіна ў праекцыі правага локцевага сустава, сіняк левай кісці маглі ўтварыцца незадоўга да звароту па медыцынскую дапамогу 25 сакавіка ад дзеянняў цвёрдага тупога прадмета і адносяцца да цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці.
Акрамя таго, за перыяд лячэння з 25 сакавіка па 3 красавіка Аляксею Лойка быў выстаўлены дыягназ «закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу», аднак, дадзены дыягназ на думку судмедэкспертаў быў выстаўлены на падставе суб'ектыўных скаргаў, а якіх-небудзь аб'ектыўных клінічных сімптомаў, якія яго б пацвярджалі ў Аляксея Лойкі не зафіксавана.
На падставе гэтага следчы Рабцаў А. прыходзіць да высновы, што з улікам сітуацыі, якая склалася, прымяненне фізічнай сілы ў дачыненні да юрыста “Вясны” было правамерным і выклікалася неабходнасцю з мэтай далейшага недапушчэння процідзеяння законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Ён палічыў, што ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі адсутнічаюць прыкметы складу злачынства па арт. 426 Крымінальнага кодэкса - «Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў», і вынес рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве Аляксея Лойкі ў нанясенні яму цялесных пашкоджанняў.
Нагадаем, 25 сакавіка ў 12 гадзін у офісе, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ "Вясна", распачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты. Каля 13 гадзін у офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы, людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць, пачалі вобшук.
У выніку каля 60 чалавек было затрымана і дастаўлена ў Першамайскі РУУС, юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка быў дастаўлены з РУУСа ў шпіталь, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас уварвання ў офіс.