Суды над слухачамі “Крамбамбулі”: штрафы па 10 базавых велічынь кожнаму Дапоўнена
У суд Заводскага раёна даставілі Дзмітрыя Навуменку, які быў затрыманы 5 жніўня разам з Іванам Лісаўцом пасля канцэрту “Крамбамбулі”. Справу ў дачыненні да Дзмітрыя па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства” разглядае Алена Някрасава.
Затрыманага вінавацяць у тым, што ён у нецвярозым стане лаяўся, чапляўся да грамадзянаў, на заўвагі не рэагаваў.
Дзмітрый Навуменка віну не прызнаў, суду патлумачыў, што знаходзіўся на тэрыторыі каля стадыёна “Трактар” на масавым мерапрыемстве, выпіў піва. Калі выходзіў са стадыёна разам з сябрам, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, другі – у цывільным, якія сказалі пайсці з імі. Яны пайшлі ў комнату міліцыі на стадыёне. Дзмітрый не крычаў, а толькі падпяваў, як і шмат іншых людзей, да грамадзянаў не прыставаў, заўваг ад міліцыі ніякіх не паступала. У міліцыі яму патлумачылі, што прычына затрымання – бела-чырвона-белы сцяг, які быў разгорнуты падчас канцэрта. Пры вобшуке сцяг пры затрыманым не знайшлі.
Хлопцаў адправілі на медыцынскі агляд, пасля ў РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да іх. Копію пратакола Дзмітрыю Навуменка не выдалі, а толькі далі пачытаць.
Сведка-амапавец Віктар Харужый распавёў, што бачыў, што Дзмітрый Навуменка паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся матам, была вельмі гучная музыка, аднак сведка змог пачуць. Ніякіх заўваг яму не рабілі, а проста пачакалі на выхадзе са стадыёну. Сведка сказаў, што затрыманы ні да каго не чапляўся, аднак у рапарце напісана – “зняважліва чапляўся да грамадзян”. Тады Віктар Харужый патлумачыў, што меў на ўвазе тое, што Дзмітрый Навуменка проста лаяўся, а гэта і было “зняважлівае чаплянне да грамадзянаў”.
Другі сведка Аляксандр Маісеенка ў суд не з’явіўся. Суддзя вырашае працягнуць разгляд справы без яго ўдзелу. Аднак абаронца хадайнічае аб выкліке АМАПаўца ў суд для дачы паказанняў.
Адвакат звяртае ўвагу суда на тое, што ў пратаколе інфармацыя не знаходзіць падцверджання ў судзе: лаянка павінна быць публічнай і адрасаванай да каго-небудзь. Ён адзначае, што сам сведка абверг складзены пратакол.
Акрамя гэтага ёсць нестыкоўкі і па часе: так затрыманне каля стадыёну адбылося ў 19.20, а дастаўлены ў РУУС Дзмітрый Навуменка быў нібыта ўжо ў 19.45, апытанне ў РУУС, згодна пратаколу, праходзіла з 20.30 да 20.40, а агляд у бальніцы пачаўся ў 20.40.
Аднак Алена Някрасава палічыла віну даказанай і прысудзіла Дзмітрыя Навуменку да штрафу ў 10 базавых велічынь.
Гэтая ж суддзя будзе судзіць і Івана Лісаўца, які быў затрыманы разам з Дзмітрыем Навуменкам.
Сведка Васіль Свірыдовіч патлумачыў, што Іван Лісавец лаяўся матам на канцэрце, пасля чаго быў затрыманы. В. Свірыдовіч разам з напарнікам Яўгенам Каткаўцом падыходзілі да затрыманага і прасілі яго з сябрам прайсці з імі. Хлопцы падпарадкаваліся і пайшлі.
Атрымоўваецца, што ўжо зашмат болей АМАПаўцаў затрымлівалі Дзмітрыя Навуменку і Івана Лісаўца, чым было высветлена на папярэднім слуханні.
Васіль Свірыдовіч распавёў, што Іван Лісавец лаяўся проста ў паветра, і ня гледзячы на громкую музыку, ён змог пачуць усе словы. Аднак, ніхто з грамадзянаў не рабіў яму заўваг і не абураўся.
Абаронца запытаўся, чаму яны не прынялі ніякіх мераў падчас канцэрту, калі Лісавец не рэагаваў на іх заўвагі і працягваў брыдкасловіць. Васіль Свірыдовіч адказаў, што думаў, што затрыманы сам спыніцца, але ён гэтага не зрабіў. Таму пасля канцэрта яго затрымалі.
Іншы сведка Яўген Каткавец распавядае, што каля 15-20 хвілін Іван Лісавец крычаў у натоўпе, лаяўся, паводзіў сябе не агрэсіўна, але на заўвагі не рэагаваў, а міліцыя наўпрост назірала.
Суддзя адзначае, што ў рапарце напісана, што абвінавачаны паводзіў сябе агрэсіўна. На гэта Я. Каткавец кажа, што пад агрэсіўнымі паводзінамі меў на ўвазе брыдкаслоўе. Сведка заяўляе, што Лісавец стаяў асобна ад людзей, побач з ім нікога не было, аднак у рапарце зафіксавана, што ён “на віду ў грамадзян лаяўся матам”.
Аднак, Алена Някрасава лічыць віну Івана Лісаўца даказанаў і прызначае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў 10 базавых велічынь.