Мікалай Статкевіч арыштаваны. За што – дакладна не вядома
Апазіцыйны палітык быў арыштаваны апоўдні 26 жніўня і дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Яго жонцы Марыне Адамовіч, якая паведаміла пра гэта, не ўдалося высветліць дакладную падставу арышту.
Напачатку Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла: “Мікалая арыштавалі сёння каля 12-ці, недалёка ад дому, калі ён ішоў на сустрэчу. Ужо на Акрэсціна. 15 сутак…”
Як вядома, Мікалай Статкевіч быў завочна асуджаны за пратэстную акцыю «За мірную Беларусь», якая адбылася ў Мінску 3 ліпеня. Адміністратыўны працэс ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска 9 жніўня праводзіла суддзя Юлія Кавяка, якая вынесла пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча да адміністратыўнага арышту тэрмінам на 15 сутак, які будзе адлічвацца ад моманту затрымання. Да сённяшняга дня палітык знаходзіўся на свабодзе. І лагічна меркаваць, што яго затрыманне звязанае менавіта з гэтай пастановай.
Так адпачатку меркавала і Марына Адамовіч. Аднак пазней вакол арышту Статкевіча ўсплылі новыя акалічнасці, пра якія яна паведаміла.
… мне патэлефанаваў нейкі падпалкоўнік з Ленінскага РУУС і паведаміў, што Мікалая арыштавалі на пяць (!) сутак. Нам вядома толькі пра 15 за 3-га ліпеня. Пра нейкія іншыя "пастановы" на 5 сутак - не вядома нічога…
Я патэлефанавала ў ЦІП, каб удакладніць. Размаўляць са мной, практычна, адмовіліся. "Міліціі нада верыць" - цытую даслоўна.
У рэшце рэшт у ЦІПе Марыне Адамовіч паведамілі, што Мікалай Статкевіч “адбывае 5 сутак па травеньскім прысудзе Маскоўскага суда”. Яна кажа, што ўвогуле не разумее, за што яго маглі асудзіць у траўні - застаецца толькі здагадвацца.
“Гэта асабліва цікава, калі ўзгадаць, што перад 1-м траўня яго захапілі проста на праспекце (канешне ж, таксама па рашэнні суда, пра якое мы ні сном, ні духам). Мо, зараз сядзіць за тое, што тады "супрациўляўся законным дзеянням работнікаў міліцыі"? Бо я, колькі ні напружваю памяць, не магу ўзгадаць, за што б яшчэ яго маглі судзіць, не парушаючы груба працэсуальных норм і тэрмінаў. Зрэшты, ці мне здзіўляцца? Сама я даведалася, што "паспяхова" была асуджаная самым гуманным у свеце судом за 25 сакавіка толькі ад судовага выканаўцы…”
Спадарыня Адамовіч паведаміла, што дзеля дакладнага высвятлення падставы арышту давядзецца чакаць панядзелка і звяртацца ў суд.
Нагадаем, што Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, быў прэвентыўна затрыманы 28 красавіка і асуджаны на пяць сутак адміністратыўнага арышту па арт. 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства" з мэтай не дапусціць яго ўдзел у массавым мерапрыемстве 1 траўня. І яшчэ адзін пазнейшы суд над палітыкам звязаны з травеньскімі падзеямі, пра які вядома ПЦ “Вясна”, адбыўся 5 ліпеня. Тады суд Савецкага раённа г. Мінска пакараў яго штрафам у 50 базавых велічынь за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - мітынгу на "Вайсковых могілках", які праходзіў 8 траўня.