Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2016
Высновы:
- у лістападзе не адбывалася якіх-небудзь істотных зменаў, якія б мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на якасныя змены сітуацыі з правамі чалавека;
- 14 лістапада стала вядома аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага, які раней пастановай суда Фрунзенскага р-на г. Менска быў прызнаны несвядомым у дачыненні да учыненых ім супрацьпраўных дзеянняў, прадугледжаных артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”) і 391 (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым, праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі вызваліць А. Лапіцкага з псыхіятрычнай бальніцы і прыняць меры па дэкрыміналізацыі дыфамацыі;
- 16 лістапада ў судзе Маскоўскага р-на г. Менска пачаўся судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся, абвінавачанага па арт. 369 КК (“масавыя беспарадкі”) па падзеях 19 снежня 2010 г. У сувязі са зробленай В. Кондрусем спробай перарэзаць сабе вены падчас судовага пасяджэння суддзёй у дачыненні да абвінавачанага была прызначаная стацыянарная судова-псіхіятрычная экспертыза, у сувязі з чым судовы працэс быў прыпынены. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага яго вызвалення з-пад варты;
- на працягу месяца ўлады працягвалі практыку парушэння права на мірныя сходы, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў удзельнікаў гэтых мірных сходаў, пры гэтым самі сходы, як правіла, гвалтоўна не спыняліся, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся і не падвяргаліся ў наступным адміністрацыйным арыштам;
- праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; расследаванне такіх выпадкаў адбываецца, як правіла, павярхоўна;
- як стала вядома праваабаронцам, 5 лістапада У СІЗА № 1 МУС г. Менска былі прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да асуджаных да смяротнага пакарання Івана Кулеша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага. Усяго з пачатку года ў Беларусі былі расстраляныя чатыры чалавекі;
- прывядзенне ў выкананне трох смяротных прысудаў з'яўляецца асноўнай негатыўнай тэндэнцыяй месяца і дэманструе відавочнае нежаданне афіцыйнага Менска адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання ў бліжэйшы час.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
14 лістапада стала вядома, што 80-гадовы пенсіянер Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычнай бальніцу. Падставай для прымусовага лячэння стала ўступленне ў законную сілу пастановы суда па крымінальнай справе, узбуджанай супраць яго.
12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Менска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нічыпаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”), 391 (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і судом ён прызнаны несвядомым у дачыненні да інкрымінуемых яму дзеянняў. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда ўступіла ў законную сілу.
У сувязі з гэтым праваабаронцы выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі вызваліць Лапіцкага А.М. з псіхіятрычнай бальніцы і, пры неабходнасці, забяспечыць яго лячэнне ва ўмовах, не звязаных з пазбаўленнем асабістай свабоды.
Справа Лапіцкага чарговы раз падкрэслівае неабходнасць скасавання крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні ў якасці першага кроку да адмены артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса, на чым неаднаразова настойвала і настойвае праваабарончая і журналісцкая супольнасць Беларусі.
16 лістапада ў судзе Маскоўскага р-на г. Менска распачаўся судовы працэс у дачыненні да Уладзіміра Кондруся, абвінавачанага па арт. 293 КК (“масавыя беспарадкі”) па падзеях 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці ў г. Менску. Як толькі абвінавачанага завялі ў клетку, усталяваную ў зале судовага пасяджэння, і знялі кайданкі, ён лёг на падлогу і адмовіўся ўставаць і адказваць на якія-небудзь пытанні суддзі, матывуючы свае дзеянні пратэстам супраць суда над ім.
У сувязі з фактычнай адмовай абвінавачанага ад удзелу ў пасяджэнні і камунікацыі з судом, суддзя Святлана Бандарэнка прыняла рашэнне выдаліць абвінавачанага з залы пасяджэнняў у сувязі з невыкананнем законных распараджэнняў старшыні ў працэсе і далейшым працягу слуханняў па справе ў яго адсутнасць. У гэты момант адзін з канвойных закрычаў, што абвінавачаны пачаў рэзаць сабе вены.
Канвой прадухіліў спробу В. Кондруся ўскрыць сабе вены і пасля кароткага перапынку суддзя пастанавіла прызначыць ў дачыненні да абвінавачанага стацыянарную судова-псіхіятрычную экспертызу, па завяршэнні якой працягнуць судовае разбіральніцтва.
23 лістапада стала вядома, што У. Кондрусь быў пераведзены з СІЗА ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы.
Нагадаем, жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (“масавыя беспарадкі”), па якім у 2011 годзе былі асуджаны 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА № 1 г. Менска.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага вызвалення яго з-пад варты.
Смяротнае пакаранне
28 лістапада праваабаронцам стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага пакарання ў дачыненні да жыхара Лідскага раёна Івана Куляша.
Нагадаем, 20 лістапада 2015 года Гродзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца вынес Івану Куляшу смяротны прысуд.
Ён быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і замаху яшчэ на адно забойства.
У ходзе разгляду ў апеляцыйным парадку скаргі калегіяй Вярхоўнага суда 29 сакавіка 2016 года Іван Кулеш казаў, што цалкам згодны з вынесеным яму прысудам, паколькі пазбавіў чалавека жыцця. Прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта асуджаны не падаваў.
29 лістапада сваякі Сяргея Хмялеўскага паведамілі праваабаронцам пра тое, што смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні С. Хмялеўскага Менскім абласным судом, прыведзены ў выкананне.
Між тым, 3 жніўня Камітэт па правах чалавека ААН пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сяргея Хмялеўскага і прасіў беларускія ўлады адкласці расстрэл асуджанага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта.
Пазней таксама стала вядома пра пакаранне смерцю Генадзя Якавіцкага, асуджанага да расстрэлу рашэннем Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 г.
Усе трое былі пакараныя 5 лістапада 2016 г. у СІЗА № 1 МУС у г. Менску.
Варта адзначыць, што гэта ўжо чацвёрты выпадак выканання смяротнага пакарання на працягу года.
Ціск на праваабаронцаў
14 лістапада па ініцыятыве адміністрацыі Турмы № 4 Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па ч. 2. артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”) супраць зняволенага праваабаронцы і заснавальніка праваабарончай установы “Платформа інавейшн” Андрэя Бандарэнкі. Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць зняволенне тэрмінам да двух гадоў.
Падставай для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да Бандарэнкі сталі раней накладзеныя дысцыплінарныя спагнанні, якія не ўдалося аспрэчыць у судзе.
На волю ён меўся выйсці 31 сакавіка 2017 года. На працягу тэрміну адбыцця пакарання А. Бандарэнка неаднаразова падвяргаўся ціску з боку адміністрацый папраўчых устаноў, у якіх ён утрымліваўся.
ПЦ “Вясна” звязвае дадзены ціск і ўзбуджэнне новай крымінальнай справы ў дачыненні да А. Бандарэнкі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю.
Варта таксама адзначыць, што наяўнасць у КК і практыка прымянення арт. 411 неаднаразова выклікала крытыку з боку праваабарончай супольнасці Беларусі, паколькі дадзены артыкул можа адвольна і выбарча прымяняцца па ініцыятыве адміністрацыі папраўчых устаноў у дачыненні да непажаданых зняволеных, у тым ліку і ў мэтах палітычна матываванага крымінальнага пераследу.
Парушэнні права на мірны сход, свабоды выказвання меркаванняў
15 лістапада ў Менску адбыўся круглы стол па тэме “Мірныя сходы ў Беларусі”, у рамках якога прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і заканадаўчай улады абмеркавалі недасканаласць заканадаўства ў гэтай галіне, а таксама прапановы па паляпшэнні сітуацыі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел юрыстка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка, прадстаўнікі рэгіянальных аддзяленняў арганізацыі з Магілёва, Баранавічаў і Наваполацка, юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Дзмітрый Чарных, а таксама дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Алена Анісім. У якасці мадэратара выступіў юрыст Юрый Чавусаў.
Між тым, улады працягваюць парушаць права грамадзянаў на мірныя сходы.
У судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна адбыўся суд без удзелу абвінавачанага ў парушэнні ч. 3 арт. 23.34 КаАП Рыгора Грыка за ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года. Суддзя Аксана Копач ў кастрычніку спрабавала двойчы правесці судовы працэс у адсутнасць Грыка, але баранавіцкія праваабаронцы выказвалі на гэты конт свой пратэст і нават пісалі скаргу. На трэцім пасяджэнні 3 лістапада суддзя заявіла, што Грыку была накіравана СМС-паведамленне, але ён нібыта праігнараваў запрашэнне, і таму судовае пасяджэнне пройдзе без яго. У судзе праваабаронца Сяргей Гоўша сказаў, што Грык не атрымліваў ніякай СМС-кі і ён гатовы прадставіць тэлефон з беларускім нумарам, які Грык пакінуў праваабаронцам. Аднак, Аксана Копач не прыняла гэта да ведама і пачала працэс. У выніку, не прыняўшы да ўвагі шэраг істотных акалічнасцяў справы (пікет праводзіўся па правілах, замацаваных у выбарчым заканадаўстве), суддзя Копач вынесла рашэнне пакараць Рыгора Грыка штрафам у 50 базавых велічынь.
13 кастрычніка грамадзянскія актывісты Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч збіралі ў Баранавічах подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У міліцыі палічылі, што такімі дзеяннямі Гундар і Казакевіч парушылі парадак правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў, бо для правядзення пікета яны павінны былі падаць заяўку ў гарвыканкам і атрымаць адказ. Але актывісты гэтага не зрабілі. Уладзіміра Гундара і Юрыя Казакевіча прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Суд над Юрыем Казакевічам і Уладзімірам Гундарам адбыўся 9 лістапада. Суд прызнаў іх вінаватымі і прызначыў штрафы па 25 базавых велічынь (525 рублёў) кожнаму.
Спробы правесці мірныя сходы па правілах, устаноўленых уладай, церпяць няўдачу: правацэнтрысты не атрымалі дазволу Менгарвыканкама на правядзенне жалобнай акцыі 7 лістапада. Раней лідары правацэнтрысцкай кааліцыі падалі заяўку на правядзенне 7 лістапада жалобнай акцыі ў памяць аб ахвярах савецкай улады. Сярод заяўнікаў былі старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі. Як распавёў Юрый Губарэвіч, у адмове пазначаны дзве прычыны: па-першае, двое з заяўнікаў (Лябедзька і Рымашэўскі) не могуць выступаць у гэтай ролі ў сувязі з наяўнасцю ранейшых адміністрацыйных спагнанняў; па-другое, Менгарвыканкам палічыў, што арганізатары размяшчалі інфармацыю пра акцыю да атрымання дазволу. У выніку акцыя адбылася.
Нягледзячы на тое, што назіральнікі адзначылі выключна мірны характар акцыі, прысвечанай Дню памяці і смутку 7 лістапада 2016 года ў Менску, яе ўдзельнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
Суд Маскоўскага раёна Менска 16 лістапада разгледзеў адміністрацыйную справу Марыны Адамовіч. У яе адносінах складзены пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве па ч. 1 арт. 23:34 КаАП, а дакладней — за “дэманстрацыю запаленай свечкі”.
Суддзя Наталля Вайцяховіч аштрафавала Марыну Адамовіч на 5 базавых велічынь.
Наталля Вайцяховіч таксама разгледзела пратаколы правапарушэнняў, складзеныя на актывістаў Леаніда Кулакова і Уладзіміра Яроменка за ўдзел у той жа самай акцыі 29 кастрычніка.
Праваабаронцы паведамляюць, што пратакол разгледжаны без удзелу Леаніда Кулакова. Пастанова — штраф 50 базавых велічынь. Уладзімір Яроменак таксама не з’явіўся ў суд на разгляд адміністратыўнай справы.
Нагадаем, вечарам 29 кастрычніка ў Менску каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці прайшла акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Акцыю арганізавала грамадскае аб'яднанне “Малады фронт”. Актывісты паставілі на прыступках ля галоўнага ўваходу ў будынак КДБ каля двух дзесяткаў лампад з запаленымі свечкамі і трымалі ў руках партрэты рэпрэсаваных.
Актывіст з Брэста Андрэй Шарэнда нечакана атрымаў пастанову суда Маскоўскага раёна Брэста, дзе паведамляецца, што ён пакараны штрафам у 20 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 12 верасня ў Менску. Суддзя Раман Карабан разгледзеў справу без удзелу Андрэя Шарэнды. У пастанове напісана, што позва была адпраўлена, але Шарэнда сцвярджае, што нічога з суда не атрымліваў. Па словах актывіста, пасля яго ўдзелу ў акцыі пратэсту 12 верасня да яго пачалі прыходзіць міліцыянты. Былі тры візіты, складзеныя два пратаколы. За ўдзел у акцыі 12 верасня яго пакаралі штрафам у 420 рублёў.
Суд Партызанскага раёна Менска прызначыў 16 лістапада лідару “Маладога фронта” Змітру Дашкевічу штрафы ў 10 базавых велічынь за “непадпарадкаванне міліцыі” і 45 базавых велічынь за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” падчас адкрыцця помніка Леніну ля Менскага трактарнага завода 7 лістапада. Сумарны штраф — 50 базавых велічынь або 1050 рублёў, больш суд прызначыць не мае права. На акцыі 7 лістапада Дашкевіч з паплечнікамі выкрыквалі «Ганьба!», Дашкевіч трымаў плакат з цытатай Леніна: “Чым большая колькасць прадстаўнікоў духавенства ўдасца нам расстраляць, тым лепш”. На яго з крыкам «Ленін, партыя, камсамол!» накінуўся другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч, затым ён і некалькі чалавек пачалі збіваць Дашкевіча. Пасля Дашкевіча зацягнулі ў мікрааўтобус, дзе, як ён сцвярджае, яго моцна збілі, здзекаваліся, спрабавалі прымусіць смактаць міліцэйскую дубінку. Лекары зафіксавалі на целе Дашкевіча сляды збіцця. Тым не менш, судзілі не супрацоўнікаў АМАП, а самога Дашкевіча. Супрацоўнікі АМАП выступілі сведкамі і не прызналі, што збівалі актывіста. Паказанні давалі камандзір аддзялення АМАП Павел Яфрэмаў, міліцыянты Андрэй Лявонаў і Сяргей Селін.
Зміцер Дашкевіч сказаў, што прыйшоў на суд, каб даведацца імёны гэтых міліцыянтаў і расказаць пра іх незаконныя дзеянні — для таго, каб спыніць падобны гвалт да іншых людзей.
17 лістапада суд Маскоўскага раёна Менска разгледзеў адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на актывіста Віктара Кулака за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Ён прымаў удзел у акцыях салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам, крымінальная справа якога разглядалася ў Менскім гарадзкім судзе з 14 па 25 кастрычніка.
Першы судовы працэс за акцыю салідарнасці прайшоў напярэдадні. У судзе Першамайскага раёна Менска разглядалася адміністрацыйная справа Леаніда Кулакова. Суддзя Дзмітрый Цыкала вынес пастанову пакараць актывіста “Еўрапейскай Беларусі” штрафам у памеры 40 базавых велічынь. У судзе Маскоўскага раёна разгледжаны адміністрацыйныя справы Алеся Макаева і Віктара Кулака.
Суддзя Святлана Чараповіч прызначыла Леаніду Кулакову пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь. Актывіст настойваў на арышце, паколькі не мае сродкаў на аплату штрафу.
Алеся Макаева пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічынь, а Віктару Кулаку суддзя Віктар Казак вынес пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 30 базавых.
16 лістапада суд Фрунзенскага раёна Менска аштрафаваў каардынатара БХД па Менскай вобласці Паўла Пракаповіча на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам 14 кастрычніка.
У розныя дні падчас працэсу каля суда праводзілі акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчыса дзясяткі грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, актывістаў. Сярод іх — Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Макаеў, Наталля Басалыга, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Дзяніс Садоўскі, Максім Вінярскі, Віктар Кулак, Яўген Афнагель, Арцём Бабоўнікаў, Яўген Бычкоўскі, Павел Пракаповіч, Уладзімір Яроменак, Вольга Маёрава, Антон Жылко, Сяргей Пальчэўскі, Мікалай Дземідзенка, Юля Фралова і іншыя.
Па словах сузаснавальніка незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, за ўсё акцыі, якія праходзілі каля Менскага гарадскога суда з 14 па 25 кастрычніка, супрацоўнікамі міліцыі было складзена каля 70 пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкуле 23.34 КаАП.
Акцыя ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якая традыцыйна праходзіць у Свіслачы і Якушоўцы, таксама традыцыйна завяршаецца складаннем пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэння на ўсіх удзельнікаў, прычым супрацоўнікі міліцыі не абцяжарваюць сябе прадстаўленнем якіх-небудзь істотных доказаў. Так, 24 лістапада ў аддзяленне міліцыі быў выкліканы слонімскі актывіст Павел Севасцьян. Паводле пратаколу, ён з'яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Аднак сам актывіст кажа, што яго не было ні на могілках, ні і ў складзе арганізаванай калоны, якая прайшла да помніка Каліноўскаму, як гэта пазначылі міліцыянты, паколькі ён спазніўся на мерапрыемства.
Яшчэ большы абсурд здзейснілі супрацоўнікі міліцыі, якія склалі пратакол на актывіста з Ліды Валерыя Мінца. Ён наогул 30 кастрычніка не быў у Свіслачы.
Гарадзенскаму актывісту Эдварду Дмухоўскаму міліцыя даслала адміністрацыйны пратакол па пошце. Яго абвінавачваюць у парушэнні ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ. Нібыта ён парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, удзельнічаў у мітынгу ў Свіслачы.
Таксама па пошце атрымаў пратакол правапарушэння і грамадскі актывіст з Менска, вядомы бард Зміцер Захарэвіч. Позву з патрабаваннем з'явіцца ў Свіслацкі РАУС атрымаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
“Гарадзенская Вясна” паведамляе аб тым, што пратаколы правапарушэння за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года складзеныя таксама на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурку і жыхара Слоніма Віктара Марчыка.
18 лістапада, адбыўся першы суд па адміністратыўнай справе за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года. Старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін пастанавіў пакараць грамадскага актывіста Юрася Глебіка штрафам у памеры 40 базавых велічынь, прызнаўшы яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП РБ (“парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства”).
Мастоўскага грамадскага актывіста Васіля Клімовіча суд Мастоўскага раёна 25 лістапада пакараў штрафам у памеры 9 базавых велічынь за нібыта “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Пратакол склалі свіслацкія міліцыянты, але на самой справе Васіль Клімовіч ў гэты дзень наогул не быў у Свіслачы, а знаходзіўся ў Мастах. Афармляў пратакол маёр Андрэй Пясняк, сведкамі ў дакуменце выступілі Юрый Садоўскі і Аляксандр Гуштын. Суддзя Мастоўскага раённага суда Аляксандр Ярмолік не прыняў да ўвагі праўдзівыя тлумачэнні актывіста.
Лідар грамадскага аб'яднання “Альтэрнатыва” Алег Корбан аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (840 рублёў) на падставе часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 10 лістапада бягучага года. Такое рашэнне 25 лістапада прыняў суддзя суда Ленінскага раёна горада Менска Андрэй Камушкін.
Свабода асацыяцыі
Заснавальнікі грамадскага аб'яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”» накіравалі скаргу ў Вярхоўны суд на адмову Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэгістрацыі іх аб'яднання.
У сваёй скарзе заснавальнікі грамадскага аб'яднання паказваюць, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі сталі нязначныя недакладнасці ў пададзеных рэгіструючаму органу дакументах, якія маглі быць ліквідаваны ў выпадку прыпынення рэгістрацыі на тэрмін да аднаго месяца, і просяць Вярхоўны суд рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі прызнаць незаконным, паколькі яно парушае іх правы, і абавязаць аднавіць працэдуру рэгістрацыі.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Працягваецца праверка гібелі зняволенага турмы ў г. Жодзіна Ігара Барбашынскага, на якой настойвалі сваякі загінулага.
У апошнія дні жніўня, знаходзячыся ў следчым ізалятары, ён выказаў скаргі на кароткачасовыя страты прытомнасці пры аглядзе ў турэмнага лекара. Затым у сярэдзіне верасня Барбашынскі падчас медыцынскага агляду паскардзіўся доктару-тэрапеўту на значнае пагаршэнне здароўя: фізічную слабасць, частыя галавакружэнні, высокую тэмпературу і вельмі нізкі ціск. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняй цяжкасці. Аднак не змог вызначыцца з дыягназам.
У той жа дзень, позна ўвечары 16 верасня, стан Барбашынскага яшчэ больш пагоршыўся, дзяжурны фельчар турэмнай медчасткі зафіксаваў далейшае зніжэнне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпературу. Ён выклікаў хуткую дапамогу і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадскую бальніцу з дыягназам: парушэнне мазгавога кровазвароту.
Там Барбашынскі знаходзіўся трое сутак, з 16 па 19 верасня. Яго абследавалі больш грунтоўна і вызначылі, што прычынай пагаршэння здароўя з'яўляецца энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі. Пасля лячэння яго ў сярэдняй ступені цяжкасці вярнулі назад у турэмны шпіталь. А раніцай 20 верасня Ігар Барбашынскі памёр.
Між тым, праваабаронцам стала вядома, што разам з фактарамі, якія маглі паслужыць прычынай смерці зняволенага, на целе Барбашынскага былі выяўлены шматлікія цялесныя пашкоджанні: сінякі на грудной клетцы і на нагах. Гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмета і маюць тэрмін даўнасці каля трох сутак да моманту смерці. Колькасць сінякоў — 17 — адпавядае колькасці кантактаў з траўмуючым прадметам. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзніклі ад гаення глыбокіх ран месячнай даўніны, як мяркуецца, у перыяд знаходжання яго пад арыштам.
Маці Барбашынскага патрабавала правядзення праверкі па факце раптоўнай смерці сына і накіравала хадайніцтва ў гарадскі аддзел Следчага камітэта г. Жодзіна аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў супрацоўнікаў турмы. Праверка абставінаў раптоўнай смерці Барбашынскага ў медчастцы Жодзінскай турмы працягваецца.
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” па дапамогу звярнулася Таццяна Г., жонка збітага міліцыяй пры затрыманні Аляксандра Г., якога падазраюць у адкрытым крадзяжы.
Таццяна распавяла праваабаронцам, што 18 лістапада 2016 года каля паўночы ў іх кватэры пачалі выломліваць дзверы невядомыя. Дом быў акружаны спецтранспартам і людзьмі ў масках з аўтаматамі і шчытамі. Затым у кватэру ўбеглі каля васьмі супрацоўнікаў у масках, адзін з якіх, не паказваючы патрабаванняў, ударыў гумавай дубінкай Аляксандра Г. у твар. Пасля гэтага іншыя супрацоўнікі працягнулі збіваць падазраванага: білі тварам аб падлогу, а затым, надзеўшы кайданкі, білі тварам аб ганак, таксама білі нагамі.
Збіццё адбывалася ў прысутнасці самой Таццяны, якая ў цяперашні момант цяжарная, яе роднай сястры і на вачах яе малога сына. Акрамя таго, супрацоўнікі, якія праводзілі затрыманне Аляксандра Г., штурхалі саму Таццяну і яе сястру. Затым затрыманага павезлі.
У Першамайскім РУУС на наступны дзень пасля затрымання ёй паведамілі, што Аляксандр Г. знаходзіцца ў шпіталі, бо ён дрэнна сябе адчуваў. Але ў якой менавіта бальніцы знаходзіцца і як можна наведаць мужа, Таццяне так і не ўдалося даведацца.
23 лістапада яна даведалася ад следчага, што Аляксандр Г. ўжо знаходзіцца ў ІЧУ ў Менску. Больш ніякай інфармацыі — у чым падазраецца або абвінавачваецца Аляксандр, які яго фізічны стан — атрымаць не ўдалося.
Таксама яна сумесна з праваабаронцамі ўжо падрыхтавала скаргу ў Следчы камітэт, у якой адзначыла, што ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ажыццяўлялі затрыманне і збіццё яе мужа, маецца склад злачынства, адказнасць за якое ўстаноўлена ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса, і просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія нанеслі Аляксандру Г. шматлікія ўдары, чым прычынілі фізічныя пакуты і цялесныя пашкоджанні.
Уступіў у законную сілу прысуд у дачыненні да афіцэра МУС, фельчара СІЗА-1 Крылова, вінаватага ў смерці Ігара Пцічкіна. Праваабаронцы неадназначна ацэньваюць прысуд. З аднаго боку, асуджэнне супрацоўніка СІЗА за парушэнне правоў зняволенага стане для супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў стымулам да захавання правоў іншых зняволеных. З іншага, падкрэсліваецца недасканалы характар працэдуры крымінальнага пераследу за жорсткае абыходжанне з вязнямі і адсутнасць механізмаў процідзеяння катаванням і жорсткаму абыходжанню ў месцах несвабоды.
Парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў. Прымусовая праца
18 лістапада юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў пракуратуру Вілейскага р-на Менскай вобласці і Менскі абласны выканаўчы камітэт па факце прымусовай працы на Вілейшчыне, дзе людзей сагналі збіраць кукурузу.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад жыхароў горада Вілейка, кіраўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў Вілейскага раёна з выканкама прыйшла “разнарадка” паслаць рабочых на ўборку кукурузы.
У сваіх зваротах у пракуратуру Вілейскага раёна і Менскі абласны выканаўчы камітэт праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч ставіць пад сумнеў, што гэтая праца была добраахвотнай. Ён падкрэслівае, што супрацоўнікі розных прадпрыемстваў былі арганізавана прывезены на ўборку кукурузы на палях, гэта пацвярджаецца ў матэрыяле «Нашай Нівы» каментарамі прадстаўнікоў аддзела ідэалогіі прадпрыемства «Зеніт-БелОМА».
Валянцін Стэфановіч просіць пракуратуру Вілейскага раёна і Менаблвыканкам правесці праверку па паказаных фактах, а пры ўсталяванні парушэнняў працоўнага заканадаўства з боку службовых асоб прадпрыемстваў і мясцовых выканаўчых органаў улады — прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Пазней у ПЦ “Вясна” трапіў дакумент, які пацвердзіў інфармацыю пра факт прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне.