viasna on patreon

Баранавічы: актывістаў аштрафавалі за збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг

2016 2016-11-10T09:45:01+0300 2016-11-10T09:49:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-syd-2016-11-09.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Гундар, Юрый Казакевіч і Рыгор Грык (справа налева) у зале суда. Фота: Юрый Піваварчык.

Уладзімір Гундар, Юрый Казакевіч і Рыгор Грык (справа налева) у зале суда. Фота: Юрый Піваварчык.

Уладзіміра Гундар і Юрыя Казакевіча прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Як паведамляе ntex-press.by, 13 кастрычніка грамадзянскія актывісты Уладзімір Гундар і Юры Казакевіч збіралі ў Баранавічах подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У міліцыі палічылі, што такімі дзеяннямі Гундар і Казакевіч парушылі парадак правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў, бо для правядзення пікета яны павінны былі падаць заяўку ў гарвыканкам і атрымаць адказ. Але актывісты гэтага не зрабілі.

- Мы не лічым, што збор подпісаў - гэта пікет. Бо многія мабільныя аператары, рэкламныя кампаніі праводзяць падобныя акцыі і іх за гэта не судзяць, - кажа Юрый Казакевіч.

Суд над Юрыем Казакевічам і Уладзімір Гундар адбыўся 9 лістапада. Актывістам пагражалі штрафы ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Абодва актывісты на судзе вінаватымі сябе не прызналі.

- Гэта не быў пікет! Супрацьзаконнага мы нічога не зрабілі, а, наадварот, падтрымлівалі нашу сімволіку - бел-чырвона-белы сцяг, - сказаў на судзе Уладзімір Гундар. - Пакажыце закон, дзе напісана, як трэба праводзіць збор подпісаў.

Тым не менш суд прызнаў іх вінаватымі і прызначыў штрафы па 25 базавых велічынь (525 рублёў) кожнаму. А гэта прыкладна па 210 даляраў у эквіваленце.

- Мы нават здзіўлены, прагназавалі 30-40, - іранізуе Юрый Казакевіч. - Нават не ведаю, як гэта расцэньваць.

Абодва актывісты абскардзіць пастанову суда не плануюць.

А вось Рыгор Грык, якога некалькі дзён таму суд аштрафаваў па такой жа артыкуле на 50 базавых, мае намер «прызнаць такое рашэнне несправядлівым».

- Па-першае, суд праходзіў без мяне, а па-другое, я настойваю на тым, што праводзіў агітацыйны пікет за кандыдата ў дэпутаты Чарнавуса, - кажа Рыгор Грык, які 9 лістапада прыйшоў у суд падтрымаць Казакевіча і Гундара.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства