Мінгарвыканкам адмовіў правацэнтрыстам у дазволе на акцыю 7 лістапада
Правацэнтрысты не атрымалі дазволу Мінгарвыканкаму на правядзенне жалобнай акцыі 7 лістапада, паведамляе Рух "За свабоду". Арганізатары заявілі, што акцыя ўсё роўна пройдзе, збор удзельнікаў у 12.00 ля будынку КДБ у цэнтры Мінска.
Нагадаем, што лідары правацэнтрысцкай кааліцыі падалі заяўку на правядзенне 7 лістапада жалобнай акцыі ў памяць пра ахвяраў савецкай улады. Сярод заяўнікаў былі старшыня Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
Як распавёў Юрась Губарэвіч, у адмове напісаныя дзве прычыны: па-першае, двое з заяўнікаў (Лябедзька і Рымашэўскі) не могуць выступаць у гэтай ролі праз ранейшыя адміністратыўныя спагнанні; па-другое, Мінгарвыканкам палічыў, што арганізатары размяшчалі інфармацыю пра акцыю да атрымання дазволу.
Арганізатары не плануюць змяняць планы на правядзенне акцыі: збор удзельнікаў адбудзецца 7 лістапада ў 12 гадзінаў ля будынку КДБ.