viasna on patreon

Чарговая смерць ў Жодзінскай турме: незразумелая хвароба ці брутальнае збіццё?

2016 2016-11-02T14:25:56+0300 2016-11-02T14:40:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/igar_barbashynski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барбашынскі. Фота "Новы час"

Ігар Барбашынскі. Фота "Новы час"

Праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя некаторыя акалічнасці раптоўнай смерці ў Жодзінскай турме №8 жыхара Слуцкага раёна Ігара Барбашынскага.

Як паведамлялася раней, Ігар, разам з братам, абвінавачваліся ў злосным непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў, у супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС. У чэрвені 2016 года браты Барбашынскія былі арыштаваныя і да суда змешчаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар. 20 верасня Ігар памёр у турэмнай медчастцы.

39- гадовы Ігар Барбашынскі, маёр у адстаўцы, займаўся спортам, да свайго арышту ніколі не скардзіўся на здароўе. Але у апошнія дні жніўня, знаходзячыся ў следчым ізалятары, выказаў скаргі на кароткачасовыя страты свядомасці пры аглядзе ў турэмнага лекара.

Затым у сярэдзіне верасня Барбашынскі пад час медычнага агляду паскардзіўся ўрачу-тэрапеўту на значнае пагаршэнне здароўя: фізічную слабасць, частыя галавакружэнні, высокую тэмпературу і крайне нізкі ціск. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняй цяжкасці. Аднак  не змог вызначыцца з дыягназам.

У той жа дзень, позна ўвечары 16 верасня, стан Барбашынскага яшчэ больш пагоршыўся, дзяжурны фельчар турэмнай медчасці зафіксаваў далейшае паніжэнне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпературу (вышэй за 39). Ён выклікаў хуткую дапамогу і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадскую бальніцу  з дыягназам: парушэнне мазгавога кровазвароту.

Там Барбашынскі знаходзіўся трое сутак, з 16 па 19 верасня. Яго абследвалі больш грунтоўна і вызначылі, што прычынай пагаршэння здароўя з’яўляецца энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі.  Крыху падлячыўшы, у сярэдняй ступені цяжкасці яго вярнулі назад, у турэмную лякарню. А раніцай 20 верасня Ігар Барбашынскі памёр.

Аднак праваабаронцам стала вядома, што разам з фактарамі, якія маглі паслужыць прычынай смерці зняволенага, на целе Барбашынскага былі выяўленыя шматлікія цялесныя пашкоджанні: крывепадцёкі на грудной клетцы і на нагах. Гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмета і маюць тэрмін даўніны каля 3 сутак. Колькасць крывепадцёкаў – 17 – адпавядае колькасці кантактаў з траўміруючым прадметам. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзніклі ад зажыўлення глыбокіх ран месячнай даўніны, меркавана ў перыяд знаходжання яго пад арыштам.

Маці Барбашынскага патрабавала правядзення праверкі па факце раптоўнай смерці сына і накіравала хадайніцтва ў гарадскі аддзел Следчага камітэта г. Жодзіна аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў супрацоўнікаў турмы.

Праверка па справе раптоўнай смерці Барбашынскага ў медчастцы Жодзінскай турмы працягваецца.

Жодзінская турма №8. Фота: БелаПАН
Жодзінская турма №8. Фота: БелаПАН

Нагадаем абставіны справы, якая прывяла 37-гадовага мужчыну да турмы і смерці.

У канцы сакавіка 2016 года Ігар Барбашынскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаны ў нецвярозым выглядзе і дастаўлены ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі паломку рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго, як браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда змешчаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар.

Гэта далёка не першы выпадак раптоўнай смерці зняволеных у Жодзінскай турме №8.

Амаль восем месяцаў спатрэбілася жыхарцы Мінска Марыне Багданавай, каб дамагчыся з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” ўзбуджэння крымінальнай справы па факце смерці яе сына Алега ў Жодзінскай турме №8. Раніцай 29 студзеня 2016 года, знаходзячыся ў ізалятары турэмнай бальніцы, Алег Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці.

Увогуле, у Жодзінскай турме даволі часта гінуць зняволеныя. Пра некалькі такіх выпадкаў паведамляецца ў матэрыяле “Чаму ў Жодзінскай турме гінуць зняволеныя?”

Як правіла, досыць цяжка ўзбудзіць крымінальную справу па факце гібелі зняволеных у месцах прымусовага ўтрымання, яшчэ цяжэй давесці яе да суда і пакараць вінаватых. Аднак і гэта магчыма.

Крыху больш за тры гады спатрэбілася жыхарцы Мінска Жане Пцічкінай, каб  суд Маскоўскага раёна Мінска паставіў кропку ў крымінальнай справе па факце гібелі ў СІЗА №1 Мінска яе сына Ігара Пцічкіна. 21 кастрычніка 2016 года фельчар медчасткі СІЗА Аляксандр Крылоў быў прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента (ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса), і прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства