viasna on patreon

СК узбудзіў крымінальную справу па факце смерці ў Жодзінскай турме Алега Багданава

2016 2016-10-19T09:38:06+0300 2016-10-19T11:23:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bagdanava-maryia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Георгіеўна Багданава.

Марына Георгіеўна Багданава.

Амаль восем месяцаў спатрэбілася жыхарцы Мінска Марыне Багданавай, каб дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце смерці яе сына Алега ў Жодзінскай турме №8. Раніцай 29 студзеня 2016 года, знаходзячыся ў ізалятары турэмнай бальніцы, Алег Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці.

Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў "Турме №8" г. Жодзіна заключалася ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абследаванне, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Багданаў атрымаў III групу інваліднасці.

Перакананыя ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, бацькі асуджанага звярнуліся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медпрацаўнікамі Жодзінскай турмы №8, які тройчы на працягу гэтага года прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Не дапамагалі і скаргі ў пракуратуру: усё заставалася на сваіх месцах.

Нарэшце 5 кастрычніка, пад час асабістага прыёму ў старшыні Следчага камітэта Беларусі, скарга маці на дзеянні супрацоўнікаў Жодзінскага гараддзела СК і Мінскага абласнога аддзела Следчага камітэта, была прынятая да разгляду, і літаральна праз дзень была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента).

Адначасова Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі інфармуе маці аб тым, што па фактах парушэнняў, якія дапусцілі супрацоўнікі Жодзінска ГАСК пры правядзенні папярэдніх праверак, даручана прыняць меры рэагавання да віноўных службовых асоб.

Гэта не адзіная справа, якую ў межах маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання адсочвае Праваабарончы цэнтр “Вясна” і аказвае дапамогу сваякам загінулых.

Варта нагадаць, што ў судзе Маскоўскага раёна Мінска завяршаецца разгляд аналагічнай крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА №1 Мінска Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента - жыхара Мінска Ігара Пцічкіна. Пракурор запрасіў для абвінавачанага 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Каб давесці справу да суда, жанчыне з дапамогай праваабаронцаў спатрэбілася амаль тры гады.

На жаль, не ўдалося пакуль давесці да суда справу па факце смерці ў Светлагорскім ІЧУ адміністратыўна арыштаванага Аляксандра Акуліча. Чатыры гады органы следства і пракуратуры “спускаюць на тармазах” скаргі і заявы ягонай маці аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі. Тым не меней, паведамленне аб гэтым здарэнні накіраванае праваабаронцамі да разгляду ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Марына Багданава ўвесь час падвяргала сумненню высновы камісійнай судова-медыцынскай экспертызы, якая праводзілася ў працэсе праверкі, паколькі экспертам не былі прадстаўленыя дастатковыя для даследвання матэрыялы. Яна перакананая што эксперты, якія ўваходзілі ў склад камісіі, самаўхіліліся ад правядзення аб’ектыўных і скурпулёзных даследванняў.

Так, у распараджэнні дзяржаўных медыцынскіх экспертаў Манышава У.І., Давыдава Р.Р. і Казака А.Л. знаходзіўся дыск з відэазапісам камеры відэаназірання, на якім зафіксаваныя апошнія хвіліны жыцця Алега Багданава і працэс правядзення з ім рэанімацыйных мерапрыемстваў. Аднак эксперты гэты запіс не праглядалі, ня аналізавалі, не даследавалі і ацэнку ўсяму зафіксаванаму не давалі.

Як паказала экспертыза Жодзінскага МРА ГК СЭ Рэспублікі Беларусь, смерць Багданава А. наступіла ў выніку вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на фоне перарасцяжэння (дылатацыі) левага перадсерддзя і жалудачка і павышэння ціску ў лёгачнай артэрыі у сукупнасці з хранічнай сардэчнай недастатковасцю. У ізалятары турэмнай бальніцы Алег Багданаў знаходзіўся на момант смерці адзін.

Сваякі Алега Багданава спадзяюцца, што нарэшцэ расследаванне крымінальнай справы зрушыцца з мёртвай кропкі і следства ўстановіць віноўных у смерці іх сына.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства