Валянціне Акуліч адмоўлена ў задавальненні нагляднай скаргі па справе аб смерці сына ў Светлагорскім ІЧУ
Старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў адмовіў у задавальненні нагляднай скаргі жыхарцы Светлагорска Валянціне Акуліч, якая больш за два гады дамагаецца пакарання для супрацоўнікаў міліцыі, датычных да смерці яе сына.
ПЦ "Вясна" падрыхтаваў скаргу ў парадку нагляду на імя старшыні вышэйстаячай судовай інстанцыі пасля таго, як Светлагорскі раённы суд адхіліў скаргу на чарговую пастанову следчага аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС. Жанчына настойвае, што дзеянні Сцешанкова Р.І. і Бачко А.А. злачынныя, паколькі замест своечасовага выкліку медыкаў для аказання дапамогі яе сыну, у якога праявіліся часовыя парушэнні ў псіхіцы, дзяжурныя па ІЧУ «супакойвалі» яго з дапамогай дубінак.
«26 мая 2012 года, знаходзячыся ў ІЧУ Светлагорскага РАУС, Акуліч А.А. сканаў. Прычынай яго смерці, як устаноўлена заключэннямі судова-медыцынскіх экспертызаў, у тым ліку і комплекснай ад 20 мая 2013 года за № 169, з'явілася хранічная алкагольная інтаксікацыя, якая ўскладнілася развіццём стану адмены алкаголю з дзелірыем і ацёкам галаўнога мозгу. Акрамя гэтага, былі выяўленыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе шматлікіх ранак і сінякоў, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх і якія ў прычыннай сувязі са смерцю Акуліча А.А. не знаходзяцца...» - адказвае старшыня аблсуда Шаўцоў, адмаўляючы ў задавальненні скаргі.
«Старшыня аблсуда не ўзяў на сябе працу растлумачыць недахопы матывіроўкі нагляднай скаргі, а ў чарговы раз нагадаў, што загінуў чалавек, які пакутаваў ад алкагольнай залежнасці. А гэтая акалічнасць, уласна, павінна была накладаць дадатковую адказнасць на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, паколькі чалавек знаходзіўся ў хваравітым стане», - каментуе гэты адказ юрыст Павел Сапелка. Паводле яго, наступным крокам у гэтай справе будзе наглядная скарга на імя намесніка старшыні Вярхоўнага суда.
Таксама праваабаронцы рыхтуюць паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН, разглядаючы дзеянні супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС як акт забароненага жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Магчыма, зварот у КПЧ падштурхне следчыя органы да адпаведных дзеянняў. Як паказала практыка ПЦ "Вясна" па справе аб катаваннях Пятра Кучуры ў магілёўскай калоніі, задзейнічанне міжнародных механізмаў можа зрушыць справу з мёртвай кропкі.