viasna on patreon

Грамадскага актывіста Рыгора Грыка з Баранавіч завочна пакаралі штрафам у 50 базавых

2016 2016-11-04T14:46:38+0300 2016-11-04T15:23:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaroncy_baranavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы і актывісты з Баранавіч пасля суда па справе Рыгора Грыка

Праваабаронцы і актывісты з Баранавіч пасля суда па справе Рыгора Грыка

У судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна 3 лістапада прайшоў суд без удзелу абвінавачага ў парушэнні ч.3 арт. 23.34 КаАП Рыгора Грыка за ўдзел ў незаконным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года.

Рыгора Грыка так моцна хацелі пакараць, што не палічылі патрэбным запрасіць на судовае паседжанне. Актывіст з’езджаў за межы краіны, аднак паміж паездкамі наведваў Баранавічы, ні ад кога не хаваўся, бо лічыць сябе невінаватым, але нічога з суда не атрымліваў.

Суддзя Аксана Копач у кастрычніку намагалася двойчы правесці судовы працэс у адсутнасць Грыка, але баранавіцкія праваабаронцы выказвалі на гэты конт свой пратэст і нават пісалі скаргу. На трэцім паседжанні 3 лістапада суддзя заявіла, што Грыку была накіравана СМС-паведамленне, але ён нібыта праігнараваў запрашэнне, і таму судовае паседжанне пройдзе без яго. У судзе праваабаронца Сяргей Гоўша сказаў, што Грык не атрымліваў ніякай СМС-кі і ён гатовы прадставіць тэлефон з беларускім нумарам, які Грык аставіў праваабаронцам. Аднак, Аксана Копач не прыняла гэта да ведама і распачала працэс.

Суддзя таксама не прыняла хадайніцтва сведкі з боку Грыка Мікалая Чарнавуса пра тое, што яго перадвыбарчы пікет як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў быў законным. А Рыгор Грык удзельнічаў у ім як давераная асоба Чарнавуса. Не выклікала суддзя на працэсс і міліцыянтаў, што падыходзілі да яго ў час пікету, праверылі дакументы і сказалі, што прэтэнзій не маюць, усё законна. У суд былі выкліканы міліцыянты, якія здалёк вялі відэаздымку пікета і супрацоўніцу ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама, што бачыла пікет. Ніхто з іх не падыходзіў да Грыка.

Тым не менш суддзя Копач вынесла рашэнне пакараць Рыгора Грыка штрафам у 50 базавых велічынь.

Абураныя праваабаронцы і прысутныя на судзе актывісты аставілі ў кнізе скаргаў запіс, што судовае паседжанне па грамадзянскай справе Рыгора Грыка праведзена з парушэннямі, што Грыка не атрымліваў позвы ў суд і прасілі праверыць тэлефон Грыка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства