“Бітва за ўраджай”: Кукурузу на Вілейшчыне з-пад снегу вызвалялі па загадзе?
Да праваабаронцаў “Вясны” патрапіў дакумент, які падцвердзіў інфармацыю аб факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне. Нагадваем, сродкі масавай інфармацыі на мінулым тыдні змясцілі фотаздымкі, на якіх добра бачна, што людзі збіраюць пад снегам ўраджай кукурузы.
Зараз стала вядома, што яшчэ 14 лістапада выконваючы абавязкі старшыні Вілейскага райвыканкама І. Шэвелеў падпісаў распараджэнне за нумарам 412а пад назвай “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы пачаткаў кукурузы”. Гэтым дакументам прадпісваецца
“кіраўнікам прадпрыемствам і арганізацый раёна накіраваць з 15 лістапада да поўнага завяршэння ўборкі пачаткаў кукурузы работнікаў згодна дадатку..”
Гарадскі аўтапарк павінен быў забяспечыць выдзяленне 4-х аўтобусаў для падвозкі гаражан на заснежаныя палеткі.
Прычым, у дакуменце, які прыводзіцца цалкам, не вядзецца гаворкі пра нейкую аплату такой працы. Акрамя таго, распараджэнне супярэчыць дзеючаму заканадаўству, у прыватнасці – артыкулу 20 Працоўнага кодэксу, які забараняе патрабаваць ад працаўніка выкананне працы, не абумоўленай працоўнай дамовай. З дакумента вынікае, што мае месца сапраўдная прымусовая праца, якая носіць мабілізацыйны характар і прыкрывае звычайную безгаспадарчасць чыноўнікаў. А гэта парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян і міжнародных нормаў, якія забараняюць прымусовую працу.
18 снежня праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў пракуратуру і Мінаблвыканкам па факце прымусовай працы на Вілейшчыне, дзе людзей сагналі збіраць кукурузу.
У сваіх зваротах у пракуратуру Вілейскага раёна і Мінскі абласны выканаўчы камітэт Стэфановіч ставіць пад сумнеў, што гэтая праца была добраахвотнай. Ён падкрэслівае, што супрацоўнікі розных прадпрыемстваў былі арганізавана прывезеныя на ўборку кукурузы на палях, гэта падцвярджаецца ў матэрыяле “Нашай Нівы” каментарамі прадстаўнікоў аддзела ідэалогіі прадпрыемства “Зеніт-БелОМА”.
“Варта адзначыць, што ўсе гэтыя працы па ўборцы ўраджая кукурузы адбываюцца ў працоўны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць тыя працоўныя абавязкі, які прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі працоўнымі дамовамі. У сувязі з гэтым выклікае пытанні прававы бок такой працы і яе прававога рэгулявання, аплаты і інш.”, - піша праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч прасіў пракуратуру Вілейскага раёну і Мінаблвыканкам правесці праверку па ўказаных фактах, а пры ўстанаўленні парушэнняў працоўнага заканадаўства з боку службовых асобаў прадпрыемстваў і мясцовых выканаўчых органаў улады – прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Зараз застаецца толькі дачакацца рэакцыі ўладаў на дзеянні чыноўнікаў Вілейскай вертыкалі.
Нагадаем, аналагічная сітуацыя здарылася летам 2016 года ў Глускім раёне, калі мясцовы выканкам выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”. Тады праваабаронцы таксама звярталіся ў пракуратуру Глускага раёна і выратавалі ўвесь раён ад прымусовай працы.