Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да правабаронцы Андрэя Бандарэнкі
14 лістапада па ініцыятыве адміністрацыі “Турмы №4” Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2. арт 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) супраць зняволенага праваабаронцы і заснавальніка праваабарончай установы “Платформ інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі. Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць зняволенне тэрмінам да 2 гадоў.
Першае следчае дзеянне, на якім прысутнічаў дзяжурны адвакат, адбылося 17 лістапада. Андрэй Бандарэнка адмовіўся даваць паказанні, таксама ён адмовіўся і ад паслуг дзяжурнага адваката. Ягоныя інтарэсы далей будзе прадстаўляць адвакат, з якім ён працуе на гэты час.
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да Бандарэнкі сталі раней накладзеныя дысцыплінарныя спагнанні, якія не ўдалося аспрэчыць у судзе.
30 лістапада Андрэя Бандарэнку наведае ягоны адвакат. У гэты ж дзень у Магілёўскім абласным судзе адбудзецца касацыйны разгляд 2 скаргаў Бандарэнкі на вынесеныя яму адміністрацыяй папраўчай установы спагнанні.
Варта адзначыць, што ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 14 лістапада пад час судовага разгляду скаргі Бандарэнкі на спагнанне, вынесенае адміністрацыяй Турмы №4, прадстаўнік турмы не нават не ўзгадваў аб тым, што была ўзбуджаная крымінальная справа.
Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Платформ інавэйшн”, якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю ён павінен выйсці 31 сакавіка 2017 года.