Імем Рэспублікі Беларусь расстраляны Сяргей Хмялеўскі
Сваякі Сяргея Хмялеўскага 29 лістапада паведамілі каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе, што прысуд да смяротнага пакарання ў дачыненні да іх блізкага чалавека прыведзены ў выкананне.
“Больш за месяц ад Сяргея Хмялеўскага не было лістоў да сваякоў. Аднак, на тым тыдні сваякі адносілі грошы для яго і іх у СІЗА узялі. Сёння ж яны пайшлі з ім на спатканне, дзе ім сказалі, што прысуд прыведзены ў выкананне.
Акрамя таго, ужо месяц няма лістоў і ад іншага асуджанага - Генадзя Якавіцкага. Пакуль у нас няма ніякай інфармацыі пра яго лёс”, - распавёў праваабронца.
Між тым Камітэт ААН па правах чалавека 3 жніўня пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага зварота Сяргея Хмялеўскага і прасіў беларускія ўлады адкласці расстрэл асуджанага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта.
Нагадаем, Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
6 траўня бягучага года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разглядзела апеляцыйную скаргу і пакінула прысуд без зменаў.
Міжнародная арганізацыя Amnesty Intrnational выступіла ў абарону Сяргея Хмялеўскага і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да прэзідэнта Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.