Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2017
Высновы:
- у лістападзе ўлады працягвалі прымяненне рэпрэсіўных практык у дачыненні да палітычных апанентаў і грамадзянскіх актывістаў; істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека зафіксавана не было;
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітзняволеныя Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. Па інфармацыі ПЦ "Вясна", абодва палітвязні падвяргаюцца розным формам ціску з боку адміністрацый папраўчых устаноў;
- працягваецца крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка;
- крымінальная справа і крымінальны пераслед у дачыненні да шаснаццаці грамадзян па абвінавачванні ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (так званая «справа Белага легіёна») спынена Следчым камітэтам;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі прыцягнення ўдзельнікаў і арганізатараў мірных сходаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў. Самі масавыя мерапрыемствы прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку;
- у мэтах выканання прынятага 31 кастрычніка 2017 года распараджэння Гомельскага абласнога і гарадскога выканкамаў тысячы рабочых, служачых розных гомельскіх прадпрыемстваў, а таксама студэнтаў і навучэнцаў навучальных устаноў горада былі арганізавана накіраваны на ўборку лёну на палі сельгаспрадпрыемстваў ў трох раёнах Гомельскай вобласці. Дадзеная акцыя насіла відавочна мабілізацыйны характар і была расцэненая праваабаронцамі як прымусовая праца;
- 14 лістапада ў адпаведнасці з Указам прэзідэнта № 410 у краіне стартавала выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дзень галасавання прызначаны на 18 лютага 2018 г.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
14 лістапада стала вядома, што ўсе абвінавачаныя па справе «аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» былі выкліканыя на допыты ў Следчы камітэт. 30 лістапада старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў «справы Белага легіёна».
Варта нагадаць, што праваабарончая супольнасць Беларусі патрабавала спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных па гэтай справе.
Працягнуўся з боку адміністрацыі ПК-2 на вязня сумлення Дзмітрыя Паліенку. Па словах родных і блізкіх, Дзмітрый практычна кожны месяц змяшчаецца ў ШІЗА на розных падставах. Сваякі баяцца, што такім чынам адміністрацыя папраўчай установы штучна стварае ўмовы для прыцягнення Дзмітрыя да крымінальнай адказнасці па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).
Адміністрацыя ПК у г. Горкі аказвае ціск на Міхаіла Жамчужнага: выкарыстоўваючы нефармальныя адносіны сярод зняволеных, палітвязня правакуюць на здзяйсненне дзеянняў, якія аднясуць яго да ніжэйшай бяспраўнай касты зняволеных і створаць пагрозу яго жыццю, здароўю і чалавечай годнасці.
Ціск на праваабаронцаў
Увечары 2 лістапада на літоўска-беларускай мяжы памежнікамі быў затрыманы ўкраінскі праваабаронца Назарый Баярскі. Яго знялі з цягніка «Вільня-Мінск» на чыгуначнай станцыі Гудагай. Праваабаронцу абвясцілі аб забароне на ўезд на тэрыторыю Беларусі без тлумачэння прычынаў.
Назарый Баярскі — сустаршыня кааліцыі па супрацьдзеянні дыскрымінацыі ва Украіне, каардынатар адукацыйных праграм Цэнтра грамадзянскіх свабод, актывіст «Еўрамайдан-SOS».
Парушэнне права на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Праваабарончы цэнтр «Вясна» і шэраг іншых арганізацый выступілі з сумеснай заявай у сувязі з перадачай у суд крымінальнай справы беларускіх аўтараў шэрагу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі. Праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору, а таксама міжнародных стандартаў у галіне абароны свабоды слова і выказвання меркаванняў.
1 лістапада суд Ленінскага раёна г. Мінска разгледзеў адміністрацыйную справу Уладзіміра Някляева. Яго абвінавацілі ў парушэнні забароны на заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, спасылаючыся на артыкул на сайце “Хартыі-97”, дзе ён нібыта заклікаў да ўдзелу ў акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”. Нягледзячы на тое, што У. Някляеў не быў ні удзельнікам, ні арганізатарам акцыі, суддзя Святлана Мятлёнак пакарала Уладзіміра Някляева дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Падобнае інтэрв'ю для СМІ стала падставай для штрафу ў 10 базавых велічынь (230 рублёў) Сяргею Фалейчыку.
Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за ўдзел у мірных сходах і пікетах.
Суд Крупскага раёна 30 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да мастака Алеся Пушкіна па арт. 23.34 КаАП за акцыю, якая адбылася 1 верасня ў Слуцку. Суддзя Наталля Вусік палічыла віну мастака даказанай і аштрафавала яго на 5 базавых велічынь. 1 лістапада начальнік Слуцкага РАУС Уладзімір Гярэга вынес пастанову аб накладанні на А. Пушкіна штрафу ў адну базавую велічыню за тое, што мастак размясціў на агароджы будынка краязнаўчага музея, які знаходзіцца на рэканструкцыі, выявы удзельнікаў Слуцкага паўстання 1920 года, чым, на думку праваахоўнікаў, парушыў п. 17 Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Акрамя таго, складзены пратакол за невыкананне абавязкаў па выхаванні 13-гадовага сына, якога мастак узяў з сабой на несанкцыянаваную ўладамі акцыю 1 верасня ў Слуцку.
Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч асуджаны яшчэ на 10 сутак адміністрацыйнага арышту; гэтае рашэнне суддзя Таццяна Мотыль з суда Маскоўскага раёна Мінска прыняла яшчэ 26 кастрычніка, а жонка палітыка Марына Адамовіч даведалася пра гэта з судовай пастановы, якую яна атрымала 3 лістапада па пошце заказным лістом. З пастановы вынікае, што Статкевіч асуджаны за пікет, правядзены 7 кастрычніка каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна. У той дзень Статкевіч выйшаў на волю з ЦІП пасля 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі. Палітыка сустракалі жонка, актывісты і журналісты, з якімі ён пагутарыў.
Брэсцкая актывістка Наталля Папкова 4 лістапада асуджаная на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі «Марш абураных беларусаў 2.0» супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, якая прайшла ў Мінску 21 кастрычніка. У суд Папкову даставілі з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, дзе яна адбывала сем сутак арышту за ўдзел у акцыі супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017».
Удзел у акцыі «Марш абураных беларусаў 2.0», які адбыўся ў Мінску 21 кастрычніка, абышоўся ў 20 базавых велічынь (460 рублёў) штрафу Сяргею Марцалеву, Раману Пратасевічу, Уладзіміру Неўмяржыцкаму і Алене Луцковіч; у 10 велічынь (230 рублёў) — Сяргею Фалейчыку. Леаніду Кулакову штраф прызначаны ў памеры 40 базавых велічынь (920 рублёў). Суддзя Таццяна Ліннік з суда Першамайскага раёна сталіцы разгледзела адміністрацыйную справу 70-гадовай актывісткі Ніны Багінскай і 21 лістапада вынесла пастанову аб прыцягненні актывісткі да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.
У Віцебску міліцыя затрымала некалькі ўдзельнікаў малітвы ля крыжа, усталяванага ў памяць ахвяраў сталінізму; затрыманне было адвольным, не звязаным з парушэннем грамадзянамі закона. Усе затрыманыя былі адпушчаныя з пастарунку праз гадзіну.
Спробы атрымаць дазвол уладаў на правядзенне мірных сходаў, як правіла, з’яўляюцца беспаспяховымі: Мінскі гарвыканкам адмовіў ініцыятыўнай групе “Руху маці 328” у дазволе правесці мітынг 20 лістапада з 14.00 да 16.00 у парку Дружбы народаў з заяўленай колькасцю ўдзельнікаў да 500 чалавек. Падставай для адмовы стала тое, што на гэты ж час у парку быццам бы было прызначана правядзенне іншага мерапрыемства. Аднак, як высветлілі жанчыны Руху, ніякіх іншых мерапрыемстваў у той час там не было.
Светлагорскі раённы выканаўчы камітэт не дазволіў мясцовым грамадскім і экалагічным актывістам правесці 23 лістапада пікет насупраць завода беленай цэлюлозы. У Мёрах актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі адмоўлена ў правядзенні пікету “Стоп дзедаўшчына — у войску і краіне!”. Мёрскі выканкам спаслаўся на адсутнасць дамоваў з міліцыяй, медыкамі і ЖКГ.
Жорсткае абыходжанне
Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска другі раз адмовіў Мікалаю Дзядку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце ягонага збіцця 25 сакавіка супрацоўнікамі АМАП.
Мікалай Дзядок накіраваў у СК скаргу на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур з патрабаваннем распачаць супраць іх крымінальную справу. Аднак ва ўзбуджэнні крымінальнай справы яму было адмоўлена. Пасля гэтага ён паскардзіўся ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, якая ў сваю чаргу адмяніла рашэнне Следчага камітэта, адзначыўшы, што “не былі прынятыя меры па поўнаму і ўсебаковаму даследаванню абставінаў, у сувязі з чым пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вынесена заўчасна”.
Пераслед журналістаў
Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна з Бярозы прыцягнутая да адказнасці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Суддзя Алена Нямкова пастанавіла пакараць Тамару Шчапёткіну штрафам у памеры 25 базавых велічынь — 575 беларускіх рублёў.
14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва суддзя Таццяна Касцюк разгледзела адміністрацыйную справу журналісткі Аліны Скрэбуновай, якую міліцыя абвінаваціла ў стварэнні трох сюжэтаў для тэлеканала «Белсат». Журналістка пакараная штрафам у 30 базавых велічынь — 690 рублёў.
Прымусовая праца
Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву ў пракуратуру Гомельскай вобласці з тым, каб яна правяла праверку па факце прымусовай працы па ўборцы лёну на палях сельгаспрадпрыемстваў Кармянскага, Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў.
Падставай для скаргі стала перапублікацыя ад 3 лістапада на інтэрнэт-партале TUT.by матэрыялу з інфармагенцтва БелаПАН пад назвай “Настаўнікаў, студэнтаў і работнікаў гомельскіх прадпрыемстваў адпраўляюць “усім светам” ратаваць лён”. У артыкуле быў змешчаны і каментар прадстаўніка Гомельскага аблвыканкама з інфармацыяй пра тое, што 31 кастрычніка было прынята адпаведнае рашэнне аблвыканкама “Аб ўсебаковай дапамозе ААТ “Гомельлён”.
Пазней у распараджэнні рэдакцыі «Гомельскай Вясны» апынуліся адпаведныя распараджэнні старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка і старшыні гарвыканкама Пятра Кірычэнкі аб аказанні сельгаспрадпрыемствам дапамогі ва ўборцы лёну.
Варта адзначыць, што накіраванне работнікаў прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, а таксама студэнтаў, навучэнцаў і ваеннаслужачых тэрміновай службы на ўборку ўраджаю сельгаспрадукцыі з'яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных формаў прымусовай працы ў Беларусі.
23 лістапада юрыст ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ з Пракуратуры Мінскай вобласці на сваю скаргу аб правядзенні дадатковай праверкі ў адносінах старшыні і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама па справе аб гібелі вучаніцы сярэдняй школы № 11 Вікторыі Папчэня. Пракуратура Мінскай вобласці чарговы раз ухілілася ад правядзення праверкі на прадмет наяўнасці альбо адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях чыноўнікаў маладзечанскага райвыканкама.
Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаўся ў Пракуратуру і Следчы камітэт па Мінскай вобласці з патрабаваннем правядзення праверкі і прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама — старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І. Драпезы, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб прыцягненні вучняў школы да ўборкі ўраджаю бульбы.
Бацька загінулай дзяўчынкі звярнуўся ў Мінскі абласны суд з прыватнай скаргай, у якой просіць адмяніць вызначэнне суда Маладзечанскага раёна аб непадведамаснасці скаргі суду і накіраваць справу на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі. Разгляд касацыі ў абласным судзе павінен адбыцца 4 снежня. Бацькі, якія страцілі адзіную дачку, прасілі раённы суд прызнаць райвыканкам, аддзел адукацыі, сярэднюю школу, а таксама Міністэрства адукацыі вінаватымі ў пазбаўленні жыцця іх дачкі. У якасці мер агульнага характару сям'я прасіла суд абавязаць дзяржорганы прыняць заканадаўчыя і іншыя меры, якія дазваляюць пазбегнуць падобных трагедый з дзецьмі ў будучыні.
Мясцовыя выбары
14 лістапада ў краіне стартавала выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дзень галасавання прызначаны на 18 лютага 2018 г. Адначасова са стартам кампаніі па выбарах у Мясцовыя саветы праваабаронцы распачалі кампанію па назіранні за гэтымі выбарамі.
24 лістапада скончылася фарміраванне тэрытарыяльных камісій; толькі ў сем з 1 309 камісій трапілі прадстаўнікі апазіцыйных партый.
Ілюстрацыйнае фота: прымусовая ўбокі лёну на палях Гомельшчыны. Іван Ярывановіч, TUT.BY