Валянцін Стэфановіч: Загады службовых асобаў сведчаць аб арганізаванай прымусовай працы ў Маладзечанскім раёне
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта па факце прымусовай працы працаўнікоў прадпрыемстваў і навучэнцаў установаў адукацыі ў жніўні 2016 года.
У сваёй заяве Валянцін Стэфановіч просіць правесці праверку на наяўнасць складу службовага злачынства ў дзеяннях старшыні Маладзечанскага райвыканкаму А. Д. Яхнаўца, які выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям Маладзечанскага раёна ў прыборцы бульбы ўраджая 2016 года”. Згодна з ім, кіраўнікам арганізацый рэкамендавалася аказаць дапамогу з 5 па 30 верасня 2016 г. ААТ “Усход-Агра”, ААТ “Палачаны” і сельгаспрадпрыемству “Хажоваагра-2009”. А таксама - у дзеяннях начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкаму І. Ф. Драпезы, што на падставе распараджэння выдала загад, паводле якога кіраўнікам дзесяці ўстановаў адукацыі неабходна было накіраваць у прадпрыемства “Усход-Агра” працаўнікоў і вучняў толькі 10 класаў на прыборку бульбы.
Менавіта дзеля выкананне гэтага дакумента былі прынятыя адпаведныя загады дырэктарамі сярэдніх школаў, у тым ліку дырэктарам школы №11 – аб накіраванні вучняў 8-11 класаў на прыборку бульбы ў вучэбны час. У выніку – адна з навучэнак 8-га класа дадзенай школы, Вікторыя Папчэня, загінула падчас працы на полі.
Пры гэтым, ў судзе Маладзечанскага раёна падчас разгляду грамадзянскай справы па пазове бацькоў загінулай дзяўчынкі, дырэктар “Усход-Агра” А. Жыгарэнка адзначыў, што не першы раз звяртаецца ў Маладзечанскі райвыканкам з просьбай аб аказанні дапамогі ў прыборцы ўраджаю. Па ягоных словах, райвыканкам вызначае “арганізацыі-памошнікі” і ўся праца па прыборцы ўраджаю вядзецца без афармлення працоўных дамоваў і без аплаты, як “шэфская дапамога”.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што выдадзенае А.Д. Яхнаўцом распараджэнне відавочна насіла абавязковы характар для кіраўнікоў прадпрыемстваў, а загад І.Ф. Драпезы – для дырэктароў навучальных устаноў.
“Ацэньваючы ўсе вышэй указаныя факты ў сукупнасці, я прыходжу да высновы, што, усведамляючы відавочна незаконны характар сваіх дзеянняў, старшыня Маладзечанскага райвыканкама, а ўслед за ім і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму ўказанага райвыканкама, выдалі распараджэнне і загад, якімі абавязалі накіроўваць супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў і вучняў школ на прыборку бульбы ў сельгаспрадпрыемствы раёна ў парушэнне патрабаванняў дзеючага працоўнага заканадаўства. Такім чынам, А. Д. Яхнавец і І.Ф. Драпеза перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, чым прычынілі істотную шкоду законным правам грамадзянаў”, - піша ў звароце праваабаронца.
Ён адзначае, што асабліва цяжкімі наступствамі ў гэтай сітуацыі з’яўляецца гібель у выніку няшчаснага выпадку падчас працы па прыборцы бульбы навучэнкі 8-га класа В. Папчэні, а загады службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкаму сведчаць аб арганізаванай прымусовай працы жыхароў гэтага раёна ў мэтах эканамічнага развіцця. У той жа час, Міжнародныя нормы права забараняюць прымусовую працу і разумеюць у якасці такой не толькі працу пад пагрозай якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, але і любую іншую працу, якая носіць абавязковы характар.
Гэта не першы раз, калі праваабаронца звяртае ўвагу дзяржорганаў на парушэнні райвыканкамамі працоўнага заканадаўства і міжнародных дамоваў і прыцягненне да прымусовай працы грамадзянаў. Раней Валянцін Стэфановіч прасіў пракуратуры розных узроўняў даць ацэнку законнасці распараджэнняў Вілейскага райвыканкаму “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям раёна ў прыборцы пачаткаў кукурузы” і Глусскага райвыканкаму “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў” і прыцягнуць адказных службовых асобаў да адказнасці.