Палітвязня Зміцера Паліенку працягваюць "прэсаваць" у калоніі
23 лістапада са Зміцерам у калоніі сустрэўся яго бацька Аляксандр Мікалаевіч Паліенка, якія распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як даводзіцца ў калоніі яго сыну.
“Перыядычна сына і насамрэч прэсуюць у калоніі, адпраўляючы ў ШІЗА, – кажа суразмоўца. – Калі справа пойдзе так і далей, то могуць ужыць 411-ы артыкул і дадаць тэрмін зняволення. Сын гэтага не выключае…”
“Мы даведаліся, што амаль штомесяц Зміцер трапляе на 10 сутак у штрафны ізалятар, – паведаміў сайту palitviazni.info сябра Змітра Вячаслаў Касінераў. – Прыходзяць на размовы аператыўнікі, праўда, пра змест гутарак не вядома. Зміцер таксама не выключае, што на яго могуць “павесіць” 411-ы артыкул, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за дысцыплінарныя парушэнні. Яго мэтанакіравана робяць злосным парушальнікам рэжыма. Дарэчы, лісты з калоніі не даходзяць, хаця яму пісалі некалькі разоў”.
“Перыядычна сына і насамрэч прэсуюць у калоніі, адпраўляючы ў ШІЗА, – дадае Аляксандр Мікалаевіч Паліенка. – Калі справа пойдзе так і далей, то могуць ужыць 411-ы артыкул і дадаць тэрмін зняволення. Сын гэтага не выключае. У такой калоніі вынесці спагнанне для зняволенага – гэта, як два памножыць на два. Не так павярнуўся, не так уздыхнуў – вось і парушэнне. Зміцер сказаў, што адразу пасля нашага спаткання ізноў адпраўляецца ў ШІЗА. Быццам бы паліў цыгарэты ў недазволеным месцы, хаця гэтага не было. Таму гэта галоўная праблема для сына, а ва ўсім астатнім быццам бы ўсё нармальна”.
Са слоў бацькі палітвязня, Зміцеру адвезлі рэчы, якія ён прасіў, прадукты харчавання. Спатканне доўжылася каля трох гадзін.
“У калоніі сын працуе – абслугоўвае станкі, – кажа суразмоўца. – Праўда, заробкі там, безумоўна, зусім малыя. Зміцер кажа, што за месячны заробак можна купіць толькі 4-5 пачак цыгарэт”.
***
Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.