viasna on patreon

За тры сюжэты для "Белсат" журналістку Аліну Скрэбунову аштрафавалі на 30 базавых

2017 2017-11-15T11:24:13+0300 2017-11-15T11:43:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skrebunova_buhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналістка Аліна Скрэбунова і праваабаронца Барыс Бухель

Журналістка Аліна Скрэбунова і праваабаронца Барыс Бухель

14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшоў разгляд справы журналісткі Аліны Скрэбуновай, якую міліцыя абвінаваціла ў стварэнні трох сюжэтаў для тэлеканала «БелСАТ». Ленінскі РАУС палічыў незаконнымі сюжэты пра забарону веларуху па вуліцы Ленінскай, пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ «Шпаркі лось» і «Дранік-Фэст», паведамляе mspring.online.

Згодна з пазіцыяй інспектара Яўгена Слаўнікава, Скрэбунова працавала на замежны тэлеканал «БелСАТ» без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў. Гэта паслужыла падставай для звароту ў суд.

Першае паседжанне павінна было адбыцца яшчэ 8 лістапада, аднак суддзя Касцюк вырашыла адкласці працэс амаль на тыдзень з-за няяўкі журналісткі на працэс.

14 лістапада Скрэбунова з'явілася ў суд. Затое не было ніводнага сведкі. Трое папрасілі разгледзець справу ў іх адсутнасць, яшчэ двое не прыйшлі без тлумачэння прычын.

Напачатку разбіральніцтва Аліна Скрэбунова заявіла хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкі маёра Яўгена Слаўнікава, які складаў пратакол у дачыненні да яе.

"Ён дапускаў мноства працэсуальных парушэнняў, напрыклад, не патлумачыў мне мае правы перад апытаннем. Я падазраю, што гэтак жа сама ён не патлумачыў правы сведкам", – сказала дзяўчына.

Суддзя Касцюк адмовіла ў хадайніцтве, паколькі не ўбачыла прычын для выкліку міліцыянта. У адказ на гэта журналістка падкрэсліла, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яе заведзена па палітычных матывах.

"Маёр Слаўнікаў прадставіў толькі абставіны, якія абцяжарваюць і нібыта даказваюць маю віну. Ён не правёў паўнавартаснай праверкі. Няма доказаў, што я журналістка БелСАТ, у мяне няма працоўных адносін з тэлеканалам. Акрамя таго, ён абвінавачвае мяне яшчэ і ў распаўсюдзе прадукцыі СМІ, хоць я, як фізічная асоба, не магу гэтага зрабіць, – паведаміла суддзі Скрэбунова.

Яна патлумачыла, што ўсяго толькі брала інтэрв’ю ў людзей, што не з’яўляецца парушэннем:

"Інтэрв’ю – гэта размова паміж людзьмі ў форме пытанне-адказ. Сама па сабе дадзеная размова не можа з’яўляцца матэрыялам СМІ".

Падчас свайго выступу журналістка асабліва падкрэсліла, што адміністрацыйны працэс і суд у дачыненні да яе з’яўляецца прамым парушэннем свабоды слова і канстытуцыйных правоў.

Пасля гэтага Таццяна Касцюк вырашыла праглядзець ролікі, у стварэнні якіх абвінавацілі Аліну, але здарыўся кур’ёз – дыск, які прымацаваў да матэрыялаў справы маёр Слаўнікаў, не спрацаваў. Суддзя паспешліва абвясціла перапынак. У выніку яна вырашыла, што лепшым пакараннем для Скрэбуновай будзе штраф у 30 базавых велічынь – 690 рублёў.

Журналістка плануе абскардзіць прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства