Мікалаю Дзядку адмоўлена ва ўзбуджэнні справы супраць амапаўцаў
Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця 25 сакавіка Мікалая Дзядка супрацоўнікамі АМАП.
Нагадаем, экс-палітвязень і сталы аўтар “Новага часу” Мікалай Дзядок быў затрыманы і збіты пад час Дня Волі, яго забралі па хуткай з пастарунку. Паводле медыцынскага заключэння ён атрымаў закрытую ЧМТ і чатыры дні правеў у шпіталі. Са шпіталю яго павезлі ў суд Партызанскага раёну, дзе і прыгаварылі да 10 сутак арышту.
Як паведамляе "Новы Час", Мікалай накіраваў у СК скаргу на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структураў з патрабаваннем убудзіць супраць іх крымінальную справу.
Як лічыць сам Мікалай, гэта адказ быў заканамерны, бо ўлады не здаюць сваіх.
“Яны выдатна разумеюць, што калі зараз узбудзіць крымінальную справу і пакараць тых АМАПаўцаў, назаўтра такія скаргі пасыплюцца масава, і прыйдзецца сажаць АМАПацўаў пачкамі. А гэта моцна падарве лаяльнасць сілавікоў да кіруючай вярхушкі. Таму Лукашэнка і надалей будзе даваць сваім сілавікам загад пакрываць любыя злачынствы "нізоў". Я не думаю, што ў АМАПаўцаў быў адмысловы загад біць мяне ці яшчэ кагосьці, ды памацней. Яны проста дзейнічаюць як прывыклі, гэта людзі, якія паважаюць толькі грубую сілу, азлобленыя, з прамытымі прапагандай мазгамі. Таму выпадкі, падобныя на мой, будуць працягвацца”, — падкрэсліў Дзядок.
“Таксама хачу заўважыць, што, канешне, паколькі мы жывём у неправавой дзяржаве, дзе эліты хочуць утрымаць уладу літаральна любымі сродкамі, то спробы абараніць сябе, апелюючы да закону, як правіла, заўсёды будуць вырачаныя на правал. Гэта як звяртацца да ахоўніка канцлагера з просьбай аб абароне. — адзначыў экс-палітвязень. — Аднак пакуль есць магчымасць я змагаўся і буду змагацца ў тым ліку юрыдычнымі метадамі. На гэта ёсць тры прычыны. Першая: хай не расслабляюцца. Другая: нават адмоўны вынік гэта таксама вынік. Хай ўсе бачаць, што закон не дзейнічае — гэта дэлегітымізуе ўладу. І трэцяя: раней ці пазней гэтая ўлада сыдзе і ў тых, хто мае ўсе дакументы на руках, будзе рэальны шанец дабіцца кампенсацыі і паспрыяць люстрацыі. Менавіта таму я не пакіну гэта проста так і намераны справу аб сваім арышце і збіцці давесці да КПЧ. Дарэчы, гэта будзе ўжо другая мая справа супраць беларускіх уладаў у КПЧ — першая датычыцца майго 5-гадовага турэмнага тэрміну. Калі яны не хочуць лічыцца са сваім жа законам, лічыцца з міжнароднай супольнасцю будуць вымушаныя. Калі не зараз то потым”.