СК ізноў адмовіў Мікалаю Дзядку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў
Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска другі раз адмовіў Мікалаю Дзядку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яго збіцця 25 сакавіка супрацоўнікамі АМАП.
Пра гэта стала вядома з паведамлення былога палітзняволенага, змешчанага на яго асабістай старонцы ў фэйсбуку.
Следчая Венцель Т.В. зноў не знайшла складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Уся пастанова на 7 аркушах - звычайнае адпісачнае фуфло, якое, бадай, кожны актывіст чытаў сто разоў у сваім жыцці. Выключна даследніцкі інтарэс выклікае толькі наступнае. Я прадставіў да следчых цэлых двух сведкаў, якія бачылі, як мяне валаклі ў бус і ў ім збівалі.
Канешне, следачцы трэба было неяк выкруціцца і абясцэніць іх паказанні. Вось якую цікавую фармулёўку яна для гэтага знайшла:
"...вместе с тем их устные пояснения в виду явной заинтересованности в исходе дела в пользу Дедка Н.А., обоснованной неприязни к сотрудникам милиции как лиц совершавших аналогичные правонарушения и подвергавшихся превентивным мерам, при наличии у них желания скомпрометировать сотрудников правоохранительных органов, можно поставить под сомнение."
Што тут скажаш? Няхай жыве «обоснованная неприязнь к сотрудникам милиции»! З кожным такім дакуменцікам яна робіцца ўсе больш «обоснованной».
Нагадаем, былы палітвязень Мікалай Дзядок быў затрыманы і збіты пад час Дня Волі, яго забралі на хуткай з пастарунку. Паводле медыцынскага заключэння ён атрымаў закрытую ЧМТ і чатыры дні правеў у шпіталі. Са шпіталю яго павезлі ў суд Партызанскага раёну, дзе і асудзілі да 10 сутак арышту.
Мікалай Дзядок накіраваў у СК скаргу на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структураў з патрабаваннем узбудзіць супраць іх крымінальную справу. Аднак, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы яму было адмоўлена.
Пасля гэтага ён паскардзіўся ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, якая ў сваю чаргу адмяніла рашэнне следчага камітэта, адзначыўшы, што "не былі прынятыя меры да поўнага і ўсебаковага даследавання абставінаў, ў сувязі з чым пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вынесена заўчасна".