Праваабаронцы заклікаюць, каб суд па справе Алімкіна, Паўлаўца і Шыпценкі быў адкрыты
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступілі з сумеснай заявай у сувязі з перадачай справы супраць Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі ў суд.
25 кастрычніка старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў аб перадачы ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да трох беларускіх аўтараў шэрагу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі.
Усе яны былі затрыманыя ў снежні 2016 года і да цяперашняга часу — больш за 10 месяцаў — знаходзяцца пад вартай. Ім прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, учыненыя групай асоб, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай варожасці і іншай сацыяльнай прыналежнасці). Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыпценку выстаўлены абвінавачанні таксама па ч. 1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).
Гэтая крымінальная справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Між тым, афіцыйная інфармацыя пра справу (напрыклад, якія менавіта артыкулы і выказванні кожнага з абвінавачаных паслужылі падставай для завядзення крымінальных спраў супраць іх, чаму гэтыя тры справы аб'яднаныя ў адну, што з'яўляецца падставай для абвінавачвання Ю. Паўлаўца і С. Шыпценкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і г. д.) практычна адсутнічала або выглядала супярэчлівай і выклікала абгрунтаваныя сумневы.
У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі:
— Забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама міжнародных стандартаў у галіне абароны свабоды слова і выказвання меркаванняў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Беларускі дакументацыйны цэнтр
РГА "Прававая ініцыятыва"
Заклікаем далучыцца да заявы і іншыя праваабарончыя арганізацыі