viasna on patreon

Мікалая Статкевіча, які адбывае арышт, асудзілі яшчэ на 10 сутак

2017 2017-11-03T18:10:52+0300 2017-11-03T18:12:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich-4-1-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч.

Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч асуджаны яшчэ на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміла БелаПАН яго жонка Марына Адамовіч.

Паводле яе словаў, такое рашэнне суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль прыняла яшчэ 26 кастрычніка. Адамовіч даведалася пра гэта з судовай пастановы, якую яна атрымала 3 лістапада па пошце заказным лістом. З пастановы вынікае, што Статкевіч асуджаны за пікет, праведзены 7 кастрычніка каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна.

У той дзень Статкевіч выйшаў на волю з ЦІП пасля 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі. Палітыка сустракалі жонка, актывісты і журналісты, з якімі ён пагутарыў.

«Суддзя Мотыль вырашыла, што вызваленне Статкевіча пасля 15-сутачнага арышту само па сабе з'яўляецца пікетаваннем, за якое трэба быць пакараным яшчэ 10 суткамі арышту. Такім чынам, створаны шыкоўны прэцэдэнт, калі можна любое вызваленне з Акрэсціна лічыць пікетаваннем», - пракаментавала Адамовіч новы арышт мужа.

У цяперашні час Статкевіч знаходзіцца ў ЦІП. З 31 кастрычніка ён адбывае 5-суткавы арышт за акцыю супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017», якая прайшла 8 верасня ў цэнтры Мінска. На волю палітык павінен выйсці ўвечары 4 лістапада.

На пытанне, ці ёсць верагоднасць, што Статкевіча не выпусцяць заўтра, а падоўжаць яго знаходжанне ў ЦІП на 10 сутак, Марына Адамовіч адказала:

«Для ўладаў парушэнне закона стала абсалютнай нормай, таму можа быць усё, што заўгодна».

У любым выпадку, яна збіраецца сустракаць мужа каля ЦІП у суботу ўвечары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства