viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2017

2017 2017-08-01T13:19:57+0300 2017-08-01T16:48:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_lipen_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • На працягу месяца назіраліся выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку і ў выглядзе арыштаў, у сувязі з рэалізацыяй імі гарантаваных правоў на мірныя сходы і выказванне меркаванняў;
  • Як стала вядома ПЦ "Вясна", крымінальная справа, распачатая паводле ч. 3 арт. 293 КК (падрыхтоўка масавых беспарадкаў) напярэдадні 25 сакавіка 2017 г., не была спыненая. Пры гэтым праваабаронцам на сённяшні дзень нічога не вядома пра якіх-небудзь фігурантаў гэтай крымінальнай справы.
  • Крымінальная справа, распачатая ў дачыненні да 16 грамадзян паводле арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) таксама не спынена і па ёй вядуцца следчыя мерапрыемствы. Усім 16 абвінавачаным была змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе і ў парушэнне патрабаванняў КПК ўзятыя абавязальніцтвы аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга расследавання, у сувязі з чым гэтая крымінальная справа, як і раней, мае закрыты для грамадскасці характар;
  • Стала вядома аб узбуджэнні і працягу следства па шэрагу крымінальных справаў, якія, на думку экспертаў ПЦ "Вясна", носяць палітычна матываваны характар ​​і звязаныя з рэалізацыяй грамадзянамі гарантаваных правоў. Так, крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 400 КК (ілжывы данос) была распачатая ў дачыненні да віцебскага лекара Ігара Пастнова. Працягваецца вытворчасць па крымінальнай справе, распачатай па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) у красавіку гэтага года ў дачыненні да прадпрымальніка, кіраўніка прафсаюза «Салідарнасць» і актыўнага ўдзельніка сацыяльных акцый пратэсту ўвесну гэтага года ў Полацку Генадзя Бердзянёва;
  • Улады Беларусі працягвалі палітыку ігнаравання заклікаў міжнароднай супольнасці да ўвядзення мараторыя на прымянення смяротнага пакарання. На працягу месяца былі вынесены два новыя смяротныя прысуды і ўступіў у законную сілу адзін раней вынесены;
  • Гэтыя факты сведчаць аб тым, што ўлады Беларусі на дадзены момант працягваюць палітыку рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, распачатую вясной гэтага года, і меркаванні аб іх змякчэнні з’яўляюцца заўчаснымі. Улады краіны не робяць ніякіх крокаў, накіраваных на сістэмныя і якасныя змены ў галіне правоў чалавека;
  • У той жа час, нельга не адзначыць і шэраг пазітыўных падзей, якія адбыліся ў ліпені. Так, на чарговы раўнд перамоваў па правах чалавека ЕС-Беларусь, які праходзіў 20 ліпеня ў Бруселі, былі дапушчаныя і некаторыя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці;
  • 4 ліпеня напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая праходзіла ў Менску, быў праведзены паралельны форум грамадзянскай супольнасці, на якім змаглі прысутнічаць шматлікія прадстаўнікі міжнародных і замежных праваабарончых арганізацый, у тым ліку раней ня ўязныя ў Рэспубліку Беларусь. Па выніках форуму была прынятая рэзалюцыя.
  • Таксама 6 чэрвеня ў рамках мерапрыемстваў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ адбыўся круглы стол, у рабоце якога прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Як стала вядома ПЦ "Вясна", крымінальная справа, распачатая паводле ч. 3 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (падрыхтоўка масавых беспарадкаў) напярэдадні 25 сакавіка 2017 г., не спынена.

Пры гэтым, на сёння ПЦ "Вясна" не вядома аб асобах, якія б знаходзіліся ў статусе падазронага або абвінавачанага ў рамках крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293, аднак падставы для турботы ёсць.

Нагадаем, крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У рамках яе былі затрыманыя больш за 30 чалавек, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызвалена з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16 фігурантам было прад'яўлена дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання, а крымінальны пераслед тых жа асоб на падставе ч. 3 арт. 293 КК КДБ спыніў. Гэты факт і быў успрыняты грамадскасцю як спыненне самой крымінальнай справы.

Пасля з'яўлення інфармацыі аб катаваннях у СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27-30 чэрвеня ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фарміравання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. Крымінальны пераслед, аднак, спынены не быў.

Віцебскага лекара Ігара Пастнова, вядомага сваімі крытычнымі выступамі ў адрас мясцовых чыноўнікаў, падазраюць у заведама фальшывым даносе аб здзяйсненні злачынства. Крымінальная справа па частцы 1 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса РБ распачата 4 ліпеня гарадскім аддзелам Следчага камітэта па заяве начальніка СІЗА № 2 Эдуарда Курыленкі.

Падставай для крымінальнага пераследу Пастнова стала яго допіс у сацыяльнай сетцы «Укантакце» ад 3 красавіка 2017 года, у якім ён піша пра факты збіцця і катаванняў у СІЗА № 2 г. Віцебска Рафаэля Габрыэля Саламонавіча Шмільхольхарда (Кірылава), а таксама аб неаказанні апошняму належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым, Пастноў сцвярджае, што гэтыя і іншыя супрацьпраўныя дзеянні нібыта здзейсніў начальнік згаданай ўстановы Эдуард Курыленка, а таксама яго супрацоўнікі.

ПЦ "Вясна" адзначае, што такія працэсуальныя рашэнні могуць супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязальніцтвам краіны ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркаванняў.

Крымінальная справа за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК), якая была распачатая яшчэ ў красавіку 2017 года ў дачыненні да прадпрымальніка, кіраўніка прафсаюза «Салідарнасць» і актыўнага ўдзельніка сацыяльных акцый пратэсту ў лютым гэтага года ў Полацку Генадзя Бердзянёва, да гэтага часу не спынена.

Пра гэта прадпрымальнік даведаўся, калі 10 ліпеня следчы вярнуў яго планшэт, канфіскаваны для экспертызы падчас ператрусу на кватэры 24 красавіка.

Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, лінгвістычная экспертыза каментароў, якія зрабіў полацкі прадпрымальнік у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», праводзілася на працягу двух з паловай месяцаў у Віцебску.

Варта нагадаць, што беларуская праваабарончая супольнасць настойвае на дэкрыміналізацыі падобных дзеянняў і спыненні крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні, разглядаючы гэта ў якасці першага кроку да адмены артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, і 391 Крымінальнага кодэкса.

У месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, якія раней беларускай праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітвязнямі.

Ціск на праваабаронцаў

У ходзе паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці, які прайшоў у Менску 4 ліпеня напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, 65 беларускіх і замежных праваабаронцаў падпісаліся пад зваротам на імя міністраў замежных і ўнутраных справаў Уладзіміра Макея і Ігара Шуневіча з патрабаваннем дазволіць Алене Танкачовай неадкладна вярнуцца ў Беларусь і выключыць яе са спісу асоб, уезд якім у краіну забаронены. Дакумент 5 ліпеня быў перададзены ў МЗС і МУС.

Расійскай грамадзянцы, праваабаронцы Алене Танкачовай забаронена ўязджаць у Беларусь да лютага 2018 года. МУС Беларусі без тлумачэння прычын неаднаразова адмаўлялася скараціць дадзены тэрмін.

4 ліпеня ў Фрунзенскім судзе Менску прайшоў трэці судовы працэс над кіраўніком праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» (зарэгістраваны ва Украіне) Алегам Волчакам. У судзе праваабаронцу стала дрэнна, аднак на скаргі аб дрэнным самаадчуванні суддзя не адрэагаваў. Прысутныя выклікалі хуткую дапамогу, якая шпіталізавала А. Волчака, і далейшае судовае разбіральніцтва праходзіла ў яго адсутнасць. Праваабаронцу прызначаны буйны штраф.

Да гэтага, 21 сакавіка суд Фрунзенскага раёна Менска прызначыў Алегу Волчаку 13 сутак арышту. Праваабаронца судзілі за ўдзел у «Маршы раззлаваных беларусаў», які прайшоў у Менску 17 лютага. Менскі гарсуд адмяніў рашэнне Фрунзенскага суда і адправіў справу на новы разгляд.

У другі раз Фрунзенскі суд пацвердзіў першапачатковае рашэнне — 13 сутак арышту, аднак пастанова неўзабаве зноў была адменена.

Смяротнае пакаранне

30 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Нароўлі Аляксея Міхалені і пакінуў прысуд першай судовай інстанцыі без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.

Гомельскім абласным судом 17 сакавіка Міхаленя быў прызнаны вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця дзвюх асоб (брата і сястры, якія жылі разам у адным доме), якое было здзейснена з асаблівай жорсткасцю (п. 1, 6, 16 ч. 2 арт.139 Крымінальнага кодэкса), і прысуджаны да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Вядома таксама, што мужчына раней быў двойчы судзімы за крадзеж, а ў непаўналетнім узросце за забойства.

21 ліпеня калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда вынесла смяротны прысуд у дачыненні да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнова. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным Судзе Беларусі.

18 тысяч подпісаў за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі перадалі 6 ліпеня праваабаронцы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Подпісы, сабраныя ў межах глабальнай кампаніі Amnesty International, прывезла ў нашу краіну прадстаўніца гэтай арганізацыі Айша Юнг.

Да перадачы звароту і подпісаў у Адміністрацыю далучыліся праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

А 18 ліпеня Amnesty International распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікала дамагацца адмены смяротнага прысуду Аляксею Міхаленю.

Чарговы раз да адмены смяротнага пакарання ў Беларусі заклікалі і спецдакладчыкі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па адмене смяротнага пакарання ў Круштан і па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

Прымусовая праца і іншыя парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў

12 ліпеня суд Маладзечанскага раёна прысудзіў настаўніц сярэдняй школы № 11 Вольгу Завадскую і Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць вучаніцы восьмага класа Вікторыі Папчэня падчас работ па ўборцы бульбы на поле сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, які неаднаразова звяртаў увагу правяраючых органаў, што да адказнасці павінны быць прыцягнутыя чыноўнікі Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнавец і І. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб накіраванні на ўборку бульбы школьнікаў, у чарговы раз звярнуўся са скаргай у пракуратуру Менскай вобласці.

У сваім звароце ён просіць пракуратуру правесці дадатковую праверку па паказаных у скарзе фактах на прадмет наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях старшыні Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама І. Драпезы і распачаць у дачыненні да іх крымінальную справу. Праваабаронцы кваліфікуюць прыцягненне адміністрацыяй раёна непаўналетніх школьнікаў да ўборкі ўраджаю як прымусовую працу.

Парушэнне права на мірныя сходы

У судзе Цэнтральнага раёна Менска разгледжаныя адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў пікету салідарнасці з фігурантамі «справы патрыётаў». Пратаколы складзеныя за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Гэта першыя судовыя працэсы, звязаныя з рэалізацыяй грамадзянамі канстытуцыйнага права на мірныя сходы, якія адбыліся пасля правядзення ў Менску сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

У выніку, Максім Вінярскі, Вольга Нікалайчык і Леанід Кулакоў асуджаныя да адміністрацыйнага арышту, яшчэ тры чалавекі да буйных штрафаў.

Жорсткае абыходжанне

Пасля таго, як Дзяржынскі аддзел Следчага камітэта адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў С. Ткачэнку ў памяшканні аддзела міліцыі, ён з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” накіраваў скаргу, паколькі палічыў праведзеную следчымі праверку няпоўнай і павярхоўнай. Ранейшую пастанову адмянілі, а чарговая "праверка" пачалася 3 ліпеня: да Ткачэнкі і яго жонкі Веранікі па месцы іх працы з інтэрвалам ў адну гадзіну прыехалі два супрацоўнікі УУС Менаблвыканкама ў грамадзянскай форме адзення. Настойліва запрасілі сесці ў аўтамабіль і пачалі «дадатковую праверку»: супрацоўнікаў міліцыі цікавілі сувязі Веранікі Ткачэнка з Праваабарончым цэнтрам "Вясна": ці сустракалася яна з кім-небудзь з гэтай арганізацыі, ці ведае яна іх у твар, хто з названых асобаў аказваў дапамогу ў складанні скаргі на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, хто ёй параіў звярнуцца па дапамогу ў ПЦ "Вясна". А ў фінале ў Сяргея Ткачэнкі спыталі, ці гатовы ён пайсці на прымірэнне з крыўдзіцелямі.

Затрыманыя ўдзельнікі акцыі 25 сакавіка абскарджваюць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце катаванняў міліцыянтамі Цэнтральнага РУУС Менска.

У пачатку траўня ў Следчы камітэт звярнуліся 10 чалавек, якія засведчылі факты недапушчальнага і зняважлівага абыходжання, якое мае прыкметы катаванняў, у дачыненні да іх і іншых затрыманых 25 сакавіка гэтага году з боку супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС. Падчас падрыхтоўкі скаргі пры дапамозе ПЦ "Вясна" былі сабраны сведчанні пра тое, што людзей шэсць гадзінаў трымалі пад снегам і дажджом на вуліцы, не давалі піць, не пускалі ў прыбіральню, пастаянна трымалі на расцяжцы, ўжывалі спецсродкі. У сувязі з гэтым у дачыненні да вінаватых заяўнікі прасілі распачаць крымінальную справу па арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Амаль праз два месяцы сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі атрымаў пастанову, падпісаную 26 чэрвеня следчым Кандратовічам А.Я., у якой паведамлялася, што Цэнтральны райаддзел СК не знайшоў у дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства. Пастанова абскарджана.

Следчы камітэт Першамайскага раёна Менска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця 25 сакавіка Мікалая Дзядка супрацоўнікамі АМАП. Экс-палітвязень быў затрыманы і збіты падчас Дня Волі, яго забрала "хуткая" з пастарунку. Згодна з медыцынскім заключэннем, ён атрымаў закрытую ЧМТ і чатыры дні правёў у бальніцы. Пастанова абскарджана.

Актывіст Сяргей Кулініч, які быў затрыманы напярэдадні Дня Волі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў КДБ.

Парушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Заснавальнік і галоўны рэдактар ​​медыйнага праекта "Тузін гітоў" Cергей Будкін звярнуўся ў Эканамічны суд з заявай на дзеянні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкама, якое забараніла правядзенне канцэрту Алеся Дзянісава.

За парушэнне правілаў правядзення мірных сходаў, а фактычна за інтэрв'ю Радыё Свабода, пакараная штрафам у 26 базавых велічынь пенсіянерка з Бабруйска Любоў Санкевіч.

Пераслед журналістаў

10 ліпеня суддзя Светлагорскага раённага суда Руслан Царук прызнаў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала «Белсат» і пакараў за гэта штрафам у памеры 1 150 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства