Планшэт вярнулі. Справу за абразу прэзідэнта не закрылі
Крымінальная справа за абразу прэзідэнта, якая была заведзеная яшчэ красавіку 2017 года супраць прадпрымальніка Генадзя Бердзянёва з Полацку, дагэтуль не закрытая.
Пра гэта прадпрымальнік даведаўся, калі 10 ліпеня следчы вярнуў ягоны электронны планшэт, які канфіскавалі для экспэртызы падчас ператрусу на кватэры 24 красавіка.
Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, лінгвістычная экспэртыза каментароў, якія зрабіў полацкі прадпрымальнік у сацыяльнай сетцы «Одноклассники», праводзілася на працягу двух з паловай месяцаў у Віцебску.
Крымінальная справа па арт. 368 КК супраць Генадзя Бердзянёва была распачатая пасля заявы іншага прадпрымальніка, Сяргея Кавалёва з Наваполацку, з якім у Генадзя здарылася сварка ў каментарах сацыяльнай сеткі.
Кіраўнік прафсаюза "Салідарнасьць" Генадзь Бердзянёў - актыўны ўдзельнік акцый пратэсту ў лютым гэтага году ў Полацку.