Супраць Пастнова распачалі крымінальную справу за заведама ілжывы данос у «УКантакце»
Віцебскага доктара Ігара Пастнова, вядомага сваімі крытычнымі выступамі ў адрас мясцовых чыноўнікаў, вінавацяць ў заведама фальшывым даносе пра здзяйсненне злачынства. Крымінальная справа па частцы 1 артыкула 400 Крымінальнага кодэксу РБ распачатая 4 ліпеня гарадскім аддзелам Следчага камітэту па заяве начальніка СІЗА №2 Эдуарда Курыленкі.
Падставай для крымінальнага пераследу Пастнова стаў ягоны допіс у сацыяльнай сетцы «УКантакце» ад 3 красавіка 2017 года, у якім ён піша пра факты збіцця і катаванняў у СІЗА № 2 г. Віцебска Рафаэля Габрыэля Саламонавіча Шмільхальхарда (Кірылава), а таксама пра неаказанне апошняму належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым Пастноў сцвярджае, што гэтыя ды іншыя супрацьпраўныя дзеянні нібыта ўчыніў начальнік згаданай установы Эдуард Курыленка, а таксама ягоныя супрацоўнікі.
Вядома, што Шмільхальхард-Кірылаў знаходзіўся ў віцебскім СІЗА-2 з 15 жніўня па 2 лістапада 2016 году ў якасці следча-арыштаванага за злачынства паводле часткі 2 артыкулу 205 КК (крадзеж, здзейснены паўторна, або групай асобаў, або з пранікненнем у жытло).
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка, каментуючы пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы, адзначае, што такія працэсуальныя рашэнні могуць супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязацельствам краіны ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркаванняў.
"Артыкул 400 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасць за загадзя ілжывы данос. Следчы камітэт такім незвычайным чынам адрэагаваў на зварот І. Пастнова ў форме скаргі на дзеянні службовых асоб міліцыі, Дэпартамента выканання пакарання і пракуратуры, якую Пастнова таксама раней апублікаваў у сацыяльных сетках.
Але такія працэсуальныя рашэнні прама супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая прадстаўляе грамадзянам права звяртацца ў дзяржаўныя органы, а таксама міжнародным абавязацельствам Беларусі ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркаванняў, пошуку і распаўсюджвання інфармацыі. Гэтыя правы могуць быць абмежаваныя толькі ў прадугледжаных законам выпадку, і гэта абмежаванне павінна быць неабходным ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб або для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.
З тэксту скаргі (і папярэдніх зваротаў доктара Пастнова ў інтарэсах Кірылава-Шмільхольхарда) відаць, што скарга мае на мэце правядзенне расследавання і прадухілення ў будучыні меркаванага на думку Пастнова парушэння аднаго з ключавых правоў чалавека - не падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню. Пераслед за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў - гэта грубае парушэнне правоў чалавека.
Толькі ў тым выпадку, калі агучаныя звесткі і выказаныя аргументы мелі мэтай толькі зганьбаваць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, дзяржава мае права пры ўмове захавання крымінальна-працэсуальнага закона пераследваць асобу, якая паведамiла заведама для яго несапраўдныя звесткі аб здзейсненым злачынстве. Для гэтага артыкулам 168 КПК прадугледжаны парадак прыняцця пісьмовай або вуснай заявы аб здзяйсненні злачынства, які ў выпадку з Пастновым, мяркуючы па змесце вынесенай пастановы, таксама праігнараваны.
Санкцыя артыкула 400 КК прадугледжвае пакаранне, звязанае з абмежаваннем волі на тэрмін да 5-ці гадоў, або пазбаўленнем волі на такі ж самы тэрмін. За свае відэаабвінавачванні і крытыку ўладаў ў 2013 годзе доктар Ігар Пастноў некаторы час знаходзіўся на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.