viasna on patreon

Збітага міліцыянтамі жыхара Фаніпаля распытвалі пра сувязі з “Вясной”, прасілі прымірэння

2017 2017-07-05T15:43:52+0300 2017-07-05T15:54:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tkachenka-gematomy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гематомы на целе пацярпелага жыхара Фаніпаля.

Гематомы на целе пацярпелага жыхара Фаніпаля.

Нечаканы працяг атрымала гісторыя збітага супрацоўнікамі міліцыі жыхара Фаніпаля Сяргея Ткачэнкі. Пасля таго, як Дзяржынскі аддзел Следчага камітэту адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў, Ткачэнка з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны” падаў скаргу на імя начальніка Дзяржынскага РАСК, паколькі палічыў праведзеную следчымі праверку няпоўнай і павярхоўнай.

Ранейшую пастанову адмянілі, а чарговая “праверка” пачалася 3 ліпеня. Да Сяргея Ткачэнкі і ягонай жонкі Веранікі па месцы іх працы, з інтэрвалам у адну гадзіну на аўтамабілі “Лада-Каліна” завіталі два супрацоўнікі УУС Мінаблвыканкама, апранутыя ў цывільную форму адзення. Настойліва запрасілі сесці ў аўтамабіль і пачалі распытваць.

Аднак пытанні тычыліся не столькі скаргі з нагоды жорсткага і бесчалавечнага абыходжання да С. Ткачэнка з боку супрацоўнікаў Фаніпальскага аддзялення міліцыі; па вялікім рахунку супрацоўнікаў міліцыі больш цікавілі сувязі Веранікі Ткачэнка з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", а менавіта: ці сустракалася яна з кім-небудзь з гэтай арганізацыі, ці ведае яна іх у твар, хто з названых асоб аказваў дапамогу ў складанні скаргі на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, хто параіў звярнуцца па дапамогу ў ПЦ "Вясна".

Таксама супрацоўнікаў цікавіла інтэрв'ю С. Ткачэнка тэлеканалу «Белсат» ад 28 чэрвеня 2017 года.  Усю размову з мужам і жонкай аператыўнікі запісвалі на відэакамеру.

А фінал гэтага апытання быў проста феерычны – у Сяргея Ткачэнкі запыталіся, ці гатовы ён пайсці на прымірэнне з крыўдзіцелямі.

Нагадаем, Сяргей Ткачэнка 9 траўня атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія ня пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Колькасць і лакалізацыя цялесных пашкоджанняў згодна з заключэннем эксперта № 26-19-2.1-7/279 ад 18 траўня 2017 года, сведчаць аб тым, што апошняму прычынена не менш 26-ці траўматычных уздзеянняў. Апытаныя ў ходзе перашапачатковый праверкі супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі прымяненне фізічнай сілы і нанясенне цялесных пашкоджанняў Ткачэнку.

Такую форму “апытання” жыхар Фаніпаля палічыў псіхалагічным ціскам і падаў скаргу на імя пракурора Дзяржынскага раёна. Сяргей Ткачэнка просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання, устанавіць асобы дадзеных супрацоўнікаў і прыцягнуць іх да адказнасці за ціск на сям'ю у рамках пазапрацэсуальных зносінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства