viasna on patreon

Сяргей Будкін падаў у суд заяву на забарону канцэрта

2017 2017-07-10T13:29:29+0300 2017-07-10T15:42:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/budkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заснавальнік медыйнага праекту “Тузін Гітоў” Cяргей Будкін

Заснавальнік медыйнага праекту “Тузін Гітоў” Cяргей Будкін

Заснавальнік і галоўны рэдактар медыйнага праекту “Тузін Гітоў” Cяргей Будкін звярнуўся ў Эканамічны суд з заявай на дзеянні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, які забараніў правядзенне канцэрту Алеся Дзянісава.

Яшчэ 8 чэрвеня 2017 года Сяргей Будкін звярнуўся ў Мінгарвыканкам з заявай на правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства – канцэрту Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», пасля чаго заяўніка папрасілі прадаставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца. 26 чэрвеня Сяргей Будкін атрымаў адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Паўла Скалабана, якім яму было адмоўлена ў выдачы пасведчання на правядзенне канцэрту згодна з пунктам 1.3 артыкула 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” – “Падставы для адмовы ў выдачы і анулявання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананняў, прадугледжаных праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства”.

У сваёй заяве ў Эканамічны суд Сяргей Будкін адзначае, што з такім рашэннем Мінгарвыканкама не згодны, лічыць, што яго законныя правы і інтарэсы былі парушаныя, у тым ліку ён быў пазбаўлены магчымасці правядзення мерапрыемства і атрымання запланаванага прыбытку, панёс матэрыяльныя страты, якія ніхто не кампенсуе.

Акрамя таго, заяўнік падкрэслівае:

“Лічу, што дзеянні дзяржаўнага органа абумоўленыя выключна меркаваннямі цэнзуры, што з’яўляецца парушэннем артыкула 33 Канстытуцыі, якая наўпрост яе забараняе і гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду выказвання свайго меркавання і перакананняў, у тым ліку і ў мастацкай форме”.

Сяргей Будкін кажа, што службовымі асобамі Мінгарвыканкама яму было адмоўлена ў азнаямленні з заключэннем мастацкага савета, які вызначаў “узровень” мерапрыемства, копія заключэння яму выдана не была.

“Такім чынам мне невядома кім, у сувязі з чым і па якіх крытэрах  было прынятае рашэнне аб нібыта “нізкім узроўні выканання” Алеся Дзянісава. Гэта вядомы гарадзенскі музыкант, які за сваю больш чым 20-гадовую кар’еру мае на рахунку тысячы выступаў у краіне і за мяжой і дзесятак запісаных альбомаў (як сольна, так і ў складзе розных музычных гуртоў). 

Лічу, што слухачы і наведвальнікі канцэрта ў стане самі вызначыць узровень выканання таго ці іншага спевака ці гурта, прыняць рашэнне аб жаданні ці не жаданні наведвання мерапрыемства, унясення платы за канцэрт. Я перакананы, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з абсалютна суб’ектыўным, сэлектыўным падыходам чыноўнікаў галоўнага ўпраўлення, абумоўленым жаданнямі падвергнуць цэнзуры дадзенага выступоўцу”, - піша ў заяве заснавальнік “Тузін Гітоў”.

Акрамя таго Сяргей Будкін лічыць, што такога кшталту дзеянні  Галоўнага ўпраўлення відавочна не спрыяюць папулярызацыі сучаснай беларускай культуры і мовы ў грамадстве, і просіць Эканамічны суд горада Мінска прызнаць дзеянні Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама ад адмове ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення канцэрту Алеся Дзянісава незаконнымі і абавязаць дадзены дзяржорган такое пасведчанне выдаць на любую іншую прымальную для заяўніка дату.

Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае:

“Для меня пункт 1.3 артыкула 215 Кодэкса “Аб культуры” выглядае вельмі дзіўным савецкім анахранізмам: калі нейкія мастацкія саветы вызначаюць мастацкі ўзровень таго ці іншага выканаўцы ці гурта. І ў нашых умовах гэта можа выкарыстоўвацца вельмі селектыўным шляхам у мэтах цэнзуравання непажаданых выступоўцаў.

Мне падаецца, што музыкі і людзі, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў, павінны паставіць пытанне аб выключэнні гэтага пункту з Кодэксу праз дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія прымаюць законы і ўносяць у іх змены. Бо я вельмі сумняюся, што супрацоўнікі выканкамаў сур’езным чынам разбіраюцца ў рок-музыцы, акрамя як складаюць "чорныя спісы", якія відаць і дагэтуль існуюць”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства