viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (4-10 красавіка)

2011 2011-04-11T11:50:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Развіццё грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне адбываецца на фоне няпэўнасці ў эканамічнай стабільнасці: паступовага росту курсаў валюты і ажыятажу на валютным і харчовым рынках. Крымінальная справа аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 году працягваецца: МУС аб'явіла пра завяршэнне папярэдняга расследавання. Справы экс-кандыдатаў ў прэзідэнты М.Статкевіча і Дз.Вуса накіраваныя ў суд для разгляду. Яшчэ чатыром фігурантам справы З. Бандарэнку, П. Севярынцу, І. Халіп і С. Марцалеву абвінавачанне перакваліфікаванае на больш мяккае. Менгарсуд адмовіў у задавальненні касацыйных скаргаў асуджаных па арт.293 КК РБ (“масавыя беспарадкі”) А.Атрошчанкаву, Дз.Новіку і А.Малчанаву. Генеральная пракуратура  адмовілася распачынаць справу па заяве былога кандыдата ў прэзідэнты А. Міхалевіча аб катаваннях у СІЗА КДБ. Затрыманы журналіст і актывіст апазіцыйнага Саюзу палякаў (СПБ) А. Пачобут, яго абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах – ч.1 арт.386 КК РБ (абраза прэзідэнта) і ч.1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта).  Двое вязняў “амерыканкі” выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе – лідэр АГП А. Лябедзька і актывіст кампаніі “Гавары праўду” А. Фядута.

 

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Па інфармацыі МУС ад 5 красавіка, папярэдняе расследванне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках завершана. Паводле заключэння следства, "атрыманы вычарпальныя доказы аб спробе змены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў і арганізацыяў, якія па сутнасці ставілі канчатковай мэтай ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту". Паведамляецца, што падчас расследавання крымінальных справаў устаноўлены роля і ступень удзелу кожнага фігуранта ў падзеях, якія адбыліся.

Яшчэ чатыром фігурантам справы следства перакваліфікавала абвінавачванне з арт. 293 КК РБ на ч.1 арт.342 - “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.  Гэта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка, сустаршыня БХД Павал Севярынец, жонка А.Саннікава журналістка Ірына Халіп і паплечнік М.Статкевіча Сяргей Марцалеў.

4 і 5 красавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму прад'явіла абвінавачванні ўдзельнікам акцыі пратэсту Дразду, Лобану, Сакрэту, Казакову, Мацукевічу, Хамічэнка, Федаркевічу па ч.2  арт. 293 КК РБ ("масавыя беспарадкі»). Моладзевага актывіста Паўла Вінаградава, фігуранта  так званага “працэсу 14-ці” 2008 г., акрамя ўдзелу ў масавых беспарадках вінавацяць таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па арт.370 КК РБ. 

8 красавіка былы кандыдат у прэзідэнты Дзьмітры Вус атрымаў ліст з Менгарсуду, у якім паведамляецца, што справа супраць яго і Мікалая Статкевіча накіраваная для разгляду у Ленінскі раённы суд Менску. Дзень пачатку працэсу і судзьдзя, які будзе весьці справу, яшчэ не прызначаныя.

Позна ўвечары 6 красавіка пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ быў вызвалены старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якога абвінавачваюць у “масавых беспарадках”. За кратамі палітык правёў больш за тры месяцы, але апошнія следчыя дзеянні з яго ўдзелам адбыліся 28 снежня мінулага году. 7 красавіка палітык упершыню за апошнія чатыры месяцы сам правёў партыйную нараду. Адказваючы на пытанні чытачоў Радыё Свабода онлайн, ён зазначыў, што будзе змагацца за змену пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі.

Адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду!», давераная асоба Уладзімера Някляева на прэзідэнцкіх выбарах-2010 палітолаг Аляксандр Фядута быў вызвалены ўвечары 8 красавіка. Свой стан здароўя пасля следчага ізалятара ён ацэньваць не стаў, хоць моцна схуднеў і фізічна аслабеў – нават сумкі ў хату дапамаглі занесці супрацоўнікі КДБ, якія вывезлі яго з ізалятара.

5 красавіка ў Менскім гарадскім судзе адбыўся касацыйны разгляд скаргі на прысуд абвінавачаным па арт.293 КК РБ (“масавыя беспарадкі”) Аляксандру Атрошчанкаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву. У працэсе інтарэсы  А.Атрошчанкава і Дз.Новіка прадстаўлялі адвакаты  Вадзім Мушынскі  і Андрэй Санковіч. Адвакатка А.Малчанава ў суд не з'явілася. Судовая калегія ў складзе суддзяў Камароўскай і Скрыпача пад старшынствам Валерыя  Камісарава пакінула рашэнне Фрунзенскага райсуду сталіцы ад 2 сакавіка без зменаў, а касацыйныя скаргі – без задавальнення.

Асуджанаму за Плошчу грамадзяніну Расійскай Федэрацыі Арцёму Брэусу не працягнулі рэгістрацыю па адрасе яго бабулі, у якой ён пражывае ў Менску.

Вялікабрытанія заклікала беларускі ўрад да супрацоўніцтва з экспертамі АБСЕ, якія даследуюць падзеі 19 снежня ў сталіцы. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі. 

 

Ператрусы і допыты ў межах крымінальнай справы 

7 красавіка супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня КГБ, а таксама следчы з Менску правялі ператрус у бацькоў Натальлі Радзінай, у выніку якога канфіскавалі дзённікі журналісткі і лісты салідарнасці, якія ішлі ёй з усяго сьвету, а таксама кампутар непаўнагадовага пляменніка Радзінай.

8 красавіка ў кватэры былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп супрацоўнікі КДБ правялі чарговы ператрус. Па словах маці журналісткі Люцыны Бяльзацкай, гэта трэці ператрус толькі КДБ, а яшчэ быў міліцэйскі.7 красавіка Ірына скончыла азнаямленне з крымінаьнай справай, у якой яна фігуруе як арганізатар дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

 

Умовы ўтрыманняў у месцах абмежавання волі, катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання

2 красавіка дзяжурныя супрацоўнікі спецпрыёмніка адмовілі ў перадачы лекаў, у тым ліку антыбіётыкаў, выпісаных лекарам, арыштаванаму за ўдзел у флэшмобе лідэру беларускіх нацболаў Яўгену Контушу, хвораму на ангіну. 1 красавіка ў Менску разам з іншымі ўдзельнікамі флэшмобу супраць закрыцця рэспубліканскага шпіталю Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў ён быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільным. 2 красавіка Ленінскі райсуд пакараў Я. Контуша 12 суткамі адміністрацыйнага арышту .

Генеральная пракуратура Беларусі адмовілася распачаць справу па ўсіх заявах Алеся Міхалевіча, звязаных з «жудаснымі ўмовамі ўтрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні». Пра гэта паведаміў 4 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік генпракурора Андрэй Швед.

Абмежаванні права на свабоду асацыяцый

Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі распаўсюдзіла заявуАб сітуацыі вакол памяшкання сядзібы БНФ”. У ёй асацыяцыя выказвае занепакоенасць у сувязі з адмовай камунальнай службы Савецкага раёну Менску працягнуць дамову арэнды памяшкання, якое БНФ займала цягам 20 год. Разам з тым, як адзначаецца ў заяве Асамблеі НДА , “значнасць гэтага офісу для грамадскага жыцця Менску складана пераацаніць. Тут быў цэнтар культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзэнтацыі, сустрэчы творцаў”. 

Кіраўніку Цэнтру развіцця валанцёрства Мікалаю Кванталіяні адмовілі ў рэгістрацыі міжнароднага культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання. Афіцыйная версія нерэгістрацыі — «шэраг парушэнняў патрабаванняў нормаў заканадаўства, якія нельга паправіць». Юрыст Вольга Смалянка лічыць, што такое рашэнне было прынята не на аснове заканадаўства.

 

Адміністрацыйныя затрыманні і пакаранні актывістаў

Савецкі райаддзел міліцыі Гомеля ініцыяваў супраць старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова адміністрацыйную справу паводле артыкулу 23.4 КаАП – непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню службовай асобы за адмову прайсці дактыласкапію. Адпаведны пратакол перададзены ў суд Савецкага раёну. 8 красавіка ў Савецкім райсудзе Гомелю пачаўся разгляд справы, ён працягнецца 13 красавіка. 


Абмежаванні свабоды слова

6 красавіка ў Горадні быў затрыманы і змешчаны  ў ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага РАУС карэспандэнт "Газеты Выборчай" Андрэй Пачобут. 9 красавіка яму працягнулі знаходжанне пад вартай на два месяцы. Як паведаміў адвакат Аляксандар Бірылаў, супраць журналіста вылучаны абвінавачанні ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 КК РБ) і ў паклёпе на яго (ч.1 арт. 367). 7 красавіка дэлегацыя Еўрапарламенту па справах Беларусі, якую ўзначальвае еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч, асудзіла дзеянні беларускага рэжыму ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці і ў прыватнасці Андрэя Пачобута.

Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў тлумачэнняў наконт пасведчанняў Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ). У афіцыйным лісце ад 1 красавіка за подпісам начальніка Упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства А. Кірычэнкі чыноўнікі цікавяцца, «якія прававыя падставы для дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае IFJ», і на якой падставе БАЖ выдае пасведчанні гэтай арганізацыі.

Прыезд прэзідэнта Лукашэнкі ў г. Бяроза 7 красавіка прынёс непрыемнасці журналістцы і праваабаронцы Тамары Шчапёткінай. Праваахоўныя органы наказалі ёй не выходзіць у гэты дзень з дому, але падпарадкоўвацца і пагаджацца на так званы “хатні арышт” журналістка не стала. Па вуліцы яна хадзіла пад кантролем чалавека ў цывільным. 

 

Пераслед праваабаронцаў 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч падаў скаргу на імя Пракурора горада Менску з просьбай устанавіць асоб, вінаватых у парушэнні заканадаўства. Падставай паслужыў адказ пракуратуры Першамайскага раёну, куды ён накіроўваў запыт наконт законнасці ягонага затрымання ўначы з 19 на 20 снежня мінулага году.  Як вынікае са зместу ліста, пракуратура, па сутнасці, ухілілася ад прамой ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, быў парушаны прадугледжаны законам месячны тэрмін разгляду скаргаў з моманту іх рэгістрацыі ў дзяржаўных органах (арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”). 

 

«Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства