viasna on patreon

Менгарсуд пакінуў без зменаў прысуд Атрошчанкаву, Новіку і Малчанаву

2011 2011-04-05T10:42:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 5 красавіка, у Менскім гарадскім судзе адбыўся касацыйны разгляд скаргі на прысуд абвінавачаным па арт.293 КК РБ (“масавыя беспарадкі”) Аляксандру Атрошчанкаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву.

Скаргу разглядае калегія з суддзяў Камароўскай і Скрыпача пад старшынствам Валерыя  Камісарава. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляе пракурор Маладцова.  

У судовай залі прысутнічаюць жонка і бацька А.Атрошчанкава, прадстаўнік АБСЕ, дыпламаты,  праваабаронцы і незалежныя журналісты.

У працэсе інтарэсы  А.Атрошчанкава і Дз.Новіка прадстаўляюць адвакаты  Вадзім Мушынскі  і Андрэй Санковіч. Адвакатка А.Малчанава ў суд не з'явілася.

В. Мушынскі ў сваёй скарзе кажа, што лічыць прысуд незаконным, і ўказвае на беспадстаўнасць высновы суду аб папярэднім зговары абвінавачаных. Адвакат настойвае, што ў дзеяннях Атрошчанкава адсутнічае склад злачынства масавых беспарадкаў, просіць адмяніць прысуд і спыніць крымінальны перасьлед.

А. Санковіч указаў у скарзе, што прысуд Новіку не адпавядае фактычным абставінам справы. Указвае, што дзеянні яго падабароннага шкоды не прынеслі, маёмасць не была пашкоджана, а тым больш сапсаваная.

У скарзе А.Малчанава таксама ўказваецца, што прысуд незаконны і неабгрунтаваны, што суд не ўлічыў змякчальныя абставіны (яўка з павіннай, прызнанне віны і інш.). Асуджаны просіць змякчыць прысуд, ужыць арт.70 і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

У сваім выступе адвакат Вадзім Мушынскі адзначыў наступнае:

Неаспрэчных доказаў віны Атрошчанкава у судовым паседжанні не было, была толькі відэастужка, якая не пацвярджае высновы суду аб удзеле ў знішчэнні маёмасці, што пацвярджаецца паказаннямі Атрошчанкава. Актыўных дзейянняў Аляксандра не заўважана.

Суд зрабіў няслушныя высновы пра тое, што ён быў у групе, якая спрабавала прарвацца ў будынак. На тое, што ён быў не ў групе, а за ёй, напачатку нават указаў сам суд. Тут трэба ўлічваць шчыльнасць натоўпу, за-за чаго ўстаяць на адным месцы немагчыма, таму Атрошчанкаў вымушана ажыццяўляў перамяшчэнне ў мэтах уласнай бяспекі.  Ніводнага ўдару яго не адлюстравана і ў прыгаворы. Чаму праз такое асобу пазбаўляюць волі на 4 гады? Сведкі выказалі толькі суб’ектыўную думку, што ён спрабаваў прарвацца ў будынак, але чаму яны вырашылі так – не зразумела.

На відэа бачна, што Атрошчанкаў маўчыць, не выказвае сваю думку, проста назірае. Ён высокі і заўважны ў натоўпе. Сцвярджаць пра яго намер прарвацца ў будынак няма падставаў. Таму паказаньні сведкаў сумнеўныя, а сумневы павінны тракатавацца на карысць абвінавачанага.

Следчая база слабая.

Удзел у несанкцыянаваным мітынгу можна кваліфікаваць па арт.23.34 КаАП РБ. А масавыя беспарадкі – дзеянні неўтаймаванага натоўпу, спалучаныя з пэўнымі прыкметамі, але прызнаваць віноўным толькі за знаходжанне ў натоўпе і пазбаўляць волі на 4 гады – негуманна і незаконна.

Адвакат Андрэй Санковіч адзначыў істотнае парушэнне крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, неадпведнасць меры пакарання дзеянням і асобе абвінавачанага. Ён адзначыў 4 довады:

1. высновы суду ў прысудзе не пацвярджаюцца доказамі ў судовым следстве (пра знішчэнне маёмасці);

2. няслушане ўжыванне крымінальнага закона  (арт.293), бо няма складу злачынства (прыкметаў знішчэння маёмасці ў прыватнасці). Падстава была толькі ў копіі дэфектнага акта, дзе ўказана, што дзверы Дома Ураду пашкоджаны, а знішчана вадасцёчная труба і зялёныя насаджэнні;

3. парушэнне крымінальна-працэсуальнага заканадаўства  (звестак пра знішчэнне трубы і насаджэнняў няма ў пастанове аб прыцягненні да адказнасці ў якасці абвінавачанага, у судовым паседжанні пракурор не падтрымліваў абвінавачанне па даннай прыкмеце, а суд не мае права выходзіць за межы абвінавачання, але суд выйшаў і парушыў КПК). Істотнае парушэнне  - парушэнне арт.303 КПК (суд не спыніў крымінальную справу, калі былі падставы спыніць, бо адсутнічае склад злачынства).

4. неадпаведнасць пакарання цяжкасці злачынства і асобе абвінавачаных – суд нават не разглядзеў магчымасць ужывання арт.70 КК (аб змякчэнні пакарання) – а пакаранне яўна несуразмернае і суровае. Адстунасць мэты на знішчэнне маёмасці сведчыць аб адсутнасці цяжкасці крымінальнага злачынства. Ён раней не судзімы, спачуваў аб сваіх ударах у судзе. Просіць ужыць арт.77 КК – адтэрмінаваць адбыццё пакарання, паколькі матэрыяльная шкода пагашаная. Суд не разглядзеў гэта нават у матывіровачнай частцы, чым парушыў правы і законныя інтарэсы.

Сыходзячы з  вышэй пазначанага, адвакат папрасіў прысуд адмяніць.

Пракурор Маладцова не згодная з довадамі. Кажа, што паказанні сведкаў і матэрыялы справы цалкам даказваюць віну. Паводле яе, відэазапісы, а таксама пратаколы дагляду і іншыя матэрыялы пацвярджаюць віну. Суд поўна і цалкам даследваў, у поўнай меры ўлічыў дзеянні асобаў і прызначыў пакаранне адпаведным, лічыць пракурор. Яна папрасіла пакінуць прысуд без зменаў і скаргі без задавальнення.

Судовая калегія прыняла рашэнне: прысуд суда Фрунзенскага раёна Менска ад 2 сакавіка 2011 г. пакінуць без зменаў, а касацыйныя скаргі - без задавальнення.

Нагадаем, 2 сакавіка суд Фрунзенскага раёна Менска вынес прысуд: Аляксандру Атрошчанкаву - чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыю Новіку – тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і Аляксандру Малчанаву - тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Таццяна Чэркас прыйшла да высноваў аб тым, што віна абвінавачаных у здзяйсненні імі інкрымінаваных ім дзеянняў цалкам даказаная, іх дзеянні кваліфікаваныя правільна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства