Валянцін Стэфановіч просіць пракурора Мінска разабрацца са сваімі падначаленымі
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не губляе надзеі прыцягнуць службовых асоб Першамайскага РУУС г. Мінска і раённай пракуратуры да ўстаноўленай законам адказнасці за парушэнне ягоных законных правоў і за парушэнне парадку разгляду зваротаў грамадзян.
Пасля зваротаў у Пракуратуру Першамайскага р-на г. Мінска і Пракуратуру г. Мінска, якія па сутнасці ўхіліліся ад прававой ацэнкі выкладзеных у скаргах праваабаронцы фактаў і не прынялі мераў для прыцягнення вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці, Стэфановіч падаў скаргу на імя Пракурора горада Менска.
Нагадаем, што ўначы 20 снежня Валянцін Стэфановіч, разам са сваімі сябрамі і знаёмымі, быў беспадстаўна затрыманы на прыватнай кватэры ў Менску і пад узброеным канвоем дастаўлены ў Першамайскі РУУС, дзе яго трымалі без тлумачэння прычын на працягу трох з паловай гадзін. У той жа час, у рашэнні Пракуратуры г. Мінска ад 18.03.2011 г., якое атрымаў праваабаронца, сцвярджаецца, што парушэнняў дзеючага заканадаўства пры ўзяцці ў яго тлумачэнняў 20.12.2010 г. не дапушчана і паведамляецца, што ў парадку арт. 108 КПК Рэспублікі Беларусь ён не затрымліваўся.
Аднак супрацоўнікі міліцыі не змаглі прывесці і іншых законных падстаў для затрымання, якія пералічаныя ў арт. 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь”. На гэтай падставе Стэфановіч расцэньвае дзеянні міліцыі як незаконныя, і просіць пракурора Менска ўстанавіць асоб, вінаватых у парушэнні заканадаўства, паколькі пракуратура Першамайскага раёна, па сутнасці, ухілілася ад прамой ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Наступны пункт, з якім праваабаронца звяртаецца да Пракурора сталіцы, гэта патрабаваньне даць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў Перашамайскай раённай пракуратуры, якія груба парушылі патрабаванні ч. 3 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, якая наўпрост утрымлівае забарону перадаваць скаргі грамадзян у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, дзеянні якіх абскарджваюцца. Нягледзячы на гэта Пракуратура Першамайскага р-на 4 студзеня пераслала скаргу начальніку Першамайскага РУУС для арганізацыі службовай праверкі – г.зн. пераслала скаргу кіраўніку дзяржаўнага органа, дзеянні якога Стэфановіч абскарджваў.
Пракуратура горада Мінска ўхілілася ад прамога адказу і на гэтае пытаньне, прывёўшы толькі спасылку на Дысцыплінарны статут органаў унутраных справаў, якая, на думку праваабаронцы, з’яўляецца недарэчнай, паколькі ў статуце утрымліваецца толькі адно выключэнне, якое дазваляе перасылаць звароты грамадзян у органы, дзеянні якіх абскарджваюцца - калі вырашэнне пытання адносіцца да выключнай кампетэнцыі дадзеных органаў.
Валянцін Стэфановіч таксама звяртае ўвагу пракурора Мінска на грубыя парушэньні тэрмінаў разгляду зваротаў грамадзян, якія былі дапушчаныя службовымі асобамі Першамайскага РУУС і пракуратуры Першамайскага раёна, паколькі гэты факт быў цалкам праігнараваны ў рашэнні Менскай гарадской пракуратуры па скарзе Стэфановіча.
Між тым з ліста Пракуратуры Першамайскага р-на г. Мінска вынікае, што 04.01.2011 г. зварот праваабаронцы ад 29 сьнежня 2010 года быў накіраваны начальніку РУУС Першамайскага р-на г. Мінска для арганізацыі разгляду і правядзення службовай праверкі. Цікава, што адказ з Першамайскага РУУС быў датаваны 10 лютага, а згодна са штампам на канверце, быў адпраўлены заяўніку толькі 25 лютага. Такім чынам, з моманту адпраўкі скаргі ў Пракуратуру Першамайскага р-на г. Мінска прайшло фактычна два месяцы.
Аднак, у адпаведнасці з арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” устаноўлены месячны тэрмін разгляду скаргаў з моманту іх рэгістрацыі ў дзяржаўных органах.
Праваабаронца спадзяецца, што пракурор Мінска, на якога ўскладаюцца функцыі абаронцы законнасці, прызначыць дадатковую пракурорскую праверку ўказаных у скарзе фактаў, а віноўныя ў незаконным затрыманні супрацоўнікі міліцыі, як і работнікі пракуратуры Першамайскага раёна, што дапусцілі парушэнні заканадаўства, будуць прыцягнутыя да ўстаноўленай законам адказнасці.