Валянцін Стэфановіч дамагаецца вяртаньня ўласнай маёмасьці, сканфіскаванай пад час ператрусу
Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч атрымалі адказы за свае скаргі наконт сканфіскаваных пад час ператрусу ўначы 20 сьнежня на кватэры Алеся Бяляцкага асабістых рэчаў, у тым ліку і кампутарнай тэхнікі. Прычым адказы прыйшлі не з пракуратуры Першамайскага раёна Менска, куды звярталіся праваабаронцы, а Першамайскага РУУСа сталіцы, менавіта таго органа, дзеяньні якога і абскарджваліся.
Начальнік Першамайскага РУУСа А. Коваль паведамляе, што “ў ходзе праведзенай праверкі, выкладзеныя ў скарзе довады не знайшлі свайго падцвярджэньня і таму дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі прызнаныя правамоцнымі”.
Пры гэтым паведамляецца, што 20 сьнежня на кватэры Бяляцкага згодна з пастановай і з абавязковым паведамленьнем пракурору цягам 24 гадзін, праводзіўся ўсяго толькі агляд.
Між тым артыкул 204 Крымімнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь дакладна вызначае ўмовы, пры якіх праводзіцца агляд. Гэта найперш, згода уласьніка жылога памяшкання ці паўнагадовых членаў яго сям’і, альбо па пастанове следчых органаў з санкцыяй пракурора ці яго намесніка, якое прад’яўляецца да пачатку агляду.
І толькі калі памяшканьне з’яўляецца месцам здзяйсненьня злачынства, альбо месцам захоўваньня прыладаў злачынства - тады магчыма правядзеньне агляду без санкцыі пракурора, але з абавязковым яго інфармаваньнем цягам 24 гадзін.
Акрамя іншага, супрацоўнікі міліцыі груба парушылі закон “Аб зваротах грамадзян”, паколькі скарга ў Пракуратуру Першамайскага раёна была пададзеная 29 снежня мінулага года. 14 студзеня яна была перанакіраваная ў Першамайскі РУУС і толькі 25 лютага да заяўнікоў прыйшлі адказы, датаваныя чамусьці 10 лютага, якія па сутнасьці, ні што іншае, як звычайныя адпіскі.
Факт незаконнага затрыманьня і канфіскацыі асабістых рэчаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч абскардзіў у Менскай гарадской пракуратуры. Ён спасылаецца на арт.9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, згодна з якім “забараняецца перадаваць скаргі грамадзян у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, дзеяньні (бяздзеяньне) якіх абскарджваецца і лічыць, што перанакіраваньне я скаргі пракуратурай Першамайскага раёна ў Першамайскі РУУС – грубае і абуральнае парушэньне ягоных законных правоў.
Валянцін Стэфановіч патрабуе Пракуратуру Менска прыцягнуць вінаватых у парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян да ўстаноўленай законам адказнасьці і прыняць меры па вяртаньні сваёй прыватнай маёмасьці, якая дагэтуль супрацьзаконна ўтрымліваецца ў Следчым упраўленьні папярэдняга расследваньня ГУУС Менгарвыканкама.