Першы суд за адмову ад дактыласкапіі
Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля распачаты разгляд
адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да старшыні абласной арганізацыі
Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова за адмову здаць адбіткі
пальцаў. Гэта першая падобная справа ў краіне.
У Савецкім
райаддзеле міліцыі адмову Палякова здаць адбіткі пальцаў кваліфікавалі
паводле артыкула 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях —
непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню
службовай асобы. Пра гэта склалі і перадалі ў суд адміністрацыйны
пратакол.
Палякоў: «У райаддзеле міліцыі
Савецкага раёну мне прапанавалі прайсьці дактыляскапію, але я адмовіўся,
таму што гэта парушае мае правы, гэта зьневажае мяне. Ёсьць абавязковая
дактыляскапія для ваеннаслужачых, але няма прымусовай. Я ня ведаю, якім
чынам гэтыя мае адбіткі будуць у далейшым выкарыстоўвацца».
На судовым паседжаньні актывіст АГП папрасіў, каб яму далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя Галіна Сыцько,
якая вяла паседжаньне, пачала ўшчуваць Палякова за тое, што
ён не азнаёміўся са справай да судовага паседжаньня. Аднак палітык
настойваў, каб яму далі хаця б дзесяць хвілін на знаёмства са справай.
Урэшце судзьдзя хадайніцтва задаволіла, а заадно й перанесла разгляд адміністрацыйнай справы на 13 красавіка.
Палякоў: «Пакуль я не сустракаў, каб кагосьці за адмову прыцягвалі да адказнасьці.
Я ведаю
сытуацыю ў Берасьці з праваабаронцам Раманам Кісьляком. У яго хацелі
прымусова ўзяць адбіткі пальцаў. Нават фізычную сілу ўжывалі. Але
адміністрацыйнай справы пакуль не было. Палітыка ўладаў такая, каб усіх
трымаць у пэўнай каляіне, каб ніхто ня меў свайго права, каб кожны
адчуваў, што ён адказны й вінаваты перад дзяржавай».
Адбіткі
пальцаў у ваеннаабавязаных беларускіх мужчын пачалі браць у 2008 годзе —
пасьля выбуху ў Менску на начным канцэрце ў Дзень Рэспублікі.