Грамадзянская супольнасьць супраць пазбаўлення памяшканьня Сядзібы БНФ
Праўленьне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі распаўсюдзіла заяву “Аб сытуацыі вакол памяшканьня сядзібы БНФ”. У ёй асацыяцыя выказвае занепакоенасьць у сувязі з узьніклай сытуацыяй. Як вядома, камунальныя службы Савецкага раёну Менску не працягнулі дамову арэнды памяшканьня, якое БНФ займала цягам 20 год. Разам з тым, як адзначаецца ў заяве Асамбле НДА, “значнасьць гэтага офісу для грамадзкага жыцьця Менску складана пераацаніць. Тут быў цэнтар культурнай і грамадзка-палітычнай дзейнасьці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзэнтацыі, сустрэчы творцаў”.
У такім разе, непадаўженьне дамовы арэнды Асамблея НДА расцэньвае ня толькі як спробу задушыць асяродак свабоды ў беларускай сталіцы, а таксама як моцны ўдар па грамадзянскай супольнасьці Менску і ўсёй краіны.
“Мы патрабуем ад Менгарвыканкама падоўжыць арэнду. Тым болей, па праспэкце Машэрава, 8 разьмешчаныя юрыдычныя адрасы некалькіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў і іхных арганізацыйных структур. Гэта Партыя БНФ, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ, ГА БНФ “Адраджэньне”. І пазбаўленьне памяшканьня і юрыдычнай адрэсы можа прывесьці да ліквідацыі згаданых арганізацыяў. Як тое, напрыклад здарылася тры гады таму з Берасьцейскім гісторыка-культурным аб’яднаньнем “Стары горад”, якое ня мела сталага офіснага памяшканьня”, -- зазначыў кіраўнік Выканаўчага бюро Сяргей Лісічонак.
У заяве Асамблеі зьвяртаецца ўвага на тое, што праблемы з прадастаўленьнем памяшканьняў носяць не адзінкавы, а сыстэмны характар. Што лішні раз падкрэсьлівае дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў справы грамадзкіх аб’яднаньняў праз стварэньне праблемаў з арэндай памяшканьняў.
Такім чынам, Праўленьне Асамблеі НДА заклікае іншыя арганізацыі і міжнародную супольнасьць да салідарнасьці, паколькі Сядзіба БНФ зьяўляецца найстарэйшым асяродкам грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі.
У далучаным файле - Заява Праўленьня Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі “Аб сытуацыі вакол памяшканьня Сядзібы БНФ”.
Файлы
- zajavaasambleiofisbnf04-04-2011.doc (0.03 Mb)