viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2022

2022 2022-06-03T13:44:00+0300 2022-06-03T14:19:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_traven_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • Становішча ў Беларусі вызначаецца глыбокім крызісам правоў чалавека, а таксама наступствамі падтрымкі кіраўніцтвам дзяржавы агрэсіўнай вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй ва Украіне;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» рашуча асудзіў дзеянні беларускіх і расійскіх улад, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні заключаных міжнародных дамоў;
  • улады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы; працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне пратэснай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і на тэрыторыях, а таксама за распаўсюд інфармацыі і падпіскі на групы ў сацыяльных сетках і Telegram-каналы; за травень ПЦ «Вясна вядома пра 263 затрыманні, 42 штрафы і 43 адміністрацыйныя арышты, прызначаныя судамі па справах пратэстоўцаў;
  • у месцах няволі паводле прысудаў судоў на канец траўня знаходзілася 1 217 палітвязняў, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары згодна з адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, у дачыненні да якіх распачаты разгляд справы ў судзе; сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, і валанцёрка «Вясны» Таццяна Ласіца, асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, знаходзяцца ў папраўчых калоніях;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нечалавечыя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
  • катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца ў дачыненні да арыштаваных і падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» ганараваны прэміяй The Albie Awards 2022, заснаванай Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі»: «Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем сябраў «Вясны» былі затрыманы паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», — заявілі арганізатары;
  • 12 траўня Еўрапейскі Саюз прыняў заяву аб палітычных рэпрэсіях і смяротным пакаранні ў Беларусі;
  • 21 траўня, у абвешчаны праваабаронцамі «Вясны» Дзень палітвязня ў Беларусі, акцыі ў памяць пра загінулага ў калоніі Вітольда Ашурка і ў знак салідарнасці з больш як 1 200 палітвязнямі прайшлі ў розных гарадах і краінах свету.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Колькасць палітвязняў за травень павялічылася на 51 чалавека і склала 1 217 чалавек, працягваючы няўхільна павялічвацца. 

Праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі даклад «Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2021-2022 гг.», у якім прааналізавалі судовыя працэсы і рэпрэсіі з боку ўлад у дачыненні да грамадзян краіны за папярэдні год. Мэта дакладу — павялічыць інфармаванасць грамадскасці, нацыянальных і міжнародных інстытутаў, дзяржаўных органаў пра парушэнні правоў чалавека ў 2021–2022 гг. у Беларусі ў перыяд вострага крызісу правоў чалавека пасля выбараў прэзідэнта, ва ўмовах татальнага знішчэння і падаўлення інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Працягваецца працэс выяўлення і асуджэння ўдзельнікаў выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і выступаў пазнейшых перыядаў супраць жорсткасці і самавольства, а таксама антываенных выступаў. Пад рэпрэсіі трапляюць як тыя, хто пратэставаў улетку 2020 года, гэтак і ўдзельнікі пазнейшых пратэстаў. Крымінальны пераслед па-ранейшаму захоўвае масавы і паўсюдны характар, закранаючы ўсё новых людзей і новыя сацыяльныя групы. Суддзі актыўна ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, стаўшы важным складнікам у працэсе падаўлення палітычнай ці грамадскай актыўнасці і іншадумства. Абуральна паказальная жорсткасць прысудаў суседнічае з татальнай закрытасцю важных, грамадска значных працэсаў. Нават фармальна адкрытыя судовыя працэсы могуць праходзіць у фактычна закрытым рэжыме — на тэрыторыі папраўчых устаноў, у памяшканнях РУУС.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Сцяфанавіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Закрытае судовае пасяджэнне паводле крымінальнай справы каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марыі (Марфы) Рабковай, валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў працягваецца ў Мінскім гарадскім судзе пад старшынствам суддзі Сяргей Хрыпача.

Асуджаныя да пазбаўлення волі ў калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў папраўчай калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі) знаходзяцца ў калоніі.

Усіх зняволеных праваабаронцаў наўмысна адвольна абмяжоўваюць у ліставанні, у прыватнасці, пасля пераводу валанцёркі Таццяны Ласіцы ў калонію лісты ад яе даходзяць толькі ейнаму бацьку. Да Леаніда Судаленкі па-ранейшаму не можа трапіць адвакат.

Суд Савецкага раёна Мінска 5 траўня пачаў разгляд крымінальнай справы праваабаронцы, былой кіраўніцы арганізацыі «Радзіслава», палітзняволенай Вольгі Гарбуновай. Яна абвінавачвалася адразу паводле трох частак артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках. Таксама Вользе інкрымінаваліся арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла. 6 траўня суд пастанавіў прызнаць Гарбунову вінаватай і пакараць абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Вольга Гарбунова — актывістка, феміністка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», што дапамагала жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Яе затрымалі 9 лістапада 2021 года і да суда змясцілі ў СІЗА № 1 Мінска. Вядома, што пасля затрымання Вольга амаль два тыдні трымала галадоўку. Ейныя блізкія некалькі дзён не ведалі, дзе яна знаходзіцца. Адвакату не давалі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне Вольгі, а яе допыт праводзіўся без прысутнасці адваката.

12 траўня Еўрапейскі Саюз прыняў заяву аб палітычных рэпрэсіях і смяротным пакаранні ў Беларусі, асудзіўшы агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, а таксама саўдзел беларускага рэжыму ў гэтай агрэсіі шляхам падавання сваёй тэрыторыі і інфраструктуры, што з'яўляецца абуральным парушэннем Статуту ААН і міжнароднага права, уключаючы рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН № 3314 і прынцыпаў і абавязальніцтваў АБСЕ. Адзначана, што працяг падаўлення правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі адлюстроўвае акты вонкавай агрэсіі і закладвае для іх глебу. ЕС ізноў заклікаў беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і спыніць парушэнне правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа, у тым ліку неадкладна спыніць шырокамаштабны напад на незалежныя СМІ, журналістаў і іншых прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. ЕС ізноў заявіў, што адзіны спосаб спыніць палітычны крызіс ў Беларусі — гэта інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог і палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ і заклікаў Беларусь неадкладна выканаць рэкамендацыі дакладу Маскоўскага механізму АБСЕ.

ЕС падкрэсліў рашучасць забяспечыць, каб усе, хто нясе адказнасць за палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, паўсталі перад судом, і зноў заявіў пра сваю падтрымку Міжнароднай платформы падсправаздачнасці Беларусі, сузаснавальнікам якой з'яўляецца ПЦ «Вясна».

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года:

4 траўня ў судзе Жабінкі і Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці вынесены прысуд яшчэ 11 абвінавачаным па брэсцкай «справе карагодаў». Суддзя Людміла Рубашэўская асудзіла іх да розных тэрмінаў абмежавання волі.

17 траўня суд у Брэсце разгледзеў справу чарговых фігурантаў «карагоднай справы» —Андрэя Уласава і Юліі Сувалка. Іх абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК, старшыняваў па справе суддзя суда Жабінкі і Жабінкаўскага раёна Віктар Новік. Пакаранне — абмежаванне волі на тэрмін 3 гады.

Агулам па гэтай справе ўжо асуджана 129 чалавек.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 4 красавіка вынеслі чарговы прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак): за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі асуджаная палітзняволеная Яна Жураўлёва. 

Экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі: 12 траўня 2022 года палітвязень быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядзела суддзя Алена Мурашка. Паводле матэрыялаў справы, «Фянчук блакаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім».

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць напады на дамы і кватэры грамадзян, затрымліваюць іх на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Улады падтрымліваюць высокі ўзровень ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і асуджэнне дзяржаўнай палітыкі. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за розныя пратэсныя дзеянні і сімволіку, падпіскі на пратэсныя крыніцы інфармацыі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў, нелаяльнасць і нават за роднасныя сувязі з праціўнікамі рэжыму.

ПЦ «Вясна» на сталай аснове збірае звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама пра адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне пратэснай сімволікі, за перадачу і распаўсюд інфармацыі. Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна», на працягу траўня затрымана не менш як 263 чалавекі, за пратэсную актыўнасць накладзена не менш за 42 штрафы і прызначана як мінімум 43 адміністрацыйныя арышты. Гэта далёка не поўныя звесткі пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя пераследуюцца за сваю легітымную дзейнасць.

Артыкул 19.11 КаАП (13 выпадкаў асуджэння па адміністрацыйных справах у траўні), згодна з якім караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Суддзі караюць за рэпосты розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнаная экстрэмісцкай, і нават за падпіску на «экстрэмісцкія» крыніцы інфармацыі, якая расцэньваецца як захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, хоць у адпаведнасці з КаАП караецца толькі такое захоўванне, якое мае на мэце далейшы распаўсюд гэтых матэрыялаў.

За месяц вынесена 41 рашэнне судоў, якое папоўніла Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэннем суда такімі прызнаныя дзве кнігі беларускіх аўтараў — «Беларуская нацыянальная iдэя» аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова і «Сабакі Эўропы» аўтарства Альгерда Бахарэвіча. Уключаны ў спіс сайт Саюза палякаў Беларусі nadniemnemgrodno.pl. Таксама экстрэмісцкімі прызнаны шэраг рэгіянальных Telegram-каналаў сацыяльна-палітычнага зместу.

Праваабаронцы «Вясны» працягваюць маніторынг судовых крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў выказвання меркаванняў. Крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 367, 368, 369, 370, 391 КК РБ). На ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні паводле такіх абвінавачванняў.

Судом Навабеліцкага раёна горада Гомеля 4 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе Кірыла Жыжэнскага пра абразу А. Лукашэнкі ў каментары паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук. Каментар «негатыўна ацэньвае кіраўніка дзяржавы і ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая зневажае публічна аўтарытэт, гонар і годнасць ягонай асобы ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў». Жыжэнскі прызнаны вінаватым, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму на тэрмін 1 год і 1 месяц.

5 траўня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд Івану Карабельнікаву. Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса за надпіс «НЕ ВАЙНЕ» на агароджы і асудзіла да трох месяцаў арышту. Надпіс «істотна знізіў эстэтычныя характарыстыкі бетоннага плота, пацягнуў за сабой неабходнасць правядзення прац па афарбоўцы раней афарбаванага бетоннага плота, прычыніўшы тым самым шкоду «Аўтакамбінату №2» на суму 14 рублёў 59 капеек».

У Гродзенскім абласным судзе 6 траўня вынесены прысуд па справе палітзняволенай, студэнткі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сафіі Сапегі, якая абвінавачвалася адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым судовым пасяджэнні разглядаў суддзя Віктар Сянько. Паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі.

У траўні стала вядома пра тое, што 19 красавіка ў Рэчыцы быў абвешчаны прысуд Дзянісу Барсукову. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Барсукова ўзялі пад варту ў зале суда. Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка. Барсукова асудзілі за абразу А. Лукашэнкі ў роліку двухгадовай даўнасці на ягоным YouTube-канале.

12 траўня ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд палітвязню, былому памочніку пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўгену Бабаку. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызнала яго вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці ці варажнечы), і прызначыла чатыры гады зняволення. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. За кратамі палітвязень утрымліваецца 11 месяцаў.

У судзе Ленінскага раёна Брэста 18 траўня завяршыўся разгляд справы палітзняволенай актывісткі прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк. Жанчына абвінавачвалася ў абразе прэзідэнта паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Андрэй Грушко. Зінаіда Міхнюк — актывістка прафсаюза РЭП, была затрымана 25 сакавіка 2022 пасля ператрусаў у яе дома і ў офісе арганізацыі. Да суда яе змясцілі ў СІЗА № 7 Брэста. Згодна з інфармацыяй, дасланай адным са зняволеных, Міхнюк абвінавачвалі на падставе матэрыялаў праслухоўкі, якая стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП. Суд над палітзняволенай прайшоў у следчым ізалятары, у месцы яе зняволення. Фактычна, разгляд справы адбываўся у закрытым рэжыме. У выніку Зінаіду Міхнюк асудзілі да пазбаўлення волі на два гады ў папраўчай калоніі.

На закрытым пасяджэнні суда Наваполацка 20 траўня вынесены прысуд Міхаілу Лабаню. Яго абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 367), у яго ж абразе (ч. 1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.

У судзе Полацка і Полацкага раёна 20 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхаркі гарадскога пасёлка Ветрына Святланы Фірсавай. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за каментар у інтэрнэце да відэа з выступам А. Лукашэнкі, пакінуты яшчэ ў 2021 годзе. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі.

У Баранавічах суддзя Вікторыя Пакунова разгледзела справу Ігара Фёдарава паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі, прысуд — два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Ігара Фёдарава прызналі вінаватым у тым, што ў дзень пачатку расійскай вайсковай агрэсіі 24 лютага 2022 года ён, знаходзячыся ў Польшчы, са сваёй старонкі ў Instagram пакінуў пад здымкам А. Лукашэнкі каментар, які негатыўна яго ацэньваў і ўтрымліваў нецэнзурную лаянку. Характэрна, што прысуд парушае нават айчыннае рэпрэсіўнае і недэмакратычнае заканадаўства: грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які здзейсніў злачынства па-за межамі Рэспублікі Беларусь, падлягае адказнасці паводле беларускага Крымінальнага кодэкса, толькі калі зробленыя імі дзеянні прызнаныя злачынствамі ў дзяржаве, на тэрыторыі якой яны былі здзейсненыя, і калі ён не панёс крымінальную адказнасць у гэтай дзяржаве (акрамя пераліку злачынстваў, паказаных у ч. 1-1 арт. 6 КК, куды арт. 368 КК не ўваходзіць). Заканадаўствам Польшчы абраза беларускага прэзідэнта злачынствам не прызнаецца.

Судом Веткаўскага раёна 19 траўня быў вынесены прысуд Кірылу Пятрэнку паводле крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Вынік — 1 год пазбаўлення волі за заклікі да страйку на прадпрыемстве, дзе працаваў абвінавачаны.

Гэтыя і іншыя выпадкі асуджэння за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў фармуюць атмасферу татальнага страху і маўклівага пратэсту.

Свабода асацыяцый

У траўні ў зняволенні паводле розных надуманых адвольных падставаў у якасці падазраваных і абвінавачаных апынуліся Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідар прафсаюза РЭП; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Бераснёў. У сувязі з гэтым 13 траўня прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з заявай аб прызнанні затрыманых прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў палітвязнямі, дзе адзначылі, што зняволенне паказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі пераследу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідараў, якая апошнім часам носіць сістэмны характар. Так, 7 красавіка стала вядома пра тое, што КДБ прызнаў «Беларускі незалежны прафсаюз РЭП» экстрэмісцкім фармаваннем, а 11 траўня Гродзенскі абласны суд згодна з заявай пракурора Гродзенскай вобласці прыняў рашэнне аб прызнанні пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот» экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі з неадкладным выкананнем судовага рашэння. У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончай супольнасці запатрабавалі неадкладна вызваліць прафсаюзных актывістаў.

Сябраў прафсаюза РЭП выклікаюць у пракуратуру і прапануюць напісаць заяву аб выхадзе з прафсаюза, пагражаючы крымінальнай адказнасцю.

Улады выселілі з офіса пярвічную арганізацыю незалежнага прафсаюза «Нафтана», перад гэтым арганізацыю пазбавілі рэгістрацыі. Прадстаўнікі прафсаюза кажуць, што яны планавалі абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе, таму пакідаць памяшканне не збіраліся.

Парушэнне свабоды распаўсюду інфармацыі. Пераслед журналістаў і СМІ

Пасля ператрусу 16 траўня ў кнігарні «Кнігаўка» знікла сувязь з яе дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай Настай Карнацкай. У выніку ператрусу ў Янушкевіча забралі 200 кніг. Па 15 з іх, як паведамляе адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, будзе «праведзена экспертыза». Згодна з версіяй сілавікоў, Янушкевіч вёў ліставанне з офісам Святланы Ціханоўскай, а супрацоўнікі выдавецтва «мелі дачыненне да рэдагавання некаторых дэструктыўных тэлеграм-каналаў». 17 траўня стала вядома, што Янушкевічу і Карнацкай прызначылі 10 і 13 сутак арышту адпаведна.

Пасля сканчэння тэрміну арышту Янушкевіч і Карнацкая не выйшлі на волю.

Свабода слова ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца ў самых розных формах. 27 прадстаўнікоў СМІ пазбаўлены волі.

У Баранавічах затрымалі карэспандэнта Intex-Press Юрыя Ганцарэвіча. Праўладныя Telegram-каналы паведамляюць, што ён здымаў і адпраўляў у незалежныя СМІ і Telegram-каналы відэа з перасоўваннем расійскай ваеннай тэхнікі. Супраць Юрыя распачалі крымінальную справу паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Дзмітрый Лукша — журналіст, які шмат гадоў прапрацаваў у Белтэлерадыёкампаніі і быў вядоўцам праграмы «Зона X», знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за два месяцы. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што яго затрымалі 11 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме. Таксама вядома, што апошнім часам Дзмітрый працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24». Ёсць звесткі, што падставай для затрымання журналіста стаў ягоны апошні сюжэт на канале. Спачатку Дзмітрыю інкрымінавалі арт. 342 КК «Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 17 траўня стала вядома, што журналісту інкрымінуюць яшчэ і арт. 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

У канцы траўня з'явілася інфармацыя, што адвакат затрыманага 18 траўня дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых дагэтуль не можа сустрэцца са сваім падабаронным. Калегі расказали Беларускай асацыяцыі журналістаў, што невядома нават, у чым канкрэтна абвінавачваецца Залатых. Нагодай для затрымання стала крымінальная справа паводле арт. 130 КК Беларусі — за распальванне варожасці ці варажнечы. Дома ў Канстанціна, а таксама ў рэдакцыі прайшлі ператрусы. Рэдакцыю апячаталі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне.

Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Іман Гілмар звярнуўся з нагоды Дня палітвязня ў Беларусі з адкрытым лістом да зняволеных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі, паўтарыўшы заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Смяротнае пакаранне

У красавіку Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прыняла змены ў Крымінальны кодэкс, унесеныя дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Марынай Лянчэўскай, якія прадугледжваюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму. Парадак ужывання іншай выключнай меры пакарання — пажыццёвага зняволення — застаўся ранейшым. Змены набылі моц 29 траўня. Дагэтуль смяротнае пакаранне магло быць прызначана толькі за скончанае злачынства, якое пацягнула гібель чалавека.

Такім чынам, смяротнае пакаранне цяпер можа ўжывацца за здзяйсненне тэрарыстычных злачынстваў, у тым ліку — якія не выклікалі чалавечых ахвяр, а таксама за падрыхтоўку і замах на іх здзяйсненне. Грамадскасць глыбока занепакоеная тым, што гэтыя нормы дазволяць ужываць смяротнае пакаранне за справакаваныя ці сфальсіфікаваныя злачынствы, якія не мелі сур'ёзных наступстваў, выключна дзеля стварэння і далейшага падтрымання яшчэ большага ўзроўня страху.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі Камітэт і Грамадская кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» выступілі з заявай аб недапушчальнасці пашырэння магчымых сфер ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі.

Amnesty International апублікавала штогадовы даклад пра сітуацыю са смяротным пакараннем у свеце. Ён ахоплівае прымяненне смяротнага пакарання ў судовым парадку за перыяд са студзеня па снежань 2021 года. У дакладзе адзначаецца, што летась назіраўся трывожны рост колькасці смяротных пакаранняў і смяротных прысудаў, бо краіны, дзе звычайна караюць смерцю больш за ўсё людзей, вярнуліся да звыклай практыкі, а суды аднавілі паўнавартасную працу пасля каранавірусных абмежаванняў.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых акалічнасцях памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і дагэтуль не распачаў крымінальную справу. Следчыя не імкнуцца высветліць сапраўдныя прычыны смерці асуджанага Вітольда Ашурка — экспертызы за год не падрыхтаваныя, праверка зацягнутая.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, прыніжальнымі і бесчалавечнымі.

У дачыненні да палітвязняў адміністрацыі калоній ужываюць розныя меры дысцыплінарнага характару за вымушаныя ці фармальныя парушэнні, а таксама адвольна. У прыватнасці, ёсць звесткі пра змяшчэнне ў ШІЗА Мікалая Дзядка, Эдуарда Пальчыса і Віктара Бабарыкі.

З 4 траўня адміністрацыя магілёўскай турмы ўтрымлівае палітзняволенага актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ў карцары. 24 траўня яго ў чарговы раз пакаралі «суткамі» ў карцары. За тыдзень да чарговага спагнання ён выйшаў з карцара пасля 46 сутак запар. А цяпер яго зноў змяшчаюць туды ўжо на 30 дзён. Мікіту караюць за адмову прыбіраць дворык падчас шпацыру. Са жніўня 2021 года Мікіту Емяльянава змяшчалі ў карцар ці ШІЗА ў агульнай колькасці на 233 сутак — гэта амаль сем месяцаў у нечалавечых умовах без пасцельнай бялізны і штодзённых прагулак. У цяперашні момант хлопец чакае разгляду апеляцыйнай скаргі — палітвязень быў асуджаны паводле арт. 411 КК да дадатковага тэрміна зняволення.

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, 11 траўня ў Мінску быў затрыманы і збіты былы палітвязень Арцём Дубскі — брат палітзняволенага Іллі Дубскага, асуджанага да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам Арцём з 2011 года жыве ў Польшчы, а ў Беларусь цяпер прыехаў наведаць родных. Праз пяць дзён са сваякамі звязаўся следчы па пытанні нанясення А. Дубскаму фізічных калецтваў. Выявілася, што 13 траўня Дубскі быў дастаўлены ў лякарню хуткай дапамогі ў Мінску. Прыкладна ў 0.30 яго туды прывезлі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г. Мінска. Праз дзве гадзіны яны ж яго адтуль забралі. У мужчыны былі зафіксаваны множныя гематомы і пашкоджанні на целе.

Па-ранейшаму з'яўляюцца звесткі пра катаванні затрыманых па крымінальных справах: на судзе палітвязень Сяргей Сакавец заявіў пра збіццё падчас затрымання — ён звярнуўся са скаргай да пракурора. Згодна з ягонымі словамі, адразу яго білі ў машыне, калі затрымалі на працы. Пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіКа патрабавалі, каб ён сказаў: «На каго ты працуеш і навошта вядзеш свой Instagram?» Як расказаў на судзе Сяргей, білі дубінкай і кулакамі па галаве. Потым вывелі з машыны і білі ў пад'ездзе, дзе жыве Сяргей, патрабавалі пароль і лагін ад Instagram. Таксама білі па рэбрах, а пасля ператрусу ў ГУБАЗіКу «адзін біў вышэй за калені па мышцах кулаком». На суд і пракурора -дзяржаўнага абвінаваўцу гэтая інфармацыя ўражання не зрабіла, расследаванне катаванняў не арганізоўвалася.

Па-ранейшаму не расследаваны жахлівыя выпадкі катаванняў, якія зрабіліся шырока вядомымі і пра якія раней заяўлялі палітзняволеныя.

Парушэнне стандартаў справядлівага суда

У будынку гродзенскай турмы 18 траўня распачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святаром Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і ейным сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегурам і Паўлам Савам. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць паводле больш як 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. На судовае пасяджэнне пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч утрымліваюць у асобных клетках — «стаканах» — у зале суда.

30 траўня ў Мінскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд 37-гадоваму Вячаславу Малейчуку за арганізацыю 25 сакавіка 2021 года актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Мінск. Яго абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Суд доўжыўся ў закрытым рэжыме тры тыдні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства