viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-05-02T13:46:05+0300 2022-05-02T14:25:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster2_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

«Вясна» прыняла ўдзел у Чарнобыльскім Шляху

26 красавіка ў Вільні адбыўся мітынг і Чарнобыльскі шлях, прысвечаны 36 гадавіне трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета актуальнасць Шляху заўважная як ніколі, а экалагічны парадак дня пераплёўся з антываенным.

Праваабаронцы «Вясны» таксама прынялі ўдзел у мерапрыемстве, бо 26 красавіка – гэта і дзень заснавання арганізацыі, якая абараняе правы чалавека ужо 26 год запар. Прадстаўніца “Вясны” Дзіяна Пінчук падчас выступу ўзгадала зняволеных калегаў і сказала:

«На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1142 палітычных зняволеных. Гэтая лічба расце амаль штодзённа. І праваабаронцы не спыняць сваёй дзейнасці, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя, а справядлівасць не адновіцца».

"Праваабаронцы не спыняць сваёй дзейнасці, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя". "Вясна" далучылася да Чарнобыльскага шляху

26 красавіка ў Вільні адбыўся мітынг і Чарнобыльскі шлях, прысвечаны 36 гадавіне трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Ініцыятарам гэтага традыцыйнага шэсця выступіў Экадом.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, якога ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за 9 месяцаў, павіншваў сваіх калегаў і каляжанак з-за кратаў:

«Дарагія сябры!

Віншую нас усіх з нашай 26 гадавінай! Для нас гэта вялікі ўзрост, шмат чаго мы зведалі за гэты час, шмат выпрабаванняў прайшлі і яшчэ пройдзем! Перакананы, што мы абавязкова сустрэнемся, абдымемся і будзем крочыць гэтым шляхам разам далей!

Ваш Валянцін». 

pashtouka_26god.jpg
Паштоўка ад Валянціна Стэфановіча

Да віншаванняў "Вясны" з 26-годдзем далучыліся шматлікія беларускія няўрадавыя арганізацыі і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці. 

“Вы – тая сіла, якая рухае Беларусь наперад!” Праваабарончаму цэнтру “Вясна” – 26 год

26 красавіка сваё 26-годдзе адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дапамагаць затрыманым і іх сем’ям.

А 28 красавіка ў Беларускім доме ў Вільні ў межах курсаў «Мова Нанова» адбылася лекцыя «Праваабаронцы».

Прадстаўніца «Вясны» Дар'я Рублеўская ў інтэрактыўнай форме распавяла прысутным, хто такія праваабаронцы, чым яны займаюцца, як узнік ПЦ «Вясна» 26 года таму і чаму зараз за кратамі знаходзіцца сем прадстаўнікоў арганізацыі.

mova_nanova_1.jpg
Удзельнікі "Мова Нанова" ў Вільні. Фота "Мова Нанова"

Індэкс «Права пісаць» ад PEN America

PEN America выпусціў трэцяе выданне штогадовага Індэксу «Права пісаць» (Freedom to Write Index), у якім прыводзіцца падлік пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, што ўтрымліваліся ў турмах ці пад вартай на працягу 2021 года ў сувязі з іх пісьменніцкай дзейнасцю ці рэалізацыяй іншым чынам свайго права на свабоду выказвання меркавання.

У 2021 годзе ў Беларусі прынамсі 10 пісьменнікаў і прадстаўнікоў грамадскай інтэлігенцыі знаходзіліся ў турме — сярод іх і старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкагаі юрыста Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

У Мінскім гарадскім судзе 25 красавіка распачаўся суд над адразу дзесяццю палітзняволенымі — каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранцам, Андрэем Марачам, Данілам Чулем.

Напачатку працэса Андрэй Чапюк заявіў адвод суддзі Сяргею Хрыпачу, бо суд не прадставіў яму магчымасці азнаёміцца з некаторымі матэрыяламі справы. Аднак народныя засядацелі, якія ўдзельнічаюць у працэсе, адхілілі заяўлены адвод.

Пракурор Андрэй Бугук заявіў хадайніцтва аб слуханні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, паколькі «ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці».

Усе палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу.  Марфа Рабкова заявіла: «Катэгарычна супраць».

Нягледзячы на гэта, суддзя Сяргей Хрыпач, параіўшыся на месцы, задаволіў хадайніцтва пракурора і вырашыў закрыць суд па справе дзесяці палітзняволеных. Усіх прысутных выгналі з залі суда.

У Мінску распачаўся суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі

Агулам, у гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы крымінальнай справы складаюць 160 тамоў. «Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд. 

Кафкіянскія абвінавачванні ў адрас супрацоўнікаў «Вясны» напярэдадні яе 26-й гадавіны

Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый выступілі з заявай у падтрымку Марфы Рабковой і Андрэя Чапюка, суд над якімі пачаўся за дзень да 26-й гадавіны «Вясны».

«Марфа Рабкова заклікала валанцёраў займацца праваабарончай дзейнасцю, каардынавала назіранне за выбарамі і мірнымі акцыямі пратэсту, дапамагала збіраць і адносіць перадачы для палітвязняў. За апошнія 19 месяцаў утрымання пад вартай здароўе Марфы рэзка пагоршылася праз адсутнасць адэкватнай медыцынскай дапамогі».

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка
Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

У адным са сваіх лістоў на волю Марфа Рабкова распавяла пра тое, што адчувала ў першы дзень судовага паседжання над ёй:

«Калі ехала ў аўтазаку, то думала пра тое, дзе мы праязджаем мой дом. Горка ад гэтых думак. Але я супакойвала сябе фразай: усё, што нас не забівае, робіць мацней. І яшчэ я ціхенька спявала "Купалінку", каб не было страшна.

У судзе, калі апынулася і ўбачыла шмат людзей, мне так захацелася дадому. Проста ўзяць і выйсці за дзверы. І ў мяне было пачуццё, быццам і не было гэтых 19 турэмных месяцаў, што ўсё гэта мне прыснілася. Але гэта таксама былі горкія думкі. Трэба перажыць і вытрываць гэты цяжкі перыяд».

«Вольныя паштоўкі» выпусцілі новыя паштоўкі да 26-годдзя «Вясны» з малюнкамі Марфы Рабковай

Паштоўкі з малюнкамі Марфы Рабковай. Фота

Вы можаце даслаць іх палітвязням. Каб атрымаць паштоўкі, зрабіце данат ад 5 еўра, дашліце чэк ініцыятыве ў сацсетках і напішыце адрас. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

За мінулы тыдзень не  было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніда Судаленкі. Вядома, што дагэтуль да яго не дапускаюць адваката. 

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Пасля пераводу ў калонію ад валанцёркі з Рэчыцы Таццяны Ласіцы лісты даходзяць толькі яе бацьку.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства